Вершы (на белорусском языке). Марина Ивановна Цветаева * * * Любасць адкуль жа такая? Не першы раз лашчу скронi, Вуснамi вусны чакаю, I ад вясны ў палоне. Святлелi i гаслi ночы. (Любасць адкуль жа такая?), Святлелi i гаслi вочы: З iмi сустрэч шукаю. Песня слязу выракала. Ноч па вуголлi хадзiла. (Любасць адкуль жа такая?) Голас твой разбудзiла. Любасць адкуль жа такая? I што з ёй рабiць, спявача, Каб яна век не змаўкала З вейкамi твайго плачу?! 18 лютага 1916 * * * Жнiвень - астры, Жнiвень - зоркi, Жнiвень - гронкi Вiнаграду i рабiн Iржавых - жнiвень! Паўнаважным, дабрадзейным Яблыкам сваiм iмперскiм, Як дзiця, гуляеш, жнiвень, Як далонню, гладзiш сэрца Iменем сваiм iмперскiм: Жнiвень! - Сэрца! Месяц познiх пацалункаў, Лiўняў i маланак познiх! Лiўняў зорных Жнiвень! - Месяц Лiўняў зорных! 7 лютага 1917 * * * А ў лоб цалаваць - турботы ўсе зняць. Я ў лоб цалую. Вачэй не мiнаць - бяссоння не знаць. Я ў вочы цалую. Губы шукаць - калодзеж капаць. Я ў губы цалую. У лоб цалаваць - памяць суняць. Я ў лоб цалую. 5 чэрвеня 1917 * * * Палюбiў багаты - бедную, А вучоны - ды без розуму, Палюбiў румяны - бледную, А харошы - сэрцам грозную: Залатар - паўгроша меднага. - Дзе ж, купец, сляды раскошы той? "На дзiравым донцы кошыка!" - Дзе ж, гардлiвец, плён навучанькi? "У дзявочых ласках-ручаньках!" - Дзе ж, хлапчына, шчок чырвоных жар? "Растапiў за ноч вачэй пажар!" - З ланцужком дзе ж крыжык срэбненькi? "Пад абцасамi ды ў дзеванькi!" __________ Не любi, багаты, - бедную, А вучоны - ды без розуму, Не любi, румяны, - бледную, А харошы, - сэрцам грозную: Залатар - паўгроша меднага! 21-26 траўня 1918 * * * С.Э. Пiсала я на грыфельных брусках, На веерах, з лiстотай, ледзь жывою, Каля ракi, ля мора - на пясках, На лёдзе-шкле - пярсцёнкамi зiмою, I на ствалiнах векавых рабiн... Нарэшце - каб было для ўсiх вядома! Што ты: мой любы, любенькi й адзiн! Пiсала я вясёлкамi i громам. Я так хацела, каб найкожны лёс Квiтнеў, як ружы ў веснавых далонях! I як пасля - твар баранiўся слёз, Тваё iмя - пульсiравала ў скронях... Яно ў руцэ - прадажненькiм пiсьмом Так сцiснута, што болем сэрца джалiць! Не ў куплi! Знай! Як дар - пярсцёнак мой Сябе ўратуе й на скрыжалях. 18 траўня 1920 Пераклала Валянцiна Аколава