Сайт продается, подробности: whatsapp telegram
Скачать:TXTPDF
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)

забойцу? — тут доктар завярнуўся i кiнуў позiрк на жанчыну ў белым халаце, якая сядзела збоч за столiкам. Тая дастала лiст з шуфлядкi i пачала запаўняць пустыя мясцiны ў графах.

— Меры вось якiя. Узяў я на кухнi свечачку…

— Вось гэту? — спытаўся доктар i паказаў на паломаную свечку, якая ляжала побач з iконкай на стале перад жанчынаю.

— Гэтую i…

— А навошта iконка?

— Ага, i iконка… — Iван пачырванеў, — iконка больш за ўсё i спалохала, ён зноў пальцам паказаў на Рохiна, — але справа ў тым, што ён, кансультант, ён, скажам шчыра… знаецца з нячыстаю сiлаю… i проста так яго не зловiш.

Санiтары чамусьцi выцягнулi рукi па швах i не спускалi вачэй з Iвана.

— Ага, — працягваў Iван, — знаецца! Тут факт бясспрэчны. Ён асабiста з Понцiем Пiлатам размаўляў. Ды не глядзiце вы гэтак на мяне! Праўду гавару! Усё бачыў — i балкон, i пальмы! Быў, адным словам, у Понцiя Пiлата, я ручаюся.

— Ну, ну…

— Ну, значыць, я iконку на грудзi прычапiў i пабег…I тут гадзiннiк ударыў двойчы.

— Эге, — усклiкнуў Iван i ўстаў з канапы, — дзве гадзiны, а я з вамi час марную! Я прашу прабачэння, дзе тэлефон?

— Прапусцiце да тэлефона, — загадаў доктар санiтарам.

Iван схапiў слухаўку, а жанчына тым часам спыталася ў Рохiна:

— Жанаты ён?

— Халасцяк, — спалохана адказаў Рохiн.

— Сябра прафсаюза?

— Ага.

— Мiлiцыя? — закрычаў Iван у слухаўку. — Мiлiцыя? Таварыш дзяжурны, загадайце зараз жа, каб выслалi пяць матацыклiстаў з кулямётамi лавiць замежнага кансультанта. Што? Заязджайце па мяне, я сам з вамi паеду… Гаворыць паэт Iван Бяздомны з вар’яцкага дома… Якi ваш адрас? — шэптам спытаўся Бяздомны ў доктара, прыкрыўшы слухаўку далонню, а потым зноў закрычаў у слухаўку: — Вы слухаеце? Алё!.. Бесталач! — раптам зароў Iван i ляпнуў слухаўку аб сцяну. Потым ён завярнуўся да доктара, падаў руку, суха сказаў «да пабачэння» i сабраўся iсцi.

— Злiтуйцеся, куды ж вы хочаце iсцi, — загаварыў доктар, гледзячы Iвану ў вочы, — апоўначы, у адной бялiзне… Вы сябе дрэнна адчуваеце, застаньцеся ў нас!

— Прапусцiце, — сказаў Iван санiтарам, якiя заступiлi дзверы. — Прапусцiце вы цi не? — страшным голасам крыкнуў паэт.

Рохiн затрымцеў, а жанчына нацiснула на кнопачку ў стале, i на яго блiскучую паверхню выскачыла блiскучая каробачка i запаяная ампула.

— Ах, так?! — дзiка i зацкавана прамовiў Iван i азiрнуўся. — Ну ладна! Бывайце… — i галавою ён кiнуўся ў акно. Пачуўся ўдар, але спецыяльнае шкло вытрымала, i праз iмгненне Iван выкручваўся ў руках у санiтараў. Ён хрыпеў, спрабаваў кусацца, крычаў:

— Дык вось якiя вы шкельцы ў сябе завялi!.. Пусцi!.. Пусцi, кажу!

Шпрыц блiснуў у руках у доктара, жанчына адным узмахам разарвала рукаў талстоўкi i ўчапiлася ў руку з нежаночаю сiлаю. Запахла эфiрам, Iван аслаб у руках у чатырох чалавек, i спрытны доктар выкарыстаў гэты момант, укалоў iголку ў Iванаву руку. Iвана патрымалi яшчэ некалькi хвiлiн, потым паклалi на канапу.

— Бандыты, — закрычаў Iван i ўсхапiўся з канапы, але яго пасадзiлi. Як толькi адпусцiлi, ён зноў падхапiўся, але назад ужо сеў сам. Ё? памаўчаў, дзiкавата азiрнуўся, потым нечакана пазяхнуў, потым злосна ўсмiхнуўся.

— Упяклi ўсё ж, — сказаў ён, пазяхнуўшы яшчэ раз, нечакана прылёг, галаву паклаў на падушку, кулак па-дзiцячы пад шчаку, замармытаў ужо сонным голасам, нязлосна: — Ну што ж, добра… самi ж за ўсё i расплацiцеся. Я папярэдзiў, а там як хочаце! Мяне ж зараз найбольш цiкавiць Понцiй Пiлат… Пiлат… — i ён заплюшчыў вочы.

— Ванну, сто семнаццатую асобную i пост да яго, — загадаў доктар, надзяваючы акуляры.

Тут Рохiн зноў здрыгануўся: нячутна адчынiлiся белыя дзверы, за iмi быў вiдаць калiдор, асветлены сiнiмi начнымi лямпачкамi. З калiдора выехала на гумавых колах канапа, на яе пераклалi зацiхлага Iвана, i дзверы за iмi замкнулiся.

— Доктар, — шэптам спытаў уражаны Рохiн, — ён што, сапраўды хворы?

— Вядома, — адказаў доктар.

— I што ж гэта з iм? — спалохана спытаў Рохiн.

Стомлены доктар паглядзеў на Рохiна i вяла адказаў:

— Рухальнае i моўнае ўзбуджэнне… лiхаманкавыя iнтэрпрэтацыi… выпадак, вiдаць, цяжкi… Шызафрэнiя, мабыць. I да ўсяго гэтага алкагалiзм…

Рохiн зразумеў са сказанага доктарам, што справа ў Iвана Мiкалаевiча дрэнь, уздыхнуў i спытаўся:

— А што гэта ён усё пра нейкага кансультанта гаварыў?

— Бачыў, мабыць, некага, хто надта ўразiў яго хворае ўяўленне. А можа, i галюцынацыi…

Праз некалькi хвiлiн грузавiк iмчаў Рохiна ў Маскву. Свiтала, i святло не патушаных на шашы лiхтароў было ўжо непатрэбнае i непрыемнае. Шафёр злаваўся, што змарнавана ноч, гнаў машыну хутка, i яе заносiла на паваротах.

Вось i лес адпаў, застаўся недзе ззаду, i рэчка адышла некуды ўбок, насустрач грузавiку сыпалася рознае: нейкiя платы з вартаўнiчымi будкамi i штабелi дроў, высозныя валуны i нейкiя мачты, а на iх нанiзаныя катушкi, кучы каменнага друзу, зямля, парэзаная канавамi, — адным словам, адчувалася, што вось яна, Масква, побач, недзе за чарговым паваротам, i зараз навалiцца, абхопiць.

Рохiна калацiла i падкiдала нейкая калодка, на якой ён прымасцiўся, вылузвалася з-пад яго. Рэстарацыйныя ручнiкi, што падкiнуў мiлiцыянер, якi раней ад’ехаў на тралейбусе разам з Панцялеем, коўзалiся па ўсiм кузаве. Рохiн паспрабаваў iх спачатку сабраць, але потым чамусьцi злосна прашыпеў: «Ну iх к чорту! Чаго я, на самай справе, кручуся, як дурань?..» — адкiнуў iх нагой i не глядзеў туды болей.

Настрой у яго быў жахлiвы. Наведванне журботнага дома пакiнула ў душы цяжкi след. Рохiн спрабаваў зразумець, што яго мучыць. Калiдор з сiнiмi лямпачкамi, якi ўрэзаўся ў памяць? Думка пра тое, што горшае бяды, чым вар’яцтва, няма на свеце? Вядома, i гэта ўсё. Але яно так — агульная думка. А вось яшчэ ёсць нешта. Што ж гэта? Крыўда, вось што. Ага, крыўдныя словы, якiя сказаў Бяздомны проста ў вочы. I бяда не ў тым, што яны крыўдныя, а ў тым, што гэта праўда.

Паэт не глядзеў болей па баках, а ўпёрся позiркам у падлогу, дрыготкую i брудную, пачаў нешта мармытаць, ныць, нiшчыць самога сябе.

Ну, вершы… Яму — трыццаць два гады! А сапраўды, што ж будзе далей? I далей ён будзе выдумляць па некалькi вершаў у год. Да старасцi? Ага, да старасцi. Што ж дадуць яму гэтыя вершы? Славу? «Глупства! Хоць сам сябе не абманвай. Нiколi не будзе славы ў таго, хто выдумляе недарэчныя вершыкi. Чаму недарэчныя? Праўда, праўда сказана! — бязлiтасна пераконваў сябе Рохiн, — не веру я нiчому з таго, што пiшу!..»

Атручаны выбухам неўрастэнii, паэт гайдануўся, падлога перад iм перастала трэсцiся. Рохiн падняў галаву i ўбачыў, што ён даўно ўжо ў Маскве i што над Масквою ранiца, што воблака падсвечана золатам, што грузавiк яго спынiўся ў калоне разам з iншымi ля павароту на бульвар i што блiзенька ад яго стаiць на пастаменце металiчны чалавек з ледзь нахiленай галавой i абыякава глядзiць на бульвар.

Нейкiя дзiўныя думкi хлынулi ў голаў захварэламу паэту. «Вось прыклад сапраўднае ўдачы… — тут Рохiн устаў у кузаве i руку падняў, напаў чамусьцi на чалавека, якi нiколi нiкога не чапаў, — куды б не ступiў ён у жыццi, што толькi не здаралася з iм, усё яму на карысць было, усё ператваралася ў славу! Ну што ён зрабiў? Я не разумею… Ну што асаблiвае ў гэтых словах: «Буря мглою…»? Не разумею!.. Пашанцавала, пашанцавала! — злосна падсумаваў Рохiн i адчуў, што грузавiк пад iм варухнуўся, — страляў, страляў у яго гэты белагвардзеец, разбiў бядро i забяспечыў несмяротнасць…»

Калона рушыла. Зусiм хворы i нават пастарэлы паэт не болей чым праз дзве хвiлiны ўваходзiў на веранду Грыбаедава. Яна ўжо апусцела. У куце дапiвала нейкая кампанiя, у цэнтры яе мiтусiўся знаёмы канферансье ў цюбецейцы i з бакалам «Абраў» у руцэ.

Рохiн, нагружаны ручнiкамi, быў сустрэты Арчыбальдам Арчыбальдавiчам вельмi прыязна i адразу ж пазбаўлены ад праклятых ануч. Калi б Рохiн не быў гэтак змучаны клiнiкаю i грузавiком, ён, мабыць, з задавальненнем расказаў бы пра тое, як усё адбывалася ў лячэбнiцы, упрыгожыў бы гэты расказ выдуманымi падрабязнасцямi. Але цяпер яму было не да гэтага i, акрамя ўсяго, хаця Рохiн i не быў нiколi назiральным, — цяпер, пасля пакут на грузавiку, ён упершыню як след прыгледзеўся да пiратавага твару i зразумеў, што хоць той i пытаецца пра Бяздомнага, i нават аяяйкае, але на самай справе зусiм абыякавы да лёсу Бяздомнага i абсалютна не шкадуе яго. «I малайчына! I правiльна!» — з цынiчнаю самазнiшчальнаю злосцю падумаў Рохiн, абарваў расказ пра шызафрэнiю i папрасiў:

— Арчыбальд Арчыбальдавiч, гарэлачкi б мне…

Пiрат зрабiў спачувальны твар, шапнуў:

— Разумею… адну хвiлiнку… — махнуў афiцыянту.

Праз чвэрць гадзiны Рохiн, зусiм адзiн, сядзеў, сагнуўшыся над рыбцом, глушыў кiлiшак за кiлiшкам, разумеў i прызнаваў, што паправiць хоць што-небудзь у жыццi ўжо нельга, можна толькi пра ўсё забыць i не думаць.

Паэт змарнаваў ноч, пакуль iншыя весялiлiся, i цяпер разумеў, што вярнуць яе нельга. Варта толькi было падняць галаву ад лямпы ўгору на неба, каб зразумець, што ноч страчана назаўсёды. Афiцыянты спехам зрывалi настольнiкi са сталоў. У катоў, якiя шнырылi ля веранды, быў ранiшнi выгляд. На паэта няўмольна навальваўся дзень.

Раздзел 7

НЯЧЫСТАЯ КВАТЭРА

Калi б на наступную ранiцу Сцёпу Лiхадзееву сказалi такое: «Сцёпа! Цябе расстраляюць, калi ты зараз жа не ўстанеш!» Сцёпа адказаў бы ледзь чутным голасам: «Расстрэльвайце, рабiце са мною што хочаце, але я не ўстану».

Не тое што ўстаць, — яму здавалася, што ён нават вочы не можа расплюшчыць, таму што калi ён гэта зробiць, блiсне маланка i галаву адразу ж разнясе на кавалкi. У гэтай галаве гудзеў цяжкi звон, мiж вочнымi яблыкамi i заплюшчанымi павекамi плылi карычневыя плямы з вогненна-зялёнымi абадкамi, у дадатак да ўсяго нудзiла i чамусьцi здавалася, што нуджэнне гэтае звязана з гукамi нейкага назойлiвага патэфона.

Сцёпа стараўся нешта ўспомнiць, але памяталася толькi адно — што, здаецца, учора i невядома дзе ён стаяў з сурвэткаю ў руцэ i намагаўся пацалаваць руку нейкай панi i адначасна абяцаў ёй, што назаўтра, роўна апоўднi, ён прыйдзе да яе ў госцi. Панi адмаўлялася ад гэтага, гаварыла: «Не, не, мяне не будзе дома!» — Сцёпа ўпарта настойваў на сваiм: «А я вось вазьму i прыйду!»

Нi якая гэта была панi, нi колькi зараз гадзiн, нi якая дата i якi месяц Сцёпа зусiм не ведаў i, што горш за ўсё, нават не мог зразумець, дзе ён знаходзiцца. Ён пастараўся высветлiць хаця б гэта i таму

Скачать:TXTPDF

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать бесплатно, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать онлайн