Сайт продается, подробности: whatsapp telegram
Скачать:TXTPDF
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)

слове «iнтурыст» Iвану адразу ж успомнiўся ўчарашнi кансультант. Iван затуманiўся, паглядзеў з-пад iлба i сказаў:

— Iнтурысты!.. Як вы ўсе на iнтурыстаў молiцеся! А сярод iх, мiж iншым, розныя трапляюцца. Я, напрыклад, учора з такiм пазнаёмiўся, што люба-дорага!

I ледзь не пачаў расказваць пра Понцiя Пiлата, але стрымаўся, бо зразумеў, што жанчыне гэтыя расказы не трэба, што ўсё роўна дапамагчы яму яна не зможа.

Памытаму Iвану Мiкалаевiчу адразу ж было выдадзена ўсё, што патрэбна мужчыну пасля ванны: адпрасаваная кашуля, кальсоны, шкарпэткi. Але гэтага мала: жанчына адчынiла дзверы шкафчыка, паказала ў глыб яго i спыталася:

— Што хочаце адзець — халацiк альбо пiжаму?

Прымацаваны да новага месца жыхарства сiлком, Iван ледзь рукамi не ўспляснуў ад разбэшчанасцi жанчыны i моўчкi ткнуў пальцам у пiжаму з пунсовай байкi.

Пасля гэтага Iвана павялi па пустым i глухiм калiдоры i прывялi ў велiзарны па памерах кабiнет. Iван, якi вырашыў, што будзе адносiцца да ўсяго, што ёсць у гэтым надзiва абстаўленым будынку, iранiчна, тут жа ахрысцiў кабiнет «фабрыкай-кухняй».

I было за што. Тут стаялi шафы i шкляныя шафачкi з блiскучымi нiкiляванымi iнструментамi. Былi крэслы надзвычай складанай канструкцыi, нейкiя пузатыя лямпы з блiскучымi каўпакамi, многа шклянак, i газавыя гарэлкi, i электрычныя правады, i зусiм нiкому не вядомыя прыборы.

У кабiнеце за Iвана ўзялiся ўтраiх — дзве жанчыны i адзiн мужчына, усе ў белым. Найперш Iвана павялi ў куток, за столiк, з яўным намерам нешта ў яго выпытаць. Iван пачаў думаць пра сваё становiшча. Перад iм былi тры шляхi. Надзвычай спакушаў першы: кiнуцца на гэтыя лямпы i мудрагелiстыя рэчы i ўсе к д’яблу пабiць i паламаць i такiм чынам выказаць свой пратэст за тое, што яго дарэмна трымаюць тут. Але сённяшнi Iван ужо ў многiм адрознiваўся ад Iвана ўчарашняга, i першы варыянт здаўся яму сумнiцельным: чаго добрага, яны ўваб’юць сабе ў голаў, што ён вар’ят. Таму першы шлях Iван адмёў. Быў i другi шлях: адразу ж пачаць расказваць пра кансультанта i Понцiя Пiлата. Аднак учарашнi вопыт паказаў, што гэтаму расказу не вераць альбо ўспрымаюць яго неяк наадварот. Таму Iван i ад гэтага шляху адмовiўся, вырашыў выбраць трэцi: адгарадзiцца ганарлiвым маўчаннем.

Цалкам гэта ажыццявiць не ўдалося, хочаш не хочаш, а давялося адказваць, хаця i скупа i панура, на многа пытанняў.

У Iвана распыталiся пра ўсё яго ранейшае жыццё, аж да таго, калi i як ён хварэў на скарлатыну гадоў пятнаццаць назад. Спiсалi ўслед за Iванам цэлую старонку, перагарнулi яе, i жанчына ў белым перайшла да роспытаў пра сваякоў. Пачалася цэлая мiтрэнга: хто памёр, калi ды ад чаго, цi пiў, цi хварэў венерычнымi хваробамi i ўсё ў гэтым плане. Пад канец папрасiлi расказаць пра ўчарашняе здарэнне на Патрыярхавых сажалках, але не надта прыдзiралiся, паведамленню пра Понцiя Пiлата не здзiўлялiся.

I тут жанчына аддала Iвана мужчыну, i той узяўся за яго iнакш, нi пра што больш не распытваўся. Ён памераў тэмпературу, палiчыў пульс, паглядзеў Iвану ў вочы, свецячы ў iх нейкай лямпачкай. Потым на дапамогу прыйшла другая жанчына, i Iвана калолi нечым небалючым у спiну, малявалi ручкай малаточка ў яго на грудзях, стукалi малаточкам па каленях, ад чаго ногi ў Iвана падскоквалi, калолi палец i бралi з яго кроў, калолi ля локця, надзявалi на рукi нейкiя гумавыя бранзалеты.

Iван толькi горка ўсмiхаўся сам сабе i думаў пра тое, як усё недарэчна атрымалася. Падумаць толькi! Хацеў усiх папярэдзiць пра небяспеку, якую ўяўляе незнаёмы кансультант, сабраўся злавiць яго, а дабiўся толькi таго, што трапiў у нейкi таямнiчы кабiнет, каб расказваць рознае глупства пра дзядзьку Федзю, запойнага п’янiцу ў Волагдзе. Зусiм недарэчна!

Нарэшце Iвана адпусцiлi. Яго прывялi назад у свой пакой, дзе ён атрымаў кубачак кавы, два яйкi ўсмятку i белы хлеб з маслам.

Iван з’еў i выпiў пададзенае i рашыў дачакацца галоўнага ў гэтай установе i ўжо ў гэтага галоўнага дамагчыся ўвагi i справядлiвасцi.

I ён дачакаўся яго. I даволi хутка пасля снедання. Нечакана адчынiлiся дзверы ў пакой, i ўвайшло шмат людзей у белых халатах. Наперадзе iшоў, старанна, артыстычна, паголены чалавек гадоў сарака пяцi, з прыемнымi, але вельмi ж пранiклiвымi вачыма i далiкатнымi манерамi. Уся свiта дэманстравала павагу i ўвагу да яго, i ўваход яго таму атрымаўся нейкi нават урачысты. «Як Понцiй Пiлат!» — падумалася Iвану.

Так, гэта несумненна быў галоўны. Ён сеў на табурэтку, а ўсе засталiся стаяць.

— Доктар Стравiнскi, — назваўся ён i паглядзеў дружалюбна.

— Вось, Аляксандар Мiкалаевiч, — цiха сказаў нехта з акуратнаю бародкаю i падаў галоўнаму з двух бакоў спiсаны Iванаў лiст.

«Цэлую справу сшылi!» — падумаў Iван. А галоўны прывычна прабег вачыма па паперы, прамармытаў: «Угу, угу…», перакiнуўся са свiтай некалькiмi сказамi на незнаёмай мове.

«I па латынi, як Пiлат, гаворыць…» — сумна падумаў Iван. Але тут адно слова прымусiла яго здрыгануцца, i гэта слова было «шызафрэнiя» — яшчэ ўчора вымаўленае праклятым чужаземцам на Патрыярхавых сажалках, а сёння паўторанае тут прафесарам Стравiнскiм.

«I гэта ведаў!» — трывожна падумаў Iван.

Галоўны, вiдаць, меў за правiла згаджацца з усiмi i радавацца ўсяму, што яму толькi не гавораць, i выказваць свае адносiны словамi «слаўна, слаўна…».

— Слаўна! — сказаў Стравiнскi, вярнуў некаму аркуш i звярнуўся да Iвана: Вы — паэт?

— Паэт, — панура адказаў Iван i ўпершыню раптам адчуў нейкую агiду да паэзii, i тыя свае вершы, якiя ўспомнiлiся зараз, здалiся нечым непрыемным.

Ён зморшчыў твар i ў сваю чаргу спытаўся ў Стравiнскага:

— Вы — прафесар?

У адказ на гэта Стравiнскi загадзя далiкатна нахiлiў голаў.

— I вы — тут галоўны? — працягваў Iван.

Стравiнскi ў адказ i на гэта пакланiўся.

— Мне трэба з вамi пагаварыць, — шматзначна сказаў Iван Мiкалаевiч.

— Я для гэтага i прыйшоў, — адазваўся Стравiнскi.

Справа вось у чым, — пачаў Iван, адчуваючы, што прыйшоў яго час, — мяне ненармальным зрабiлi, i нiхто не хоча слухаць!..

— Не, мы выслухаем вас вельмi ўважлiва, — сур’ёзна i з супакаеннем сказаў Стравiнскi, — у ненармальныя вас запiсваць нiколi не дазволiм.

— Тады слухайце: учора вечарам я на Патрыярхавых сажалках сустрэўся з таямнiчаю асобаю, чужаземцам цi нечужаземцам, якi зараней ведаў пра смерць Берлiёза i асабiста бачыў Понцiя Пiлата.

Свiта маўклiва, нават не варухнулася, слухала паэта.

— Пiлата? Пiлат, гэта — якi жыў пры Iсусе Хрысце? — прыжмурыўся на Iвана i спытаўся Стравiнскi.

— Той самы.

— Ага, — сказаў Стравiнскi, — а гэты Берлiёз загiнуў пад трамваем?

— Вось яго ўчора пры мне i зарэзала трамваем на Патрыярхавых, прычым гэты загадкавы грамадзянiн…

— Знаёмы Понцiя Пiлата? — спытаў Стравiнскi, якi, вiдаць, быў кемлiвы.

— Менавiта ён, — пацвердзiў Iван, вывучаючы Стравiнскага, — дык вось ён i сказаў, што Анечка разлiла алей… А ён i паслiзнуўся якраз на тым месцы! Як вам гэта падабаецца? — шматзначна запытаўся Iван, спадзеючыся на вялiкi эфект ад сваiх слоў.

Але эфекту не было, i Стравiнскi зусiм проста папытаўся далей:

— А хто ж гэтая Анечка?

Гэтае пытанне крыху расчаравала Iвана, твар яго перасмыкнуўся.

— Анечка тут не галоўнае, — прамовiў ён i захваляваўся, — бог яе ведае, хто яна такая. Проста нейкая дурнiца з Садовае. А важна тое, што ён зараней, разумееце, зараней ведаў пра алей! Вы разумееце!

— Цудоўна разумею, — сур’ёзна сказаў Стравiнскi, дакрануўся да паэтавага калена i дадаў: — Не хвалюйцеся i працягвайце.

— Працягваю, — сказаў Iван i стараўся трапiць у лад Стравiнскаму, ведаючы з горкага вопыту, што толькi вытрымка дапаможа яму. — Дык вось, гэты страшны тып, а ён хлусiць, што ён кансультант, валодае нейкаю незвычайнаю сiлаю… Напрыклад, за iм гонiшся, а дагнаць не можаш. Ды з iм яшчэ парачка, i таксама прыгажуны свайго роду: нейкi доўгi з пабiтымi шкламi i, акрамя таго, неверагодных памераў кот, якi сам ездзiць у трамваi. Акрамя ўсяго, — Iвана нiхто не перабiваў, i ён пачаў гаварыць з усё большым запалам i пераконанасцю, — ён асабiста быў на балконе ў Понцiя Пiлата, у чым няма нiякага сумнення. Дык што ж гэта такое? А? Яго трэба неадкладна арыштаваць, а то ён наробiць бяды, што i не апiсаць!

— Дык вы i дабiваецеся, каб яго арыштавалi? Я вас правiльна зразумеў? спытаўся Стравiнскi.

«Ён разумны, — падумаў Iван, — варта прызнаць, што i сярод iнтэлiгентаў таксама трапляюцца зрэдку разумныя. Гэта нельга адмаўляць!» — i адказаў:

— Правiльна! А як не дабiвацца, самi падумайце! А мяне сiлаю затрымалi тут, суюць лямпаю ў вочы, у ванне купаюць, пра дзядзьку Федзю распытваюць!.. А яго ўжо даўно на свеце няма! Я патрабую, каб мяне неадкладна выпусцiлi.

— Ну што ж, слаўна, слаўна, — адазваўся Стравiнскi, — вось усё i высветлiлася. Сапраўды, якi сэнс трымаць у бальнiцы здаровага чалавека? Добра. Я вас адразу ж выпiшу, калi вы мне скажаце, што вы нармальны. Не дакажаце, а толькi скажаце. Ну, вы нармальны?

Тут запанавала поўная цiшыня, i тоўстая жанчына, якая ранiцай даглядала Iвана, паглядзела на прафесара, як на бога, а Iван яшчэ раз падумаў: «Праўда, разумны».

Прапанова прафесара яму спадабалася вельмi, аднак перш чым адказаць яму, ён добра падумаў, наморшчыўшы лоб, i сказаў цвёрда:

— Я — нармальны.

— Ну вось i слаўна, — аблегчана ўздыхнуў Стравiнскi, — а калi так, то давайце думаць лагiчна. Возьмем ваш учарашнi дзень, — тут ён завярнуўся, i яму адразу ж падалi Iванаў аркуш. — У пошуках невядомага чалавека, якi назваўся чужаземцам, знаёмым Понцiя Пiлата, вы ўчора ўчынiлi наступнае, — тут Стравiнскi пачаў загiнаць доўгiя пальцы, пазiраў то на паперу, то на Iвана, павесiлi на грудзi iкону. Было?

Было, — панура згадзiўся Iван.

— Упалi з плота, абабiлi твар. Так? З’явiлiся ў рэстарацыю з запаленаю свечкаю ў руцэ i ў адной бялiзне, а ў рэстарацыi збiлi некага. Прывезлi вас сюды звязанага. Адсюль вы тэлефанавалi ў мiлiцыю i патрабавалi прыслаць кулямёты. Потым паспрабавалi выкiнуцца з акна. Так? Спытаю: цi можна такiм чынам каго-небудзь злавiць цi арыштаваць? I калi вы чалавек нармальны, то самi адкажаце — нiколi. Вы хочаце пайсцi адсюль? Калi ласка. Але дазвольце запытацца, куды накiруецеся?

— Вядома, у мiлiцыю, — адказаў Iван i ўжо не гэтак упэўнена i цвёрда адчуваў сябе ад прафесарскага позiрку.

— Адразу адсюль?

— Угу.

— А на кватэру сваю не заедзеце? — хутка спытаўся Стравiнскi.

— Няма часу туды заязджаць! Пакуль я па кватэрах буду раз’язджаць, ён змыецца!

— Так. А што ж вы найперш скажаце ў мiлiцыi?

— Пра Понцiя Пiлата, — адказаў Iван Мiкалаевiч, i вочы ў яго затуманiлiся.

— Ну вось i слаўна! — усклiкнуў пакораны Стравiнскi

Скачать:TXTPDF

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать бесплатно, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать онлайн