Сайт продается, подробности: whatsapp telegram
Скачать:TXTPDF
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)

i звярнуўся да таго, што быў з бародкаю, загадаў: — Фёдар Васiльевiч, выпiшы, калi ласка, грамадзянiна Бяздомнага ў горад. Але гэты пакой не займаць, бялiзну можна не мяняць. Праз дзве гадзiны грамадзянiн Бяздомны будзе зноў тут. Ну што ж, звярнуўся ён да паэта, — поспеху вам жадаць не буду, таму што ў поспех нi кропелькi не веру. Да хуткай сустрэчы! — I ён устаў, i свiта яго варухнулася.

— А чаму я буду зноў тут? — трывожна спытаўся Бяздомны.

Стравiнскi быццам i чакаў гэтага пытання, адразу ж сеў i загаварыў:

— А таму, што як толькi вы з’явiцеся ў мiлiцыю ў кальсонах i скажаце, што бачылiся з чалавекам, якi асабiста ведаў Понцiя Пiлата, — вас iмгненна прывязуць сюды, i вы зноў апыняцеся ў гэтым самым пакоi.

— Пры чым тут кальсоны? — разгублена азiраючыся, спытаўся Iван.

— Галоўным чынам Понцiй Пiлат. Але i кальсоны таксама. Казённае адзенне мы ж з вас здымем i выдадзiм ваша адзенне. А вас прывезлi ў кальсонах. А мiж тым заехаць дадому вы не збiраецеся, хаця я вам i намякнуў на гэта. Далей будзе Пiлат… i ўсё гатова!

Тут нешта страшнае адбылося з Iванам Мiкалаевiчам, i ён адчуў, што слабы, што яму патрэбна парада.

— Дык што ж рабiць? — спытаўся ён на гэты раз ужо нясмела.

— Ну вось i слаўна! — сказаў Стравiнскi. — Гэта рэзоннае пытанне. Цяпер я скажу вам, што з вамi здарылася. Учора вас нехта моцна ўразiў расказам пра Понцiя Пiлата i iншымi жахамi. I вось вы, нервовы, змучаны чалавек, пайшлi па горадзе з расказамi пра Понцiя Пiлата. Натуральна, што вас прымаюць за вар’ята. Ваш паратунак цяпер толькi ў адным — у поўным спакоi. I вам абавязкова трэба застацца тут.

— Але яго патрэбна злавiць! — з мальбою ўсклiкнуў Iван.

— Добра, але нашто ж самому бегаць? Запiшыце на паперы пра ўсе вашы падазрэннi i абвiнавачаннi гэтага чалавека. Няма нiчога прасцей, чым пераслаць вашу заяву куды трэба, i калi, як вы мяркуеце тут, ён злачынец, гэта высветлiцца даволi хутка. Але адна ўмова: не ператамляйцеся i старайцеся менш думаць пра Понцiя Пiлата. Цi мала чаго можна нарасказваць! Не ўсяму ж трэба верыць.

— Зразумеў! — рашуча заявiў Iван. — Прашу выдаць мне паперу i пяро.

— Выдайце яму паперу i кароценькi аловак, — загадаў Стравiнскi поўнай жанчыне, а Iвану сказаў: — Але сёння пiсаць не раю.

— Не, не, сёння, абавязкова сёння! — устрывожана ўскрыкнуў Iван.

— Ну добра, толькi не напружвайце голаву. Не атрымаецца сёння, атрымаецца заўтра.

— Ён уцячэ!

— Ды не, — упэўнена сказаў Стравiнскi, — ён нiкуды не ўцячэ, ручаюся. I памятайце, што тут вам памогуць, а без гэтага ў вас нiчога не выйдзе. Вы чуеце мяне? — раптам шматзначна сказаў Стравiнскi i ўзяў за абедзве рукi Iвана Мiкалаевiча. Ён трымаў за рукi, глядзеў проста ў вочы i паўтараў: — Вам тут памогуць… вы чуеце мяне?.. Вам тут памогуць… вам тут памогуць… Вам палягчае. Тут цiха, усё спакойна… Вам памогуць…

Iван Мiкалаевiч нечакана пазяхнуў, твар яго падабрэў.

— Ага, ага, — цiха сказаў ён.

— Ну вось i слаўна! — як i звычайна сказаў прафесар, закончыўшы гаворку, устаў. — Да пабачэння! — ён пацiснуў Iвану руку i ўжо на выхадзе завярнуўся да таго, з бародкаю, i сказаў: — Ага, i кiсларод паспрабуйце… i ванны.

Праз некалькi iмгненняў перад Iванам не было нi Стравiнскага, нi свiты. За рашоткаю ў акне пад паўдзённым сонцам красаваўся радасны i вясновы бор на другiм беразе, а блiжэй паблiсквала рака.

Раздзел 9

КАРОЎЕЎСКIЯ ШТУЧКI

Мiканор Iванавiч Босы, старшыня жыллёвага кааператыва дома No 302-бiс на Садовай вулiцы ў Маскве, дзе жыў нябожчык Берлiёз, быў у вялiкiм клопаце, пачынаючы з учарашняе ночы з серады на чацвер.

Апоўначы, як мы ведаем, прыехала ў дом камiсiя, у якой удзельнiчаў Жаўдыбiн, выклiкала Мiканора Iванавiча, паведамiла яму пра смерць Берлiёза i разам з iм накiравалася ў кватэру No 50.

Там былi апячатаны рукапiсы i рэчы нябожчыка. Нi Грунi, прыходзячай хатняй работнiцы, нi легкадумнага Сцяпана Багданавiча ў гэты час у кватэры не было. Камiсiя аб’явiла Мiканору Iванавiчу, што рукапiсы нябожчыка забяруць для разгляду, што жылплошча нябожчыка, гэта значыць тры пакоi (былыя ювелiршыны кабiнет, гасцёўня i сталоўка), пераходзяць у распараджэнне жыллёвага таварыства, а рэчы нябожчыка будуць захоўвацца на гэтай жылплошчы, пакуль не з’явяцца спадкаемцы.

Вестка пра Берлiёзаву гiбель разляцелася па ўсiм доме з нечуванаю хуткасцю, i з сямi гадзiн ранiцы ў чацвер Босаму пачалi тэлефанаваць, а потым i асабiста з’яўляцца з заявамi, у якiх былi прэтэнзii на жылплошчу нябожчыка. За тры гадзiны Мiканор Iванавiч атрымаў гэтакiх заяў трыццаць дзве штукi.

У заявах былi просьбы, грозьбы, паклёпы, даносы, абяцаннi зрабiць рамонт за свой кошт, указаннi на невыносную цеснату i немагчымасць жыць болей у адной кватэры з бандытамi. У лiку ўсяго iншага было забойчае па сваiх мастацкiх вартасцях апiсанне крадзяжу пельменяў, якiя паклалi проста ў кiшэню ў кватэры No 31, два абяцаннi скончыць жыццё самагубствам i адно прызнанне ў тайнай цяжарнасцi.

Мiканора Iванавiча выклiкалi ў пярэднi пакой у яго кватэры, бралi за рукаў, нешта шапталi, падмiргвалi i абяцалi не застацца ў даўгу.

Пакуты гэтыя цягнулiся да пачатку першай гадзiны дня, пакуль Мiканор Iванавiч проста не ўцёк са сваёй кватэры ў памяшканне ўпраўлення, але, калi ўбачыў, што i там яго падпiльноўваюць, уцёк i адтуль. Сяк-так адбiўшыся ад тых, хто iшоў следам па пятах цераз заасфальтаваны двор, Мiканор Iванавiч знiк у шостым пад’ездзе i ўзышоў на пяты паверх, дзе i знаходзiлася гэтая паганая кватэра No 50.

Пасля таго як адсопся на пляцоўцы, тоўсты Мiканор Iванавiч пазванiў, але яму нiхто не адчынiў. Ён пазванiў яшчэ раз i пачаў пад нос бурчаць i лаяцца. Але i тады яму не адчынiлi. Цярпенне ў Мiканора Iванавiча лопнула, ён дастаў з кiшэнi звязак дублiкатаў ключоў, якiя належалi домакiраўнiцтву, уладарнаю рукою адамкнуў дзверы i зайшоў.

— Гэй, работнiца! — крыкнуў Мiканор Iванавiч у прыцемку пярэдняга пакоя. Як цябе? Груня, цi што? Цябе няма?

Нiхто не адгукнуўся.

Тады Мiканор Iванавiч зняў з дзвярэй кабiнета пячатку, выняў з партфеля складны метр i ступiў у кабiнет. Ступiць-то ён ступiў, але ўражана спынiўся ў дзвярах i аж скалануўся.

За сталом нябожчыка сядзеў незнаёмы чалавек, худы грамадзянiн у клятчастым пiнжачку, у жакейскай шапачцы i ў пенснэ… адным словам, той самы.

— Вы хто будзеце, грамадзянiн? — спалохана спытаўся Мiканор Iванавiч.

— А-а! Мiканор Iванавiч, — закрычаў дрыготкiм тэнарком незнаёмы грамадзянiн, падхапiўся, прывiтаў старшыню гвалтоўным i нечаканым поцiскам рукi. Прывiтанне гэта зусiм не ўзрадавала Мiканора Iванавiча.

— Я прашу прабачэння, — загаварыў ён падазрона, — хто вы такi будзеце? Вы — асоба афiцыйная?

— Эх, Мiканор Iванавiч! — прыязна ўсклiкнуў незнаёмы. — Якое мае значэнне, афiцыйная асоба альбо неафiцыйная? Усё гэта залежыць ад таго, з якога пункту гледжання глядзець на прадмет, усё гэта, Мiканор Iванавiч, даволi хiстка i часова. Сёння я неафiцыйная асоба, а заўтра, глядзiш, афiцыйная! А бывае i наадварот, Мiканор Iванавiч. I як яшчэ бывае!

Разважаннi гэтыя нi ў якой ступенi не задаволiлi старшыню домакiраўнiцтва. Ён быў ад прыроды чалавек насцярожаны i таму прыйшоў да вываду, што чалавек, якi распiнаецца перад iм, i ёсць якраз асоба неафiцыйная, а дакладней валацуга.

— Ды хто вы такi? Як ваша прозвiшча? — усё суровей дапытваўся старшыня i нават пачаў наступаць на незнаёмага.

— Прозвiшча маё, — суровасць нiяк не збянтэжыла грамадзянiна, — ну, скажам, Кароўеў. Ды цi не хочаце чарачку, Мiканор Iванавiч? Па-свойску! Га?

— Прабачце! — Мiканор Iванавiч ужо абураўся. — Якiя тут чарачкi? (Трэба прызнацца, хаця гэта i непрыемна, што Мiканор Iванавiч быў ад прыроды чалавек грубаваты.) — На палавiне нябожчыка сядзець не дазволена! Вы што тут робiце?

— Ды вы прысядзьце, Мiканор Iванавiч, — крычаў грамадзянiн. Ён зусiм не разгубiўся, круцiўся, прапаноўваў старшынi крэсла.

Мiканор Iванавiч даволi люта адапхнуў крэсла i закрычаў:

— Хто вы такi, нарэшце?

— Я, майце ласку ведаць, перакладнiк пры асобе чужаземца, якi мае рэзiдэнцыю ў гэтай кватэры, — адрэкамендаваўся незнаёмы Кароўеў i грукнуў абцасам рыжага неваксаванага чаравiка.

Мiканор Iванавiч разявiў рот. Наяўнасць нейкага чужаземца, ды яшчэ з перакладнiкам, у гэтай кватэры была яму неверагодным сюрпрызам, i ён запатрабаваў тлумачэння.

Перакладнiк ахвотна растлумачыў. Замежны артыст пан Воланд быў прыязна запрошаны дырэктарам Вар’етэ Сцяпанам Багданавiчам Лiхадзеевым пажыць у час сваiх гастроляў, прыкладна тыдзень, на яго кватэры, пра што ён яшчэ ўчора напiсаў Мiканору Iванавiчу просьбу прыпiсаць чужаземца часова, пакуль сам Лiхадзееў з’ездзiць у Ялту.

— Нiчога ён мне не пiсаў, — здзiўлена сказаў старшыня.

— А вы паглядзiце ў сваiм партфелi, Мiканор Iванавiч, — соладка прапанаваў Кароўеў.

Мiканор Iванавiч пацiснуў плячыма, расшпiлiў партфель i знайшоў у iм пiсьмо Лiхадзеева.

— Як жа я пра яго забыў? — тупа глядзеў на распячатаную капэрту i мармытаў Мiканор Iванавiч.

— Бывае i не такое, бывае, Мiканор Iванавiч! — затрашчаў Кароўеў. Няўважлiвасць, няўважлiвасць, i ператомленасць, i павышаны цiск, дарагi Мiканор Iванавiч! Я сам жахлiва няўважлiвы. Як-небудзь пры чарцы я раскажу вам некалькi фактаў з мае бiяграфii, i ў вас жывот забалiць ад рогату.

— Калi ж Лiхадзееў едзе ў Ялту?

— Ды ён паехаў, паехаў! — закрычаў перакладнiк. — Ён, ведаеце, iмчыць ужо, iмчыць! Ён ужо чортведама дзе! — I тут перакладнiк замахаў рукамi, як млын крыламi. Мiканор Iванавiч заявiў, што яму трэба ўбачыць чужаземца асабiста, але тут атрымаў ад перакладнiка адмову: нельга, заняты. Дрэсiруе ката.

— Ката, калi хочаце, магу паказаць, — прапанаваў Кароўеў.

Ад гэтага, у сваю чаргу, адмовiўся Мiканор Iванавiч, а перакладнiк адразу ж зрабiў старшынi нечаканую, але надта цiкавую прапанову.

Улiчваючы тое, што пан Воланд нiзавошта не хоча жыць у гатэлi, а жыць ён прывык прасторна, дык вось цi не дазволiць жылтаварыства заняць на тыдзень, пакуль працягваюцца гастролi Воланда ў Маскве, яму ўсю кватэру, гэта значыць i пакоi нябожчыка?

— Яму ж усё роўна, нябожчыку, — шэптам пеў Кароўеў, — яму цяпер, згадзiцеся самi, Мiканор Iванавiч, кватэра гэтая да лямпачкi?

Мiканор Iванавiч недаўменна запярэчыў, што чужаземцам належыць жыць у «Метраполi», а не на прыватных кватэрах.

— Кажу вам, капрызны, як чортведама што! — зашаптаў Кароўеў. — Ну не хоча! Не любiць ён гатэляў! Во яны дзе ў мяне сядзяць, гэтыя iнтурысты! — iнтымна паскардзiўся Кароўеў i ткнуў пальцам у сваю жылiстую шыю. — Верыце, усю душу выматалi! Прыедзе… i цi нашпiёнiць, як сучы сын, цi капрызамi ўсе нервы выматае: i тое яму не гэтак, i гэта яму не так!.. А вашаму таварыству, Мiканор Iванавiч,

Скачать:TXTPDF

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать бесплатно, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать онлайн