поўная выгада i вiдавочны прафiт. А грошай ён не пашкадуе, — Кароўеў азiрнуўся, потым шапнуў на вуха старшынi: — Мiльянер!
У прапанове перакладнiка быў закладзены яўны практычны сэнс, прапанова была даволi аўтарытэтная, але нешта надзiва не аўтарытэтнае было i ў манеры перакладнiка гаварыць, i ў яго адзеннi, i ў гэтым мярзотным, нiчога не вартым пенснэ. У вынiку гэтага нешта падсвядомае мучыла старшынёву душу, i ўсё ж ён вырашыў згадзiцца з прапановаю. Справа ў тым, што таварыства мела даволi вялiкi дэфiцыт. Да восенi трэба было выкупiць нафту на паравое ацяпленне, а за якую фiгу — невядома. З iнтурыставымi грашыма i можна будзе выкруцiцца. Але дзелавы i асцярожны Мiканор Iванавiч заявiў, што яму перш за ўсё трэба ўвязаць гэтае пытанне з iнтурысцкiм бюро.
— Я разумею, — крыкнуў Кароўеў, — як жа гэта без увязкi, абавязкова. Вось вам тэлефон, Мiканор Iванавiч, i тэрмiнова ўвязвайце. А наконт грошай не думайце, — шэптам дадаў ён i павёў старшыню ў пярэднi пакой да тэлефона, — з каго ж узяць, як не з яго? Каб вы бачылi, якая ў яго вiла ў Нiцы! На наступнае лета, як паедзеце за мяжу, знарок заязджайце паглядзець — ахнеце!
Справа з iнтурысцкiм бюро ўладзiлася па тэлефоне з незвычайнаю хуткасцю, якая ўразiла старшыню. Аказалася, што там ужо ведаюць пра намер пана Воланда жыць у прыватнай кватэры Лiхадзеева i супраць не маюць нiчога.
— Ну i цудоўна! — крычаў Кароўеў.
Крыху аглушаны яго траскатнёю, старшыня заявiў, што жылтаварыства згодна здаць на тыдзень кватэру No 50 артысту Воланду з платай па… — Мiканор Iванавiч сумеўся крыху i сказаў:
— Па пяцьсот рублёў у дзень.
Тут Кароўеў канчаткова ўразiў старшыню. Ён жулiкавата падмiргнуў на спальню, адкуль чуваць было, як мякка скача кот, i прасiпеў:
— За тыдзень, выходзiць, тры з паловаю тысячы? Мiканор Iванавiч падумаў, што ён дадасць: «Аднак жа i апетыт у вас, Мiканор Iванавiч!» — але Кароўеў сказаў зусiм iншае:
— Прасiце пяць, ён дасць! Хiба гэта сума? Мiканор Iванавiч разгублена ўсмiхнуўся i сам не заўважыў, як апынуўся ля пiсьмовага стала нябожчыка, дзе Кароўеў хуценька напiсаў кантракт у двух экземплярах. Пасля гэтага ён злятаў з iм у спальню i адразу ж вярнуўся, абодва экземпляры былi размашыста падпiсаны чужаземцам. Падпiсаў кантракт i старшыня. Тут Кароўеў запатрабаваў распiсачку на пяць…
— Пропiссю, пропiссю, Мiканор Iванавiч!.. тысяч рублёў… — i са словамi, якiя не стасавалiся да сур’ёзнай справы: — Эйн, цвэй, дрэй! — паклаў старшынi пяць новенькiх банкаўскiх пачкаў.
Адбыўся пералiк, перасыпаны жарцiкамi i прымаўкамi Кароўева накшталт «грошыкi падлiк любяць», «свае вочкi не глядзяць убочкi» i iншымi.
Пасля таго як пералiчыў грошы, атрымаў ад Кароўева пашпарт чужаземца i кантракт i ўсё паклаў у партфель, старшыня не ўтрымаўся i сарамлiва папрасiў кантрамарку…
— Пра што гаворка! — гаркнуў Кароўеў. — Колькi вам бiлецiкаў, Мiканор Iванавiч, дванаццаць, пятнаццаць?
Агаломшаны старшыня растлумачыў, што кантрамаркi яму патрэбны толькi дзве, яму i Пелагеi Антонаўне, яго жонцы.
Кароўеў адразу ж выхапiў блакнот i залiхвацка выпiсаў Мiканору Iванавiчу кантрамарачку на дзве асобы на першым радзе. I гэту кантрамарачку перакладнiк леваю рукою спрытна ўсунуў Мiканору Iванавiчу, а праваю ўклаў у руку старшынi тоўсты хрусткi пачак. Мiканор Iванавiч кiнуў на яго вокам, густа пачырванеў i пачаў адпiхаць ад сябе.
— Гэтага не паложана… — мармытаў ён.
— I слухаць не буду, — зашаптаў яму на вуха Кароўеў, — у нас не палагаецца, а за мяжой палагаецца. Вы пакрыўдзiце яго, Мiканор Iванавiч, а гэта няёмка. Вы працавалi…
— Строга праследуецца… — цiхенька прашаптаў старшыня i азiрнуўся.
— А сведкi дзе? — шапнуў на другое вуха Кароўеў. — Я ў вас пытаюся, дзе яны? Што вы?
I тут здарылася, як сцвярджаў потым старшыня, дзiва: пачак сам сабою ўпоўз яму ў партфель. Потым старшыня, нейкi расслаблены i нават разбiты, апынуўся на лесвiцы. Вiхор думак бушаваў у яго ў галаве. У iм круцiлiся i вiла ў Нiцы, i дрэсiраваны кот, i думка пра тое, што сведкаў сапраўды не было, i што Пелагея Антонаўна будзе рада кантрамарцы. Гэта былi блытаныя думкi, але ў цэлым прыемныя. I разам з тым нейкая iголачка ў самай глыбiнi душы паколвала старшыню. Гэта была iголачка трывогi. Акрамя ўсяго, тут, на лесвiцы, старшыню, як удар, працяла думка: «А як трапiў у кабiнет перакладнiк, калi на дзвярах была пячатка?! I як гэта ён, Мiканор Iванавiч, пра гэта не папытаўся?» Нейкi час старшыня, як баран, глядзеў на прыступкi лесвiцы, але потым вырашыў напляваць на ўсё гэта i не мучыць сябе непатрэбнымi пытаннямi…
Ледзь толькi старшыня выйшаў з кватэры, са спальнi даляцеў густы голас:
— Мне гэты Мiканор Iванавiч не спадабаўся. Ён абармот i ашуканец. Цi нельга зрабiць так, каб ён больш не прыходзiў сюды?
— Месiр, вам варта толькi загадаць!.. — адгукнуўся аднекуль Кароўеў, але не дрыготкiм, а чыстым i гучным голасам.
I адразу ж пракляты перакладнiк апынуўся ў пярэднiм пакоi, накруцiў там тэлефонны нумар i пачаў чамусьцi плаксiва гаварыць у слухаўку:
— Галё! Лiчу, што мой абавязак паведамiць, што наш старшыня жылтаварыства дома нумар трыста два-бiс на Садовай, Мiканор Iванавiч Босы, спекулюе валютаю. Зараз у яго ў кватэры нумар трыццаць пяць, у прыбiральнi, у газетнай паперы чатырыста даляраў. Гаворыць жыхар адзначанага дома з кватэры нумар адзiнаццаць Цiмафей Квасцоў. Але богам прашу трымаць маё прозвiшча ў тайне. Баюся помсты вышэйназванага старшынi.
I нягоднiк павесiў слухаўку.
Што далей адбывалася ў кватэры No 50 невядома, што ў кватэры Мiканора Iванавiча — вядома. Ён зашчапiўся дома ў прыбiральнi, дастаў з партфеля пачак, пераканаўся, што ў iм чатырыста рублёў. Гэты пачак Мiканор Iванавiч закруцiў у абрывак газеты i сунуў у вентыляцыйную адтулiну.
Праз пяць хвiлiн старшыня сядзеў за сталом у сваёй чысценькай маленькай сталоўцы. Жонка яго прынесла з кухнi акуратна парэзанага селядца, густа пасыпанага зялёнаю цыбуляю. Мiканор Iванавiч налiў у лафiтнiчак гарэлкi, выпiў, другi раз налiў, выпiў, падхапiў на вiдэлец тры кавалачкi селядца… i ў гэты час пазванiлi, а Пелагея Антонаўна прынесла рондаль, глянуўшы на якi абавязкова i адразу здагадаешся, што ў iм, у гушчы вогненнага баршчу, знаходзiцца тое, смачней за што няма на свеце, — мазгавая костка.
Мiканор Iванавiч скаўтнуў слiну i правурчаў, як сабака:
— А каб вы правалiлiся! Пад’есцi не дадуць. Не ўпускай нiкога, мяне няма дома. Наконт кватэры скажы, каб перасталi балбатаць. Праз тыдзень будзе паседжанне…
Жонка пабегла ў пярэднi пакой, а Мiканор Iванавiч апалонiкам павалок з вогненнага возера — яе, костку, трэснутую ўдоўжкi. Але ў гэтае iмгненне ў сталоўку ўвайшлi двое грамадзян, а за iмi чамусьцi спалатнелая Пелагея Антонаўна. Як толькi глянуў на грамадзян, адразу ж спалатнеў i Мiканор Iванавiч. I ўстаў.
— Дзе сарцiр? — заклапочана сказаў першы, якi быў у касаваротцы.
На стале нешта грукнула (гэта Мiканор Iванавiч упусцiў лыжку на стол).
— Тут, тут, — скоранька загаварыла Пелагея Антонаўна.
I прышлыя адразу ж памкнулiся ў калiдор.
— А што такое? — цiха спытаўся Мiканор Iванавiч, якi iшоў следам. — У нас нiчога такога ў кватэры быць не можа… а ў вас дакуменцiкi… я прашу прабачэння…
Першы на хаду паказаў Мiканору Iванавiчу дакуменцiкi, а другi ўжо стаяў на табурэтцы ў прыбiральнi з рукою ў вентыляцыйным ходзе. У вачах у Мiканора Iванавiча пацямнела. Газету разгарнулi, але ў ёй аказалiся не рублi, а невядомыя грошы, не то сiнiя, не то зялёныя, з партрэтам нейкага старога. Мiж iншым, усё гэта Мiканор Iванавiч бачыў ужо цьмяна, у вачах у яго плавалi нейкiя плямы, плямы.
— Даляры ў вентыляцыi, — задумлiва сказаў першы i спытаўся ў Мiканора Iванавiча ветлiва: — Ваш пакецiк?
— Не! — адказаў Мiканор Iванавiч страшным голасам. — Вораг падкiнуў!
— Гэта бывае, — згадзiўся той, першы, i зноў мякка дадаў: — Ну што ж, трэба здаваць i астатнiя.
— Няма ў мяне! Няма, богам клянуся, нiколi ў руках не трымаў! — адчайна ўскрыкнуў старшыня.
Ён кiнуўся да куфра, дастаў партфель i ўвесь час мармытаў незразумелае:
— Вось кантракт… перакладнiк-гад падкiнуў… Кароўеў у пенснэ!
Ён расшпiлiў партфель, зiрнуў у яго, усунуў руку, пасiнеў з твару, упусцiў партфель у боршч. У партфелi нiчога не было: нi Сцёпкавага пiсьма, нi кантракта, нi чужаземцавага пашпарта, нi грошай, нi кантрамаркi. Нiчога, словам, акрамя складнога метра.
— Таварышы! — дзiка закрычаў старшыня. — Трымайце iх! У нашым доме нячыстая сiла!
I тут зусiм невядома што здалося Пелагеi Антонаўне, але яна ўспляснула рукамi, ускрыкнула:
— Пакайся, Iванавiч! Табе скiдка выйдзе!
З набеглымi крывёй вачыма Мiканор Iванавiч падняў кулакi над жончынай галавою:
— У-у, дура праклятая!
Тут ён аслабеў i апусцiўся на крэсла, мабыць, вырашыў пакарыцца непазбежнаму.
У гэты час Цiмафей Кандратавiч Квасцоў на пляцоўцы прыпадаў да замочнае адтулiны старшынёвае кватэры то вухам, то вокам i канаў ад цiкаўнасцi.
Праз пяць хвiлiн жыхары дома, якiя былi ў двары, бачылi, як старшыня з двума чалавекамi пайшоў проста ў вароты дома. Расказвалi, што на Мiканору Iванавiчу i твару не было, што ён хiстаўся, як п’яны, i нешта мармытаў.
А яшчэ праз гадзiну невядомы грамадзянiн з’явiўся ў кватэру нумар адзiнаццаць, якраз у той час, калi Цiмафей Кандратавiч, захлёбваючыся ад задавальнення, расказваў iншым жыхарам пра тое, як замялi старшыню, пальцам паклiкаў Цiмафея Кандратавiча ў пярэднi пакой, нешта яму сказаў i знiк разам з iм.
Раздзел 10
ВЕСТКI З ЯЛТЫ
У гэты час, калi адбылося няшчасце з Мiканорам Iванавiчам, недалёка ад дома No 302-бiс, усё на той самай Садовай, у кабiнеце фiнансавага дырэктара Вар’етэ Рымскага знаходзiлiся двое: сам Рымскi i адмiнiстратар Вар’етэ Варэнуха.
Вялiкi кабiнет на другiм паверсе тэатра двума вокнамi выходзiў на Садовую, адным, якраз за плячыма ў фiндырэктара, якi сядзеў за пiсьмовым сталом, у летнi сад, на Вар’етэ, дзе размяшчалiся буфеты, цiр i адкрытая эстрада. Упрыгожвалi кабiнет, акрамя пiсьмовага стала, старыя афiшы, якiя вiселi на сцяне, маленькi столiк з графiнам вады, чатыры крэслы i падстаўка ў куце, на якой стаяў стары запылены макет нейкага вiдовiшча. Ну, i само сабой разумеецца, што, акрамя гэтага, была ў кабiнеце невялiкая аблупленая незгаральная каса, леваруч ад Рымскага, побач з пiсьмовым сталом.
Рымскi, якi сядзеў за сталом, зранку быў у дрэнным настроi, а Варэнуха, наадварот, быў ажыўлены, вясёлы i падазрона дзейсны. Але выйсця ягоная энергiя не знаходзiла.
Варэнуха хаваўся цяпер у кабiнеце фiндырэктара ад кантрамарачнiкаў, якiя не давалi яму продыху, асаблiва калi мянялася праграма. А сёння якраз i быў такi дзень.
Як толькi пачынаў звiнець тэлефон, Варэнуха браў слухаўку i хлусiў у яе:
— Хто? Варэнуха? Яго няма. Некуды пайшоў з тэатра.
— Патэлефануй ты, калi ласка, яшчэ раз Лiхадзееву, — раззлавана сказаў