горка заплакаў.
Дабрадушная фельчарыца Праскоўя Фёдараўна наведала паэта ў час навальнiцы, устрывожылася, калi ўбачыла, што ён плача, зашморгнула на акне штору, каб маланка не палохала хворага, паперкi сабрала з падлогi i з iмi пабегла да доктара.
Той адразу ж прыйшоў, зрабiў укол Iвану ў руку, пераканаў Iвана, што той болей плакаць не будзе, што цяпер нiчога не здарыцца, што ўсё пройдзе, зменiцца i ўсё забудзецца.
Доктар сказаў праўду. Хутка зарэчны бор стаў ранейшым. У iм вiдаць было кожнае дрэва пад небам, якое ачысцiлася да поўнага блакiту, а рэчка супакоiлася. Нуда пачала адступацца ад Iвана адразу ж пасля ўколу, i цяпер паэт ляжаў спакойна i глядзеў на вясёлку, якая выгнулася ў небе.
Гэтак працягвалася да вечара, i ён нават не заўважыў, як растала вясёлка i як засумавала i злiняла неба, як пачарнеў бор.
Iван выпiў гарачага малака, прылёг i сам здзiвiўся з таго, як змянiлiся яго думкi. Неяк падабрэў у памяцi пракляты д’ябальскi кот, не палохала болей адрэзаная галава, i, адрынуўшы яе, пачаў раздумваць Iван пра тое, што на самай справе нядрэнна i ў бальнiцы, што Стравiнскi разумны i знакамiты i што быць у яго надзвычай проста i прыемна. I вечаровае паветра прыемнае i свежае пасля навальнiцы.
Журботны дом засынаў. У цiхiм калiдоры матавыя белыя лямпачкi патухалi, i замест iх адпаведна раскладу запальвалiся слабенькiя блакiтныя начнiкi, i ўсё радзей за дзвярыма чулiся асцярожныя крокi фельчарыц на гумавых дыванках у калiдорах.
Цяпер Iван у салодкай млявасцi ляжаў i пазiраў то на лямпачку пад абажурам, якая разлiвала з-пад столi мяккае святло, то на поўню, якая выходзiла з-за чорнага бору, i гаварыў сам з сабою.
— Чаму, урэшце, я гэтак хвалююся, што Берлiёз трапiў пад трамвай? разважаў паэт. — Урэшце, ну яго ў балота! Хто я на самай справе, кум яму цi сват? Калi як след пракруцiць гэтае пытанне, атрымлiваецца, што я, па сутнасцi, i не ведаў як след нябожчыка. Сапраўды, што мне пра яго вядома? Ды нiчога, акрамя таго, што ён быў лысы i гаварун жахлiвы. А потым, грамадзяне, працягваў сваю прамову Iван i звяртаўся да некага невядомага, — разбяромся вось у чым: чаго гэта я, растлумачце, уз’еўся на гэтага загадкавага кансультанта, мага i прафесара з пустым чорным вокам? Нашто ўся гэтая недарэчная пагоня за iм у споднiм i са свечкаю ў руках, а потым i ўся дзiкая сцэна ў рэстарацыi?
— Ну-ну-ну, — раптам сурова сказаў нехта, але не ў iм самiм, а быццам на вуха, ранейшы Iван новаму Iвану, — пра тое, што адрэжуць Берлiёзу галаву, ён ведаў загадзя? Як тут не хвалявацца?
— Пра што тут, таварышы, гаворка! — пярэчыў новы Iван ранейшаму Iвану. Нешта нячыстае тут, гэта i дзiцяцi зразумела. Гэта асоба незвычайная i таямнiчая на ўсе сто. Але ж гэта i сама цiкавае! Чалавек асабiста быў знаёмы з Понцiем Пiлатам, што яшчэ цiкавейшае вам патрэбна? I замест таго каб падымаць недарэчны гвалт на Патрыярхавых, цi не лепей было б ветлiва распытацца пра тое, што далей было з Понцiем Пiлатам i гэтым арыштаваным Га-Ноцры?
А я д’ябал яго ведае што ўсчаў! Падумаеш — вялiкае здарэнне — рэдактара часопiса зарэзала! Ды што, з-за гэтага часопiс закрыецца, цi што? Што рабiць: чалавек смяротны, i, як справядлiва было сказана, смерць заўсёды раптоўная. Ну, царства яму нябеснае! Ну, будзе другi рэдактар i нават, магчыма, яшчэ большы гаварун за папярэдняга.
Пасля сну Iван новы з’едлiва спытаўся ў старога Iвана:
— I хто ж тады я выходзiць?
— Дурань! — выразна прамовiў недзе бас, якi не належаў нiводнаму з Iванаў i вельмi ж быў падобны на кансультантаў.
Iван чамусьцi не пакрыўдзiўся з-за «дурня», гэта яго нават прыемна ўразiла, усмiхнуўся спрасонку i зацiх. Сон падкрадваўся да Iвана, i ўжо прымроiлася яму i пальма на слановай назе, i кот прайшоў паблiзу — не страшны, а вясёлы, адным словам, вось-вось накрые сон Iвана, як раптам рашотка паехала ўбок без адзiнага гуку, i на балконе ўзнiкла таямнiчая постаць, якая хавалася ад месячнага святла, i пакiвала Iвану пальцам.
Iван зусiм не спалохаўся, прыўстаў на ложку i ўбачыў, што на балконе знаходзiцца мужчына. I гэты мужчына прытулiў палец да губ i прашаптаў:
— Цiха!
Раздзел 12
ЧОРНАЯ МАГIЯ I ЯЕ ВЫКРЫЦЦЁ
Маленькi чалавек у дзiравым жоўтым кацялку i з падобным на грушу чырвоным носам, у клятчастых штанах i лакiраваных чаравiках выехаў на сцэну Вар’етэ на звычайным двухколавым веласiпедзе. Пад гукi факстрота ён праехаў укруга, а потым раптоўна ўскрыкнуў, ад чаго веласiпед устаў на дыбкi. Чалавек, праехаўшы на адным коле, стаў угору нагамi, умудрыўся на хаду адкруцiць пярэдняе кола i пакацiць яго за кулiсы, а потым працягваў ехаць на адным коле i круцiў педалi рукамi.
На высокай металiчнай мачце з сядлом наверсе i на адным коле выехала поўная бландзiнка ў трыко i ў спаднiчцы, усеянай блiскучымi срэбнымi зорачкамi, i пачала ездзiць укруга. Сустракаючыся з ёю, чалавек прывiтальна ўскрыкваў i нагою здымаў з галавы кацялок.
Нарэшце выехаў малы гадоў васьмi са старэчым тварам, пачаў ныраць памiж дарослымi на маленькiм двухколавiку з вялiзным аўтамабiльным сiгналам.
Кампанiя закруцiла некалькi петляў, пад трывожны грукат барабана падляцела да самага краёчка сцэны, i гледачы на першых радах аж вухнулi i адхiснулiся, таму што публiцы здалося, што ўся тройка разам са сваiмi веласiпедамi рухне на аркестр.
Але веласiпедысты спынiлiся якраз у тое iмгненне, калi пярэднiя колы гатовы былi ўжо зляцець у пустату над галовамi ў музыкантаў. Веласiпедысты моцна крыкнулi «Ап!», саскочылi з машын i пачалi кланяцца, бландзiнка пасылала публiцы паветраныя пацалункi, а малы смешна сiгналiў сваiм аўтамабiльным гудком.
Воплескi скаланулi будынак, блакiтная заслона паплыла з абодвух бакоў i закрыла веласiпедыстаў, зялёныя агнi з надпiсам: «Выхад» над дзвярыма патухлi, а ў павуцiне трапецый пад самым купалам, як сонцы, запалiлiся белыя шары. Пачаўся антракт перад апошнiм аддзяленнем.
Адзiным чалавекам, якога нiяк не цiкавiлi дзiвосы веласiпеднай тэхнiкi сям’i Джулi, быў Рыгор Данiлавiч Рымскi. У абсалютнай адзiноце ён сядзеў у сваiм кабiнеце, кусаў тонкiя губы i па яго твары час ад часу прабягала сутарга. Да незвычайнага знiкнення Лiхадзеева дадалася зусiм неспадзяваная прапажа i адмiнiстратара Варэнухi.
Рымскi ведаў, куды ён пайшоў, але ён пайшоў i… не вярнуўся назад! Рымскi пацiскаў плячыма i шаптаў сам сабе:
— Але за што?!
I дзiва дзiўнае: такому дзелавому чалавеку, як фiндырэктар, прасцей за ўсё было патэлефанаваць туды, куды накiроўваў Варэнуху, i даведацца, што з iм здарылася, а мiж тым да дзесяцi гадзiн вечара ён не мог прымусiць сябе зрабiць гэта.
У дзесяць, лiчыце, згвалтаваўшы сябе, Рымскi зняў слухаўку i пераканаўся, што тэлефон яго мёртвы. Кур’ер далажыў, што i астатнiя апараты ў будынку сапсавалiся. Гэтае непрыемнае, але не звышнатуральнае здарэнне зусiм даканала дырэктара i адначасова ўзрадавала: адпала патрэба тэлефанаваць. У гэты час над галавой у дырэктара ўспыхнула i замiргала чырвоная лямпачка, паведамiла, што пачаўся антракт, увайшоў кур’ер i папярэдзiў, што прыехаў замежны артыст. Фiндырэктара чамусьцi аж скаланула ўсяго, ён пацямнеў з твару, як навальнiчная хмара, i накiраваўся за кулiсы сустракаць гастралёра, бо больш не было каму сустракаць.
У вялiкую прыборную з калiдора, дзе ўжо трашчалi сiгнальныя званкi, знаходзiлi прычыну зазiрнуць занадта цiкаўныя. Тут былi фокуснiкi ў яркiх халатах i ў чалме на галовах, канькабежцы ў белых вязаных куртках, бледны ад пудры расказчык i грымёр.
Знакамiтасць уразiла ўсiх сваiм неверагодна доўгiм фракам дзiўнага крою i тым, што з’явiлася ў чорнай паўмасцы. Але яшчэ дзiўнейшыя былi спадарожнiкi ў чорнага мага: доўгi клятчасты з пабiтым пенснэ i чорны тлусты кот, якi зайшоў у грымёрную на заднiх лапах, зусiм па-свойску сеў на канапу i прыплюшчыўся на аголеныя грымiравальныя лампiёны.
Рымскi пастараўся напусцiць на твар усмешку, але твар ад гэтага стаў кiслы i злосны, пакланiўся маўклiваму магу, якi сядзеў побач з катом на канапе. Поцiску рук не было. Затое бесцырымонны клятчасты сам назваўся, сказаў пра сябе «iхнi памочнiк». Гэта здзiвiла фiндырэктара, i зноў непрыемна: у кантракце нават i ўпамiнання не было нi пра якога памочнiка.
Даволi вымушана i суха Рыгор Данiлавiч папытаўся ў клятчастага, якi навязаўся яму на галаву, пра тое, дзе апаратура артыста.
— Алмаз вы наш нябесны, найшаноўнейшы пан дырэктар, — трэснутым голасам адказаў памочнiк мага, — наша апаратура заўсёды з намi. Вось яна! Эйн, цвэй, дрэй! — i пакруцiў перад вачыма Рымскага вузлаватымi пальцамi, нечакана выцягнуў з-за вуха ў ката ўласны Рымскага залаты гадзiннiк на ланцужку, якi дагэтуль быў у фiндырэктаравай кiшэнi ў камiзэльцы пад зашпiленым пiнжаком i з ланцужком, прадзетым у пятлiцу.
Рымскi мiжволi ўхапiўся за жывот, прысутныя ахнулi, а грымёр, якi зазiраў у дзверы, адабральна кашлянуў.
— Ваш гадзiннiчак? Прашу атрымаць, — нахабна ўсмiхаўся клятчасты i на бруднай растапыранай далонi падаў разгубленаму Рымскаму яго дабро.
— З такiм у трамвай не садзiся, — цiха i весела шапнуў расказчык грымёру.
Але кот выкiнуў штуку не раўня нумару з чужым гадзiннiкам. Ён нечакана ўстаў з канапы, на заднiх лапах падышоў да падлюстранага столiка, пярэдняй лапай дастаў корак з графiна, налiў вады ў шклянку, выпiў яе, паставiў корак на месца i грымiравальнаю анучкаю выцер вусы.
Нiхто нават i не ахнуў, толькi раты разявiлi, а грымёр у захапленнi шапнуў:
— Вось дык клас!
Тут трэцi раз трывожна загрымелi званкi, i ўсе ўзбуджаныя, у прадчуваннi цiкавага нумара, павалiлi з грымёрнае.
Праз хвiлiну ў глядзельнай зале патухлi шары, успыхнула i дала чырвоны водсвет на нiз заслоны рампа, i ў асветленай шчылiне заслоны паўстаў перад публiкай поўны, вясёлы, як дзiця, чалавек з паголеным тварам, у пакамечаным фраку i ў нясвежай кашулi. Гэта быў добра вядомы ўсёй Маскве канферансье Жорж Бенгальскi.
— Ну вось, грамадзяне, — загаварыў Бенгальскi i ўсмiхнуўся дзiцячаю ўсмешкаю, — зараз перад вамi выступiць… — тут Бенгальскi сцiх на iмгненне i загаварыў з другой iнтанацыяй: — Я бачу, што колькасць публiкi на трэцяе аддзяленне яшчэ больш павялiчылася. У нас сёння палавiна горада! Неяк на днях сустракаю я прыяцеля i гавару яму: «Чаму не заходзiш да нас? Учора ў нас была палавiна горада». А ён мне адказвае: «А я жыву ў другой палавiне!» Бенгальскi вытрымаў паўзу, чакаў выбуху смеху, але нiхто не засмяяўся, i ён працягваў: — …Такiм чынам, выступiць вядомы замежны артыст мсье Воланд з сеансам чорнае магii! Але мы ж з вамi разумеем, — тут Бенгальскi мудра ўсмiхнуўся, — што яе наогул не iснуе на свеце i што яна не што iншае, як забабоны, а проста мсье Воланд у высокай ступенi валодае тэхнiкай фокусаў, што i будзе