бакоў асветленыя зеленаватымi трубкамi, а памiж люстрамi вiтрыны, у iх гледачы ўбачылi з вясёлым ашаламленнем рознага колеру i фасону жаночыя сукенкi. Гэта ў адных вiтрынах, а ў другiх з’явiлiся сотнi капялюшыкаў i з пёркамi i без пёрак, i са спражкамi i без iх, сотнi туфляў — чорных, белых, жоўтых, скураных, атласных, замшавых, i з раменьчыкамi, i з каменьчыкамi. Памiж туфляў з’явiлiся футаралы, а ў iх заззялi святлом блiскучыя гранi крыштальных флаконаў. Горы сумачак са скуры антылопаў, замшавых, шаўковых, а памiж iмi цэлыя кучы чаканных залатых прадаўгаватых футаральчыкаў, у якiх звычайна бывае губная памада.
Чортведама адкуль узялася рыжая дзявуля ў вячэрнiм уборы, з усiх бакоў спраўная дзявуля, каб не псаваў яе толькi дзiўны шрам на шыi, заўсмiхалася ля вiтрын усмешкаю гаспадынi.
Фагот з салодкаю ўхмылкаю аб’явiў, што фiрма зусiм бяплатна мяняе старыя жаночыя сукенкi i абутак на парыжскiя мадэлi i парыжскi абутак. Гэтае ж самае ён дадаў i ў дачыненнi сумачак, духоў i ўсяго астатняга.
Кот пачаў расшарквацца задняю лапаю, пярэдняй адначасна выкручваў нейкiя жэсты, падобныя да жэстаў швейцара, якi адчыняе дзверы.
Дзявуля хоць i хрыплавата, але соладка заспявала, крышку картава, нешта мала зразумелае, але, мяркуючы па жаночых тварах, надта спакуслiвае:
— Герлен, Шанэль нумар пяць, Мiцука, Нарсiс Нуар, вячэрнiя сукенкi, сукенкi кактэйль…
Фагот выгiнаўся, кот кланяўся, дзявуля адчыняла шкляныя вiтрыны.
— Прашу! — крычаў Фагот. — Без усякага сораму i аглядкi!
Публiка хвалявалася, але iсцi на сцэну пакуль што нiхто не адважваўся. Нарэшце нейкая брунетка выйшла з дзесятага рада, а ў партэры ўсмiхнулася гэтак, што ёй, маўляў, усё дазволена i на ўсё напляваць, прайшла па бакавым трапе, узышла на сцэну.
— Брава! — закрычаў Фагот. — Вiтаю першую наведвальнiцу! Бегемот, крэсла! Пачнём з абутку, мадам.
Брунетка села на крэсла, i Фагот адразу вывернуў перад ёй цэлую кучу туфляў.
Брунетка зняла свой правы туфель, памерала бэзавы, патупала аб дыван, агледзела абцас.
— А цiснуць не будуць? — задумлiва спыталася яна.
У адказ Фагот пакрыўджана ўсклiкнуў:
— Што вы, што вы! — а кот ад крыўды нават мяўкнуў.
— Я бяру гэтую пару, масье, — сказала брунетка з гонарам i абула другi туфель.
Старыя туфлi брунеткi былi выкiнуты за фiранку, туды пайшла i сама яна ў суправаджэннi рыжае дзявулi i Фагота, якi нёс на плечках некалькi мадэльных сукенак. Кот мiтусiўся, дапамагаў i каб выглядаць салiдней, пачапiў сабе на шыю кравецкi метр.
Праз хвiлiну з-за фiранкi выйшла брунетка ў такой сукенцы, што ўвесь партэр аж уздыхнуў. Смелая жанчына, якая надзiва папрыгажэла, спынiлася ля люстра, павяла аголенымi плячыма, паправiла валасы на патылiцы i выгнулася, стараючыся зiрнуць сабе на спiну.
— Фiрма просiць вас узяць гэта на памяць, — сказаў Фагот i падаў брунетцы адчынены футарал з флаконам.
— Мерсi, — ганарлiва адказала брунетка i пайшла па трапе ў партэр. Пакуль яна iшла, гледачы ўсхоплiвалiся, мацалi за футарал.
I тады прарвала ўшчэнт, i з усiх бакоў на сцэну пайшлi жанчыны. У агульнай узбуджанай гамане, усмешачках, уздыхах пачуўся мужчынскi голас: «Я не дазваляю табе!» — i жаночы: «Дэспат i мешчанiн, не выкручвай мне руку!» Жанчыны знiкалi за фiранкай, пакiдалi там свае сукенкi i выходзiлi ў новых. На табурэтачках з пазалочанымi ножкамi сядзеў цэлы рад i энергiчна тупаў абутымi нагамi. Фагот станавiўся на каленi, дапамагаў ражком, кот знясiльваўся, носячы горы сумачак i туфляў, снаваў ад вiтрыны да табурэтак, дзявуля з пакалечанай шыяй то з’яўлялася, то знiкала i дайшла да таго, што зусiм пачала тарабанiць па-французску, i дзiўна было, што яе з паўслова разумелi ўсе жанчыны, нават тыя, хто не ведаў нiводнага французскага слова.
Агульнае здзiўленне выклiкаў мужчына, якi таксама ўзбiўся на сцэну. Ён аб’явiў, што ў яго жонкi грып, i таму ён просiць перадаць што-небудзь. А каб даказаць, што ён i сапраўды жанаты, мужчына гатоў быў паказаць пашпарт. Заява клапатлiвага мужа была сустрэта агульным рогатам, Фагот закрычаў, што верыць яму, як i самому сабе, i без пашпарта, i ўручыў грамадзянiну дзве пары шаўковых панчох, кот ад сябе дадаў футаральчык з памадай.
Жанчыны, якiя спазнiлiся, рвалiся на сцэну, са сцэны плылi шчаслiвыя ў бальных сукенках, у пiжамах з драконамi, у строгiх вiзiтных гарнiтурах, у капялюшыках, насунутых на адно брыво.
Тады Фагот аб’явiў, што з-за позняга часу крама зачыняецца да заўтрашняга вечара роўна праз адну хвiлiну, i неверагодная мiтусня ўсчалася на сцэне. Жанчыны хуценька, без усякае прымеркi хапалi туфлi. Адна, як бура, уварвалася за фiранку, скiнула там сваё адзенне, ухапiла першае, што толькi трапiла пад руку, — шаўковы, у вялiзныя букеты халат i, акрамя таго, успела ўхапiць два футаралы з духамi.
Роўна праз хвiлiну пачуўся пiсталетны стрэл, люстры знiклi, прапалi вiтрыны i табурэткi, дыван растаў у паветры гэтаксама, як i фiранка. Апошняй знiкла вялiкая куча старых сукенак i абутку, i зрабiлася сцэна зноў строгая, парожняя i голая.
I тут у падзеi ўмяшалася новая дзеючая асоба.
Прыемны, моцны i настойлiвы барытон пачуўся з ложы No 2:
— Усё ж пажадана, грамадзянiн артыст, каб вы зараз жа раскрылi перад гледачамi тэхнiку вашых фокусаў, асаблiва фокуса з грашыма. Пажадана таксама вярнуць на сцэну канферансье. Лёс яго хвалюе гледачоў.
Барытон належаў не каму-небудзь, а паважанаму госцю сённяшняга вечара Аркадзiю Апалонавiчу Семпляяраву, старшынi акустычнай камiсii маскоўскiх тэатраў.
Аркадзiй Апалонавiч размяшчаўся ў ложы з дзвюма жанчынамi: пажылою, дорага i модна апранутаю, i другой — маладзенькаю i прыгожанькаю, апранутай прасцей. Першая з iх, як потым высветлiлася ў час складання пратакола, была жонка Аркадзiя Апалонавiча, а другая — далёкая сваячка яго, пачынаючая i падаючая спадзяваннi артыстка, якая прыехала з Саратава i жыла на кватэры ў Аркадзiя Апалонавiча i яго жонкi.
— Пардон! — адазваўся Фагот. — Я прашу прабачэння, але тут няма чаго раскрываць, тут усё ясна.
— Не, выбачайце! Выкрыццё патрэбна абавязкова. Без яго вашы блiскучыя нумары пакiдаюць гнятлiвае ўражанне. Глядацкая маса патрабуе выкрыцця.
— Глядацкая маса, — перапынiў Семпляярава нахабны гаер, — як быццам нiчога не гаварыла? Але, улiчваючы ваша глыбокапаважанае жаданне, Аркадзiй Апалонавiч, я, няхай будзе па-вашаму, зраблю выкрыццё. Але для гэтага дазвольце яшчэ адзiн маленькi нумарок.
— Калi ласка, — велiкадушна адказаў Аркадзiй Апалонавiч, — але абавязкова з выкрыццём!
— Слухаюся, слухаюся. Тады дазвольце запытацца ў вас, дзе вы былi ўчора вечарам, Аркадзiй Апалонавiч?
У час гэтага зусiм непатрэбнага i хамскага пытання твар у Аркадзiя Апалонавiча змянiўся, i вельмi моцна змянiўся.
— Аркадзiй Апалонавiч учора вечарам быў на паседжаннi акустычнай камiсii, — даволi пагардлiва сказала жонка Аркадзiя Апалонавiча, — але я не разумею, якiя адносiны гэта мае да магii.
— Вой, мадам! — пацвердзiў Фагот. — Натуральна, вы не разумееце. А наконт паседжання вы цалкам памыляецеся. Выехаўшы на тое паседжанне, якое, дарэчы, учора i не намячалася, Аркадзiй Апалонавiч адпусцiў свайго шафёра ля будынка акустычнай камiсii на Чыстых сажалках (увесь тэатр зацiх), а сам у аўтобусе паехаў на Ялохаўскую вулiцу ў госцi да артысткi раз’язнога раённага тэатра Мiлiцы Андрэеўны Пакабацька i правёў у яе ў гасцях каля чатырох гадзiн.
— Вой, — пакутлiва ўскрыкнуў нехта ў поўнай цiшынi.
Маладая ж сваячка Аркадзiя Апалонавiча засмяялася глухiм i страшным смехам.
— Усё зразумела! — ускрыкнула яна. — I я даўно ўжо падазравала гэта. Цяпер мне зразумела, чаму гэта бездар атрымала ролю Луiзы!
I неспадзявана замахнулася кароткiм i тоўстым лiловым парасонам i ўдарыла Аркадзiя Апалонавiча па галаве.
Нягоднiк Фагот, ён жа i Кароўеў, крыкнуў:
— Вось, паважаныя грамадзяне, адзiн з выпадкаў выкрыцця, якога гэтак назойлiва дабiваўся Аркадзiй Апалонавiч!
— Як магла ты, нягоднiца, закрануць Аркадзiя Апалонавiча? — грозна спыталася жонка Аркадзiя Апалонавiча i ўстала ў ложы на ўвесь свой гiганцкi рост.
Другi кароткi прыступ сатанiнскага смеху авалодаў маладой сваячкаю.
— Ужо хто-хто, — адказала тая з рогатам, — а я магу зачапiць! — i другi раз пачуўся сухi трэск парасона, якi адскочыў ад галавы Аркадзiя Апалонавiча.
— Мiлiцыя! Узяць яе! — гэтакiм страшным голасам пратрубiла жонка Семпляярава, што ў многiх пахаладзела сэрца.
А тут яшчэ кот выскачыў да рампы i раўнуў на ўвесь тэатр чалавечым голасам:
— Сеанс скончаны! Маэстра! Урэжце марша!
Ашалелы дырыжор, не разбiраючыся, што робiць, узмахнуў палачкаю, i аркестр не заiграў, i нават не грымнуў, i нават не хватануў, а менавiта, адпаведна мярзотнаму пажаданню ката, урэзаў нейкi неверагодны, нi з чым не параўнальны па разбэшчанасцi марш.
На нейкае iмгненне здалося, што быццам чуваць сталi колiшнiя, пад зоркамi паўднёвымi, у кафэшантане, нейкiя малазразумелыя, паўсляпыя, але разгульныя словы з гэтага марша:
Любил домашних птиц
И брал под покровительство
Хорошеньких девиц!!!
А магчыма, i не было нiякiх гэтакiх слоў, а былi iншыя, на гэтую ж самую музыку, зусiм непрыстойныя. Галоўнае не гэта, а тое, што ў Вар’етэ пасля пачалося нейкае стоўпатварэнне вавiлонскае. Да семпляяраўскае ложы бегла мiлiцыя, на бар’ер лезлi цiкаўныя, чулiся страшэнныя выбухi рогату, шалёныя крыкi, якiя глушыў залаты звон аркестравых талерак.
I вiдаць было, што сцэна раптоўна апусцела i што ашуканец Фагот i нахабны кацiла Бегемот расталi ў паветры, знiклi, як знiк раней маг у крэсле з вылiнялаю абiўкаю.
Раздзел 13
З’ЯЎЛЕННЕ ГЕРОЯ
Дык вось, невядомы пакiваў Iвану пальцам i прашаптаў: «Цiха!»
Iван звесiў ногi з ложка i прыгледзеўся. З балкона асцярожна зазiраў у пакой паголены, цёмнавалосы, з вострым носам, устрывожанымi вачыма i са звешанай на лоб пасмай валасоў чалавек прыкладна гадоў трыццацi васьмi.
Пераканаўшыся, што Iван адзiн, i прыслухаўшыся, таямнiчы наведвальнiк асмялеў i ўвайшоў у пакой. Тут Iван убачыў, што прышэлец апрануты ў бальнiчнае. На iм была бялiзна, чаравiкi на босую нагу, на плечы накiнуты руды халат.
Прышэлец падмiргнуў Iвану, схаваў у кiшэню звязак ключоў, шэптам спытаўся: «Можна прысесцi?» — атрымаў згоду кiўком галавы i ўмасцiўся ў крэсла.
— Як вы сюды трапiлi? — падпарадкуючыся знаку сухога пальца, шэптам спытаўся Iван. — На балконных рашотках замкi.
— Рашоткi на замках, — пацвердзiў госць, — ды Праскоўя Фёдараўна, — добры, але няўважлiвы чалавек. Я ўкраў у яе месяц таму звязак ключоў i такiм чынам атрымаў магчымасць выходзiць на агульны балкон, а ён iдзе вакол усяго будынка, i цяпер я магу наведваць суседзяў.
— Калi вы можаце выходзiць на балкон, то вы можаце i ўцячы. Цi высока? пацiкавiўся Iван.
— Не, я не магу ўцячы адсюль не таму, што высока, а таму, што мне ўцякаць зусiм няма куды. — I пасля паўзы ён дадаў: — Значыць, сядзiм!
— Сядзiм, — адказаў Iван, узiраючыся ў карычневыя, надта неспакойныя прышэльцавы вочы.
— Ага… — тут госць раптам затрывожыўся, — але вы, спадзяюся, не буйны? А? Бо я, ведаеце, не люблю шуму, барацьбы, гвалту i астатняга ў гэтым родзе. Асаблiва ненавiсны мне людскi крык, цi гэта