Скачать:TXTPDF
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)

адчынiў акенца i сядзеў у другiм, зусiм маленькiм пакойчыку, — госць пачаў адмерваць рукамi, — ага… вось канапа, а насупраць другая канапа, а мiж iмi столiк, на iм цудоўная начная лямпа, а да акенца блiжэй кнiгi, тут маленькi пiсьмовы столiк, а ў першым пакоi — вялiкi пакой, чатырнаццаць метраў, — кнiгi, кнiгi i печка. Ай, якая ў мяне была мэбля!

Незвычайна пахне бэз! I галава мая робiцца лёгкая ад стомленасцi, i Пiлат падлятаў да канца…

— Белая манцiя, чырвоны падбой! Разумею! — усклiкнуў Iван.

— Зусiм правiльна! Пiлат падлятаў да свайго канца, i я ўжо ведаў, што апошнiя словы рамана будуць: «…пяты пракуратар Юдэi, коннiк Понцiй Пiлат». Ну, вядома, я выходзiў пагуляць. Сто тысяч — вялiзная сума, i ў мяне быў цудоўны шэры гарнiтур. Iшоў у якi-небудзь недарагую рэстарацыю. На Арбаце была цудоўная рэстарацыя, не ведаю, цi ёсць яна цяпер.

Тут вочы ў госця шырока расплюшчылiся, i ён працягваў шаптаць, гледзячы на поўню:

— Яна несла ў руках зусiм дрэнныя, трывожныя жоўтыя кветкi. Чортведама як iх завуць, але яны чамусьцi першыя з’яўляюцца ў Маскве. I гэтыя кветкi вельмi выразна вiднелiся на чорным яе вясновым палiто. Яна несла жоўтыя кветкi! Нядобры колер. Яна завярнула з Цвярское вулiцы ў завулак i тут азiрнулася. Ну, Цвярскую вы ведаеце? Па Цвярской iшлi тысячы людзей, але я ручаюся, што ўгледзела яна толькi мяне аднаго i паглядзела не сказаць каб трывожна, а нават неяк балюча. I мяне ўразiла не гэтак яе прыгажосць, як незвычайная, нiкiм нязведаная адзiнота ў вачах!

Падпарадкуючыся гэтаму жоўтаму знаку, я таксама скiраваў у завулак i пайшоў па яе слядах. Мы iшлi па звiлiстым цесным завулку моўчкi, яна па адным баку, я — па другiм. I не было, уявiце, у завулку нi душы. Я пакутаваў, таму што мне здалося, што з ёй неабходна загаварыць, i баяўся, што не змагу прамовiць i слова, а яна пойдзе, i я нiколi болей яе не спаткаю.

I, уявiце, раптам загаварыла яна:

— Вам падабаюцца мае кветкi?

Я цудоўна памятаю, як прагучаў яе голас, нiзкi даволi, са зрывам, i, як гэта нi недарэчна, здалося, што рэха ўдарыла ў завулку i адбiлася ад бруднае жоўтае сцяны. Я хутка перайшоў на яе бок, наблiзiўся i адказаў:

— Не.

Яна паглядзела на мяне здзiўлена, а я раптам i зусiм нечакана зразумеў, што ўсё жыццё любiў вось гэтую жанчыну! Вось дык штука, га? Вы, вядома, скажаце, вар’ят?

— Нiчога я не гавару, — усклiкнуў Iван i дадаў: — Прашу, далей!

I госць працягваў:

— Ага, яна паглядзела на мяне здзiўлена, а потым спыталася:

— Вы наогул не любiце кветкi?

У яе голасе, як мне здалося, была варожасць. Я пайшоў побач з ёю, стараючыся iсцi ў нагу, i, надзiва, не адчуваў сябе няёмка.

— Не, я люблю кветкi, але не гэтакiя, — сказаў я.

— А якiя?

— Я ружы люблю.

Тут я пашкадаваў, што сказаў такое, таму што яна вiнавата ўсмiхнулся i кiнула свае кветкi ў канаву. Крыху разгублены, я ўсё ж падняў iх i падаў ёй, але яна ўсмiхнулася, не ўзяла кветкi, i я панёс iх у руках.

Гэтак iшлi нейкi час моўчкi, пакуль яна не вырвала кветкi з маiх рук i не кiнула iх на брук, потым усунула сваю руку ў пальчатцы з раструбам у маю, i мы пайшлi далей побач.

— Далей, — сказаў Iван, — i не прапускайце, калi ласка, нiчога.

— Далей? — перапытаў госць. — Што ж, далей вы можаце i самi ўсё ўгадаць. Ён раптам нечакана выцер слязу правым рукавом i прадоўжыў: — Каханне з’явiлася нам, як з-пад зямлi выскаквае забойца ў завулку, i спапялiла нас абаiх.

Гэтак б’е маланка, гэтак працiнае фiнскi нож!

Яна ж, дарэчы, сцвярджала потым, што гэта праўда, што кахалi мы адно аднаго даўным-даўно, але не ведалi адно аднаго, нiколi не бачылiся, i што яна жыла з другiм чалавекам, i я там тады… з гэтай, як яе…

— З кiм? — спытаўся Бяздомны.

— З гэтай… ну… з гэтай, ну… — адказаў госць i запстрыкаў пальцамi.

— Вы былi жанаты?

— Ага, вось я вам i пстрыкаю… На гэтай… Варачцы, Манечцы… не, Варачцы… яшчэ сукенка паласатая… музей… хаця я не памятаю.

Дык вось, яна гаварыла, што з жоўтымi кветкамi ў руках яна выйшла ў той дзень, каб я яе нарэшце знайшоў, i калi б гэта не здарылася, яна атруцiлася б, таму што жыццё ў яе было пустое.

Так, каханне пранiзала нас iмгненна. Я ведаў пра гэта ў той самы дзень, ужо праз гадзiну, калi мы апынулiся неўпрыкмет ля Крамлёўскае сцяны, на набярэжнай.

Мы размаўлялi гэтак, быццам развiталiся толькi ўчора, быццам ведалi адно аднаго многа гадоў. Мы дамовiлiся спаткацца заўтра там, на Маскве-рацэ, i сустрэлiся. Травеньскае сонца свяцiла нам. I хутка, хутка стала гэтая жанчына маёй тайнаю жонкаю.

Яна прыходзiла да мяне кожны дзень, а чакаць яе я пачынаў зранку. Чаканне гэтае ўвасаблялася ў перастаўлянне на стале прадметаў. За дзесяць хвiлiн я сядаў да акенца i пачынаў прыслухоўвацца, цi не грукнуць старэнькiя варотцы. I якi кур’ёз: да спаткання з ёй у наш дворык мала хто прыходзiў, а дакладней, нiхто не прыходзiў, а цяпер мне здавалася, што ўвесь горад накiраваўся сюды. Грукнуць варотцы, грукне сэрца, i, уявiце, на ўзроўнi майго твару за акенцам абавязкова нечыя брудныя боты. Тачыльшчык. Ну, каму патрэбны тачыльшчык у нашым двары? Што тачыць? Якiя нажы?

Яна заходзiла праз варотцы адзiн раз, а ўдараў сэрца я адчуваў не меней чым дзевяць. Я не хлушу. А потым, калi прыходзiў прызначаны час i стрэлка паказвала поўдзень, яно нават i не пераставала бiцца да таго часу, пакуль без стуку, амаль бясшумна не раўнялiся з акном туфлi з чорнымi замшавымi накладкамi-бантамi, са сталёвымi спражкамi.

Часам яна затрымлiвалася ля другога акенца, пагруквала наском у шкло. У адно iмгненне я апынаўся ля акна, але туфлiк знiкаў, чорны шоўк, якi засланяў святло, знiкаў, — я iшоў ёй адмыкаць.

Нiхто не ведаў пра нашу сувязь, за гэта я ручаюся, хаця так нiколi не бывае. Не ведаў яе муж, не ведалi знаёмыя. У старым асабнячку, дзе мне належаў гэты падвал, ведалi, вядома, бачылi, што прыходзiць да мяне нейкая жанчына, але iмя яе не ведалi.

— А хто яна такая? — спытаўся Iван, страшэнна зацiкаўлены любоўнаю гiсторыяй.

Госць зрабiў жэст, якi абазначаў, што ён нiколi i нiкому пра гэта не скажа, i працягваў свой расказ.

Iван даведаўся, што майстар i незнаёмка пакахалi адно аднаго гэтак моцна, што сталi зусiм неразлучныя. Iван выразна ўяўляў ужо i два пакойчыкi ў падвале асабнячка, у якiх заўсёды было прыцемна з-за кустоў бэзу i з-за плота. Чырвоную абшарпаную мэблю, бюро, на iм гадзiннiк, якi звiнеў праз кожнае паўгадзiны, i кнiгi, кнiгi ад пафарбаванае падлогi да закуранае столi, i печку.

Iван даведаўся, што яго госць i тайная жонка ўжо ў першыя днi прыйшлi да вываду, што звёў iх на рагу Цвярское сам лёс i што створаны яны адно для аднаго навек.

Iван даведаўся з госцевага расказу, як бавiлi дзень закаханыя. Яна прыходзiла i спачатку падвязвала фартух, у вузкiм пярэднiм пакойчыку, дзе знаходзiлася тая самая ракавiна, якой чамусьцi гэтак ганарыўся бедны хворы, на драўляным стале запальвала газавую плiтку i гатавала страву i ставiла яе ў першым пакоi на авальным стале. Калi iшлi травеньскiя навальнiцы i ля самых падслепаватых вокнаў шумна iмчала да падваротнi вада з пагрозай затапiць апошнi прытулак, закаханыя запальвалi ў печцы i пяклi бульбу. Ад бульбы iшла пара, прыгарэлая чорная бульбяная скарыначка чарнiла пальцы. У падвальчыку чуўся смех, дрэвы ў садзе скiдалi зломаныя галiнкi i суквеццi. Калi скончылiся навальнiцы i прайшло душнае лета, у вазе з’явiлiся доўгачаканыя абаiмi ружы.

Той, хто назваў сябе майстрам, працаваў, а яна запускала ў валасы тонкiя, з востра наточанымi пазногцямi пальцы, перачытвала напiсанае, а скончыўшы, шыла вось гэтую самую шапачку. Часам яна прысядала ля нiжнiх палiц або стаяла на крэсле ля верхнiх i анучкаю выцiрала сотнi пыльных пераплётаў. Яна абяцала яму славу, яна падганяла яго i вось тады i пачала называць яго майстрам. Яна чакала гэтых паабяцаных ужо апошнiх слоў пра пятага пракуратара Юдэi, нараспеў i гучна паўтарала асобныя сказы, якiя ёй падабалiся, i гаварыла, што ў гэтым рамане яе жыццё.

Ён быў дапiсаны ў жнiўнi месяцы, быў аддадзены нейкай невядомай машынiстцы, i тая перадрукавала яго ў пяцi экземплярах. I нарэшце прыйшоў час, калi давялося пакiнуць тайны прытулак i выйсцi ў жыццё.

— I я выйшаў у жыццё, трымаючы яго ў руках, i тады маё жыццё скончылася, прашаптаў майстар i апусцiў галаву, i доўга хiсталася журботная чорная шапачка з лiтарай «М». Ён павёў далей свой расказ, але той зрабiўся крыху блытаным. Можна было зразумець толькi, што з Iванавым госцем адбылася нейкая катастрофа.

— Я ўпершыню трапiў у лiтаратурны свет, але цяпер, калi ўсё ўжо скончылася i мая пагiбель вiдавочная, успамiнаю пра яго з жахам! — урачыста прашаптаў майстар i падняў руку. — Так, ён надзвычай уразiў мяне, ай, як уразiў!

— Хто? — ледзь чутна шапнуў Iван, баючыся перабiць усхваляванага расказчыка.

— Ды рэдактар, я ж гавару пра рэдактара. Ага, ён прачытаў. Ён глядзеў на мяне, нiбы ў мяне шчака распухла ад флюсу, неяк касавурыўся ў кут i быццам хiхiкнуў. Ён без патрэбы камячыў манускрыпт i нават крахтаў. Пытаннi, якiя ён мне задаваў, здалiся мне вар’яцкiмi. Не гаварыў нiчога пра сутнасць рамана, а пытаўся ў мяне, хто я такi i адкуль узяўся, цi даўно я пiшу i чаму пра мяне нiчога не было чуваць раней, i нават задаў, па-мойму, зусiм iдыёцкае пытанне: хто гэта падбухторыў мяне напiсаць раман на гэту дзiўную тэму?

Нарэшце ён мне надакучыў, i я спытаўся ў яго ў лоб — будзе ён друкаваць мой раман цi не будзе.

Тут ён замiтусiўся, пачаў пра нешта мармытаць i заявiў, што сам вырашыць гэтае пытанне не можа, што з маiм творам павiнны пазнаёмiццца iншыя сябры рэдкалегii, асабiста крытыкi Латунскi i Арыман i лiтаратар Мсцiслаў Лаўровiч. Ён папрасiў мяне прыйсцi праз два тыднi.

Я прыйшоў праз два тыднi, са мной гаварыла нейкая дзявуля з касымi ад пастаяннай хлуснi вачыма.

— Гэта Лапшоннiкава, сакратар рэдакцыi, — з усмешкаю сказаў Iван, якi добра ведаў той свет, пра якi гэтак гнеўна гаварыў яго госць.

— Магчыма, — адрэзаў той, — дык вось, у яе я атрымаў свой раман, ужо добра зашмальцаваны i растрапаны. Стараючыся не сустракацца позiркамi, Лапшоннiкава паведамiла мне, што рэдакцыя мае матэрыялаў на

Скачать:TXTPDF

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать бесплатно, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать онлайн