Сайт продается, подробности: whatsapp telegram
Скачать:TXTPDF
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)

два гады наперад i таму пытанне аб надрукаваннi майго рамана адпадае, як яна сказала.

— Што я памятаю пасля гэтага? — мармытаў майстар i пацiраў скроню. — Ага, апалыя чорныя пялёсткi на тытульным лiсце i яшчэ вочы маёй сяброўкi. Так, гэтыя вочы я памятаю.

Расказ Iванавага госця рабiўся ўсё больш блытаным, усё больш узнiкала недагаворак. Ён гаварыў нешта пра касы дождж i адчай у падвальным прытулку, пра тое, што хадзiў яшчэ некуды. Шэптам ускрыкваў, што ён яе, якая падахвочвала яго на барацьбу, нi ў чым не вiнавацiць, не, не вiнавацiць!

— Памятаю, памятаю гэты пракляты ўкладны лiст у газету, — мармытаў госць i абмалёўваў у паветры газетны лiст, i Iван здагадаўся з далейшых блытаных сказаў, што нейкi iншы рэдактар надрукаваў вялiкi ўрывак з рамана таго, хто назваў сябе майстрам.

З яго слоў, не болей як праз два днi ў другой газеце з’явiўся артыкул крытыка Арымана, якi называўся «Вораг пад крылом у рэдактара», у iм гаварылася, што Iванаў госць, выкарыстаўшы няўважлiвасць i неадукаванасць рэдактара, зрабiў спробу працягнуць у друк апалогiю Iсуса Хрыста.

— А, памятаю, памятаю! — ускрыкнуў Iван. — Але я забыў ваша прозвiшча!

— Не будзем чапаць маё прозвiшча, паўтараю, яго болей няма, — адказаў госць. — Справа не ў iм. Праз дзень у другой газеце за подпiсам Мсцiслава Лаўровiча з’явiўся другi артыкул, дзе аўтар яго прапаноўваў ударыць, i як след ударыць, па пiлатчыне i па тым багамазе, якi ўздумаў працягнуць (зноў гэтае праклятае слова!) яе ў друк.

Аслупянелы ад гэтага слова «пiлатчына», я разгарнуў трэцюю газету. Тут былi два артыкулы: адзiн Латунскага, а другi — падпiсаны лiтарамi «Н.Э.». Запэўнiваю вас, што творы Арымана i Лаўровiча можна лiчыць толькi жартам у параўнаннi з напiсаным Латунскiм. Дастаткова вам сказаць, што называўся артыкул «Ваяўнiчы старавер». Я гэтак захапiўся чытаннем артыкула пра сябе, што нават не заўважыў, як яна (дзверы не былi замкнёныя) паўстала перада мной з мокрым парасонам у руках i з мокрымi газетамi. У яе ў вачах быў агонь, рукi дрыжалi i былi халодныя. Спачатку яна кiнулася цалаваць мяне, потым ахрыплым голасам, стукаючы кулаком па стале, сказала, што атруцiць Латунскага.

Iван неяк збянтэжана пакрахтаў, але нiчога не сказаў.

— Надышлi зусiм чорныя днi. Раман быў напiсаны, рабiць больш не было чаго, i мы абое жылi тым, што сядзелi на дыванку перад печкай i глядзелi на агонь. Хаця цяпер мы часцей разлучалiся. Яна пачала хадзiць на прагулку. А са мной здарылася прыгода, як гэта было нярэдка ў маiм жыццi… У мяне раптам з’явiўся сябра. Так, так, уявiце сабе, я наогул не схiльны зблiжацца з людзьмi, маю гэтакую д’ябальскую схiльнасць: сыходжуся з людзьмi цяжка, недаверлiвы, падазроны. I — уявiце сабе, пры ўсiм гэтым абавязкова мне ў душу пранiкае хто-небудзь непрадбачаны, нечаканы i з выгляду чортведама на каго падобны, i ён мне больш за ўсiх i спадабаецца.

Дык вось, у тую праклятую пару адчынiлiся варотцы нашага садзiка, дзянёк, яшчэ памятаю, быў гэтакi прыемны, восеньскi. Яе не было дома. I праз варотцы ўвайшоў чалавек, ён зайшоў у дом па нейкай справе да майго забудоўшчыка, потым зайшоў у сад i неяк вельмi хутка пазнаёмiўся са мной. Назваўся ён журналiстам. Спадабаўся ён мне гэтак, што я дасюль, уявiце, часам успамiнаю пра яго i сумую без яго. Далей — болей, ён пачаў зазiраць да мяне. Я даведаўся, што ён халасцяк, што жыве побач прыкладна ў гэтакай самай кватэрцы i што яму цесна там, i шмат iншага. Да сябе ён чамусьцi не клiкаў. Жонцы маёй ён не спадабаўся надзвычай. Але я заступiўся за яго. Яна сказала:

— Як сабе хочаш, але гэты чалавек робiць на мяне ўражанне сама нядобрае.

Я засмяяўся. Ага, а за што, уласна, ён мне спадабаўся? Справа ў тым, што чалавек без сюрпрыза знутры, у сваiм куфэрачку, не цiкавы. Гэтакi сюрпрыз у сваiм куфэрку Алаiзiй (я забыўся сказаць, што майго новага знаёмага звалi Алаiзiй Магарыч) — меў. Канкрэтна, нiдзе да гэтага я не сустракаў i не ўпэўнены, што яшчэ сустрэну такога разумнага чалавека, як Алаiзiй. Калi я не разумеў сэнсу ў якой-небудзь газетнай заметцы, Алаiзiй растлумачваў яе мне лiтаральна за адну хвiлiну, i было вiдаць, што тлумачыць яму было зусiм проста. Гэтаксама i жыццёвымi з’явамi i праблемамi. Але мала i гэтага. Зачараваў мяне Алаiзiй сваiм апантаным захапленнем лiтаратурай. Ён не супакоiўся да таго часу, пакуль не ўгаварыў мяне прачытаць яму мой раман ад пачатку да канца, прычым пра раман ён адгукнуўся вельмi добра, але з неверагоднай дакладнасцю, быццам прысутнiчаў пры гэтым, расказаў пра ўсе заўвагi рэдактара, што датычылi гэтага рамана. Ён трапляў дакладна. Акрамя гэтага, ён зусiм пераканаўча растлумачыў мне, i я здагадваўся, што ён не памыляецца, чаму мой раман не можа быць надрукаваны. Ён гаварыў проста: раздзел вось гэты iсцi не можа…

Артыкулы не канчалiся. З першых я смяяўся. Але чым болей iх з’яўлялася, тым болей мянялiся i мае адносiны да iх. Другая стадыя была — здзiўленне. Нешта на рэдкасць фальшывае i няўпэўненае адчувалася лiтаральна ў кожным радку кожнага з гэтых артыкулаў, нягледзячы на iх пагрозлiвы i ўпэўнены тон. Мне ўсё здавалася, што аўтары гэтых артыкулаў гавораць — i я не мог пазбавiцца гэтага адчування, — не тое што хочуць сказаць i што лютасць у iх ад гэтага. А потым, уявiце сабе, прыйшла i трэцяя стадыя, стадыя страху. Не, не ад самiх артыкулаў, зразумейце, але страх з-за iншых, якiя не маюць адносiн да рамана, рэчаў. Гэтак, да прыкладу, я пачаў баяцца цемры. Адным словам, пачалася стадыя псiхiчнае хваробы. Варта мне было перад сном патушыць лямпу ў маленькiм пакойчыку, як пачынала здавацца, што праз акенца, хоць яно было i маленькае, улазiць нейкi спрут з вельмi доўгiмi i халоднымi шчупальцамi. I спаць мне давялося са святлом.

Мая каханая вельмi змянiлася (пра спрута я ёй, вядома, не гаварыў, але яна бачыла, што са мной нешта нядобрае), пахудзела i пабялела, перастала смяяцца i ўсё прасiла ў мяне прабачыць ёй за тое, што яна раiла мне, каб я надрукаваў урывак. Яна гаварыла, каб я кiнуў усё, паехаў на поўдзень да Чорнага мора, патрацiў на гэта грошы, якiя засталiся ад ста тысяч.

Яна вельмi настойвала, а я, каб не спрачацца (нешта падказвала мне, што ехаць да Чорнага мора не давядзецца), абяцаў ёй зрабiць гэта на днях. Але яна сказала, што сама возьме мне бiлет. Тады я дастаў усе свае грошы, тысяч дзесяць, i аддаў ёй.

— Нашто гэтак многа? — здзiвiлася яна.

Я сказаў нешта пра тое, што баюся зладзеяў i прашу патрымаць грошы да майго ад’езду. Яна ўзяла iх, паклала ў сумачку, пачала цалаваць мяне i гаварыць, што ёй было б лягчэй памерцi, чым пакiдаць мяне ў такiм становiшчы аднаго, але яе чакаюць, яна не можа не падпарадкавацца гэтай неабходнасцi, што яна прыйдзе заўтра. Яна ўпрошвала мяне не баяцца нiчога.

Гэта было надвячоркам, у сярэдзiне кастрычнiка. I яна пайшла. Я лёг на канапу i заснуў з незапаленай лямпаю. Прачнуўся я ад адчування, што спрут тут. Вобмацкам у цемры я ледзьве змог запалiць лямпу. Кiшэнны гадзiннiк паказваў дзве гадзiны ночы. Я лёг захварэлым, а прачнуўся зусiм хворы. Я зрабiўся чалавекам, якi ўжо не валодае сабой. Я ўскрыкнуў, у мяне з’явiлася думка ўцякаць да некага, хаця б да майго забудоўшчыка наверх. Я змагаўся сам з сабою, як ашалелы. У мяне хапiла сiлы дабрацца да печкi i запалiць дровы. Калi яны затрашчалi i аж забрыньчалi дзверцы, мне зрабiлася крыху лягчэй… Я кiнуўся ў пярэднi пакой, запалiў святло, знайшоў бутэльку белага вiна, адкаркаваў яе i пачаў пiць вiно з рыльца. Ад гэтага страх крыху прыглух, i, урэшце, я не пабег да забудоўшчыка i вярнуўся назад да печкi. Я адчынiў дзверцы гэтак, што жар пачаў апальваць мне твар i рукi, i шаптаў:

— Здагадайся, што са мной здарылася бяда. Прыйдзi, прыйдзi, прыйдзi!

Але нiхто не прыйшоў. У печцы роў агонь, у вокны лупiў дождж. Тады здарылася апошняе. Я дастаў з шуфляды такiя цяжкiя спiсы рамана i чарнавыя сшыткi i пачаў палiць iх. Гэта страшэнна цяжка рабiць, таму што спiсаная папера гарыць неахвотна. Я, ламаючы пазногцi, раздзiраў сшыткi, ставiў iх памiж паленамi i качаргою разварушваў лiсты. Часам попел перамагаў мяне, душыў полымя, але я змагаўся, i раман з упартым супрацiўленнем усё ж гiнуў. Знаёмыя словы мiльгалi перада мной, жаўцiзна няўмольна паўзла знiзу ўгору па старонках, але словы ўсё ж праступалi на iх. Яны знiкалi толькi тады, калi папера чарнела, i я з лютасцю дабiваў яе.

У гэты час у акно нехта пачаў цiхенька драпацца. Сэрца маё падскочыла, i я апусцiў апошнi сшытак у агонь i падбег адмыкаць дзверы. Цагляныя прыступкi вялi з падвала да дзвярэй на двор. Спатыкаючыся, я падбег да дзвярэй i цiха спытаўся:

— Хто там?

I голас, яе голас, адказаў мне:

— Гэта я.

Не памятаю, як я справiўся з ланцужком i ключом. Як толькi ўвайшла, яна адразу ж прыпала да мяне, уся мокрая, з мокрымi шчокамi i растрапанымi валасамi. Яна ўся калацiлася. Я мог толькi прамовiць адно слова:

— Ты… ты? — i голас мой абарваўся, мы пабеглi ўнiз.

Яна вызвалiлася ў пярэднiм пакоi ад палiто, i мы хуценька ўвайшлi ў першы пакой. Яна цiха ўскрыкнула i голымi рукамi выкiнула з печкi на падлогу апошняе, што там заставалася, пачак, якi ўжо заняўся знiзу. Дым напоўнiў пакой адразу. Я нагамi затаптаў агонь, а яна ўпала на канапу i заплакала адчайна i нястрымна.

Калi яна зацiхла, я сказаў:

— Я ўзненавiдзеў гэты раман, i я баюся. Я хворы. Мне страшна.

Яна ўстала i загаварыла:

— Божа, якi ты хворы! За што, за што гэта? Але я выратую цябе, я цябе выратую! Што ж гэта такое?

Я бачыў яе апухлыя ад дыму i слёз вочы, адчуваў, як халодныя рукi гладзяць мой лоб.

— Я цябе вылечу, вылечу, — мармытала яна i ўпiвалася мне ў плечы, — ты адновiш яго. Чаму, чаму я не пакiнула сабе адзiн экземпляр!

Яна аскалiлася ад злосцi, нешта яшчэ гаварыла незразумелае. Потым сцiснула губы i пачала збiраць i разгладжваць абгарэлыя аркушы. Гэта быў нейкi раздзел з сярэдзiны рамана, не памятаю якi. Яна акуратна склала абгарэлыя лiсткi, загарнула iх у паперу, звязала стужкай. Яна авалодала сабой i дзейнiчала рашуча. Яна запатрабавала вiна, выпiла i загаварыла спакойна.

— Вось як даводзiцца плацiць за хлусню, — гаварыла яна,

Скачать:TXTPDF

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать бесплатно, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать онлайн