Сайт продается, подробности: whatsapp telegram
Скачать:TXTPDF
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)

— i болей я не хачу лгаць. Я засталася б у цябе зараз, але мне не хочацца гэта рабiць такiм чынам. Я не хачу, каб у яго ў памяцi засталося, што я ўцякла ад яго ноччу. Ён нiколi не зрабiў мне нiчога благога. Яго выклiкалi нечакана, у iх на заводзе пажар. Але ён хутка вернецца. Я пагавару з iм заўтра ранiцай, скажу, што я кахаю другога, i назаўсёды вярнуся да цябе. Скажы мне, можа, ты не хочаш гэтага?

— Бедная мая, бедная, — сказаў я ёй, — я не дапушчу, каб ты гэта зрабiла. Мне будзе дрэнна, i я не хачу, каб ты гiнула разам са мной.

— Толькi гэта перашкода? — спыталася яна i наблiзiла свае вочы да маiх.

— Толькi гэта.

Яна страшэнна ажывiлася, прыпала да мяне, абвiла шыю рукамi i сказала:

— Я гiну разам з табою. Ранiцай я буду ў цябе.

I вось апошняе, што я памятаю ў сваiм жыццi, гэта — палоска святла з пярэдняга пакоя i ў гэтай палосцы святла яе лятучую пасмачку, яе берэт i яе поўныя рашучасцi вочы. Яшчэ памятаю яе чорную постаць на парозе ў дзвярах i белы пакунак.

— Я правёў бы цябе, але няма сiлы вярнуцца назад, я баюся.

— Не бойся. Пацярпi некалькi гадзiн. Заўтра ранiцай я буду ў цябе. — Гэта былi яе апошнiя словы ў маiм жыццi. — Цiха, — раптам перапынiў сам сябе хворы i падняў вялiкi палец, — неспакойная сёння месячная ноч.

Ён знiк на балконе. Iван чуў, як праехалi калёсiкi па калiдоры, нехта слаба ўсхлiпнуў цi ўскрыкнуў.

Калi ўсё зацiхла, госць вярнуўся i паведамiў, што 120-ты пакой атрымаў жыхара. Прывезлi нейкага, ён просiць, каб яму вярнулi галаву. Абодва субяседнiкi трывожна памаўчалi, але супакоiлiся i вярнулiся да перапыненага апавядання. Госць толькi адкрыў рот, але ночка сапраўды была неспакойная. Галасы яшчэ былi чуваць на калiдоры, i госць пачаў гаварыць Iвану гэтак цiха на вуха, што тое, што ён расказаў, стала вядома толькi аднаму паэту, за выключэннем хiба толькi першага сказа:

— Праз чвэрць гадзiны пасля таго, як яна пакiнула мяне, мне ў акно пагрукалi…

Тое, пра што расказваў хворы на вуха, вiдаць, вельмi хвалявала яго. Сутаргi час ад часу прабягалi па твары. У яго ў вачах плавалi i ўспыхвалi страх i лютасць. Расказчык паказваў рукою некуды на поўню, якая даўно пайшла з балкона. Толькi тады, калi перасталi чуцца звонку ўсялякiя гукi, госць адхiлiўся ад Iвана i пачаў гаварыць гучней.

— Ага, дык вось, у сярэдзiне студзеня, ноччу, у тым самым палiто, але з адарванымi гузiкамi, я тулiўся ад холаду ў маiм дворыку. Ззаду ў мяне былi гурбы, якiя пахавалi бэзавыя кусты, а наперадзе i ўнiзе — слабенька асветленыя, заштораныя акенцы маёй кватэры, я прыпаў да аднаго з iх, прыслухаўся — у маiх пакоях iграў патэфон. Гэта ўсё, што мне ўдалося пачуць. Але ўбачыць нiчога не мог. Я пастаяў крыху i выйшаў за варотцы ў завулак. У iм гуляла мяцелiца. Сабака, якi кiнуўся пад ногi, спалохаў мяне, i я перабег на другi бок вулiцы. Холад i страх, якiя зрабiлiся маiмi спадарожнiкамi, даводзiлi мяне да адчаю. Iсцi мне не было куды, i прасцей за ўсё было кiнуцца пад трамвай на той вулiцы, куды выходзiў мой завулак. Здалёк я бачыў гэтыя напоўненыя святлом, абледзянелыя скрынкi i чуў iх мярзотны скрыгат на марозе. Але, дарагi мой сусед, уся штука ў тым, што страх валодаў кожнаю клетачкаю майго цела. I гэтак жа, як i сабакi, я баяўся трамвая. Так, горшай за маю хваробу ў гэтым будынку няма, запэўнiваю вас.

— Але ж вы маглi паведамiць ёй, — сказаў Iван, спачуваючы бедалагу, акрамя таго, у яе ж вашы грошы? Яна ж iх, вядома, захавала?

— Не сумнявайцеся, вядома захавала. Але вы, вiдаць, мяне не разумееце? Альбо, правiльней, я страцiў былую здольнасць апiсваць што-небудзь. Мне, дарэчы, не надта гэтага шкада, бо мне болей гэта не спатрэбiцца. Перад ёй бы легла, — госць свята паглядзеў у начную цемру, — легла б пiсьмо з вар’яцкага дома. Хiба ж можна пасылаць пiсьмы, калi ў цябе такi адрас? Душэўнахворы? Вы жартуеце, мой дарагi! Не, зрабiць яе няшчаснаю, на гэта я няздольны.

Iван не змог запярэчыць, але маўклiвы Iван спачуваў госцю, перажываў за яго. А той кiваў ад пакутлiвых успамiнаў галавою ў чорнай шапачцы i гаварыў:

— Бедная жанчына. Дарэчы, у мяне ёсць спадзяванне, што яна забыла пра мяне!

— Але ж вы можаце вылечыцца… — нясмела сказаў Iван.

— Я невылечны, — спакойна адказаў госць, — калi Стравiнскi гаворыць, што верне мяне да жыцця, я яму не веру. Ён гуманны чалавек i проста хоча суцешыць мяне. Не гавару, што мне не палягчэла намнога. Ага, дзе я спынiўся? Мароз i гэтыя лятучыя трамваi. Я ведаў, што клiнiка гэтая ўжо адчынiлася, i праз увесь горад пяшком пайшоў да яе. Вар’яцтва! За горадам я, мабыць, замёрз бы, але выратавала выпадковасць. Нешта сапсавалася ў машыне, я падышоў да шафёра, гэта было кiламетры чатыры за заставаю, i, на маё здзiўленне, ён паспагадаў мне. Машына ехала сюды. I ён павёз мяне. Я адкупiўся толькi тым, што адмарозiў пальцы на левай назе. Але iх вылечылi. I вось чацвёрты месяц я тут. I ведаеце, я зразумеў, што тут даволi добра. Не трэба на многае замахвацца, дарагi мой сусед, дальбог! Я вось, напрыклад, хацеў аб’ехаць увесь зямны шар. Але, аказваецца, мне гэта не суджана. Я бачу толькi маленькi кавалачак гэтага шара. Думаю, што гэта не сама лепшае, што ёсць на iм, але, паўтараю, што гэта не так ужо i дрэнна. Вось прыйдзе лета да нас, на балконе заўецца плюшч, як абяцае Праскоўя Фёдараўна. Ключы далi мне прастору. А ноччу будзе поўня. А, яна ўжо пайшла! Свяжэе. Ноч перавалiла за поўнач. Мне пара.

— Скажыце, а што было далей з Iешуа i Пiлатам, — папрасiў Iван, — я хачу ўсё ведаць.

— Ай, не, не, — хваравiта перасмыкнуўся i адказаў госць, — я не магу без дрыжыкаў успамiнаць мой раман. А ваш знаёмы з Патрыярхавых зрабiў бы гэта лепш за мяне. Дзякуй за гаворку. Да сустрэчы.

I пакуль Iван успеў апамятацца, рашотка з цiхiм звонам зачынiлася, i госць знiк.

Раздзел 14

СЛАВА ПЕЎНЮ!

Не вытрымалi нервы, як гаворыцца, i Рымскi не дачакаўся, пакуль скончаць складаць пратакол, уцёк у свой кабiнет. Ён сядзеў за сталом i пачырванелымi вачыма глядзеў на магавы чырвонцы, якiя ляжалi перад iмi. Фiндырэктар адчуваў, што сыходзiць з глузду. Звонку чуваць быў роўны гул. Публiка плынню вырывалася з Вар’етэ на вулiцу. Да надзвычай абвостранага фiндырэктаравага слыху раптам данёсся залiвiсты свiст мiлiцэйскага свiстка. Сам па сабе ён нiколi не абяцае нiчога прыемнага. А калi ён паўтарыўся i да яго далучыўся другi, больш уладны i працяглы, а потым магутны рогат i быццам нейкае галёканне, фiндырэктар зразумеў, што на вулiцы адбылося яшчэ нешта скандальнае i брыдотнае. I што гэта, як бы табе не хацелася адмахнуцца, знаходзiцца ў сама цеснай сувязi з мярзотным сеансам, якi вытварыў чорны маг i яго памочнiкi. Чуйны фiндырэктар нi ў чым не памыляўся.

Як толькi ён зiрнуў у акно, якое выходзiла на Садовую, твар у яго скрывiўся, i ён не прашаптаў, а прашыпеў:

— Я гэта ведаў!

У яркiм святле магутных вулiчных лiхтароў ён убачыў на ходнiках ўнiзе пад сабой жанчыну ў адной сарочцы i панталонах фiялетавага колеру. На галаве ў жанчыны, праўда, быў капялюшык, а ў руцэ парасон.

Вакол гэтай жанчыны, якая была зусiм разгубленая i то прысядала, то парывалася некуды бегчы, хваляваўся натоўп, з тым самым рогатам, ад якога ў фiндырэктара па плячах праходзiў мароз. Каля панi мiтусiўся нейкi грамадзянiн, здзiраў з сябе летняе палiто i ад хвалявання нiяк не мог справiцца з рукавом, у якiм заблыталася рука.

Крык i трубны рогат пачулiся i з другога месца, канкрэтна — ад левага пад’езда. Рыгор Данiлавiч павярнуў туды галаву i ўбачыў другую панi, у ружовай бялiзне. Тая скочыла з бруку на ходнiкi i спрабавала схавацца ў пад’ездзе, але натоўп заступаў ёй дарогу, i бедная ахвяра сваёй легкадумнасцi i прагi да строяў, абманутая фiрмай паганага Фагота, хацела зараз толькi аднаго правалiцца скрозь зямлю. Мiлiцыянер кiраваўся да няшчаснае i свiдраваў паветра свiстком, а за мiлiцыянерам спяшалiся нейкiя вясёлыя маладыя людзi, i ад iх чулiся той самы рогат i галёканне.

Вусаты лiхач падляцеў да першае раздзетае i з ходу спынiў старога кастлявага каня. Вусачоў твар радасна ўхмыляўся.

Рымскi стукнуў сябе кулаком па галаве, плюнуў i адскочыў ад акна.

Ён пасядзеў нейкi час за сталом, прыслухаўся да вулiцы. Свiст у розных месцах дасягнуў найбольшай сiлы, а потым пачаў ацiхаць.

Скандал, на здзiўленне Рымскага, лiквiдавалi неспадзявана хутка.

Настаў час дзейнiчаць, даводзiлася выпiваць горкую чашу адказнасцi. Апараты былi адрамантаваны ў час трэцяга аддзялення, трэба было тэлефанаваць, паведамляць пра здарэнне, прасiць дапамогi, выкручвацца, звальваць усё на Лiхадзеева, выгароджваць самога сябе i гэтак далей. Цьфу ты, чорт! Два разы засмучаны дырэктар клаў руку на слухаўку i два разы здымаў яе. I раптам у мёртвай цiшынi кабiнета апарат сам ударыў звонам проста ў твар фiндырэктару, той здрыгануўся i ўтрупеў. «Аднак у мяне здорава разгулялiся нервы», — падумаў ён i падняў слухаўку. I адразу адхiснуўся ад яе i стаў бялейшы за паперу. Цiхi i адначасна ласкавы i вульгарны жаночы голас шапнуў у слухаўку:

— Не тэлефануй, Рымскi, нiкуды, а то будзе табе дрэнна.

Слухаўка адразу ж апусцела. Адчуваючы мурашкi на спiне, фiндырэктар паклаў слухаўку i чамусьцi азiрнуўся на акно за плячыма. Скрозь рэдкiя i яшчэ слаба ўкрытыя зеленню кляновыя галiны ён убачыў поўню, якая бегла ў празрыстым воблачку. Рымскi чамусьцi прыкiпеў позiркам да галiн, глядзеў на iх, i чым болей глядзеў, тым мацней i мацней яго апаноўваў жах.

З намаганнем фiндырэктар адвярнуўся нарэшце ад месячнага акна i ўстаў. Нiякае гаворкi пра тое, каб тэлефанаваць. Цяпер фiндырэктар думаў толькi пра адно — каб як хутчэй пайсцi з тэатра.

Ён прыслухаўся: будынак тэатра маўчаў. Рымскi зразумеў, што ён даўно адзiн на ўсiм другiм паверсе, i дзiцячы неадольны жах апанаваў яго ад гэтае думкi. Ён аж скалануўся ад думкi, што зараз яму давядзецца iсцi па парожнiх калiдорах i сыходзiць унiз па лесвiцы. Ён лiхаманкава схапiў са стала гiпнатызёрскiя чырвонцы, схаваў iх у партфель, кашлянуў, каб крышку падбадзёрыць сябе. Кашаль атрымаўся слабы i хрыплаваты.

I тут яму здалося, што з-пад дзвярэй у кабiнет пацягнула раптам гнiлаватай вiльгаццю.

Скачать:TXTPDF

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать бесплатно, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать онлайн