тушшу.
На гэтым пергаменце былi ўжо накрэслены запiсы:
«Пралятаюць хвiлiны, i я, Левiй Мацей, знаходжуся на Лысай Гары, а смерцi ўсё няма!»
Потым:
«Сонца на схiле, а смерцi ўсё няма».
Зараз Левiй Мацей безнадзейна запiсаў востраю палачкаю вось такое:
«Божа! За што ты маеш крыўду на яго? Пашлi яму смерць».
Пасля запiсу ўсхлiпнуў без слёз i зноў пазногцямi драпнуў грудзiну.
Адчай Левiя быў з-за тае вялiкае няўдачы, якая спасцiгла яго i Iешуа, у дадатак да ўсяго яшчэ i страшэнная памылка, якую ён, Левiй, на яго думку, зрабiў. Пазаўчора ўдзень Iешуа i Левiй знаходзiлiся ў Вiфанii пад Ершалаiмам, гасцявалi ў аднаго агароднiка, якому надзвычай спадабалiся пропаведзi Iешуа. Цэлую ранiцу госцi працавалi на агародзе, дапамагалi, а пад вечар, халадком, сабралiся iсцi ў Ершалаiм. Але Iешуа чамусьцi заспяшаўся, сказаў, што ў яго тэрмiновы клопат у горадзе, i апоўднi пайшоў адзiн. Вось гэта i была першая памылка Левiя Мацея. Чаму, чаму ён адпусцiў яго аднаго!
Вечарам Мацею не ўдалося пайсцi ў Ершалаiм. Нейкая нечаканая i жахлiвая хвароба раптоўна навалiлася на яго. Яго калацiла, цела гарэла, зубы стукалi, i ён бясконца прасiў пiць. Нiкуды iсцi болей не мог. Ён звалiўся на дзяружку ў будане агароднiка i праваляўся на ёй да ранiцы ў пятнiцу, калi хвароба гэтак жа раптоўна, як i навалiлася, адпусцiла Левiя. Хаця ён яшчэ быў слабы i ногi дрыжалi, ён развiтаўся з гаспадаром i накiраваўся ў Ершалаiм, бо мучыла нейкае прадчуванне бяды. Там ён даведаўся, што прадчуванне не падманула. Няшчасце здарылася. Левiй быў у натоўпе i чуў, як пракуратар аб’явiў прысуд.
Калi асуджаных павялi на Лысую Гару, Левiй Мацей бег побач з ланцугом у натоўпе зявак, стараўся як-небудзь непрыкметна падаць знак Iешуа хаця б пра тое, што ён, Левiй, тут, з iм, што ён не пакiнуў яго на апошняй дарозе i што ён за яго, каб смерць да Iешуа прыйшла як мага хутчэй. Але Iешуа, якi глядзеў удалечыню, туды, куды яго везлi, вядома, Левiя не заўважыў.
I вось калi працэсiя прайшла амаль паўвярсты па дарозе, Мацею, якога штурхалi ў натоўпе паўз самы ланцуг, прыйшла простая i генiяльная думка, i адразу ж, у гарачцы, ён пракляў сябе за тое, шго не падумаў пра гэта раней. Салдаты iшлi няшчыльным ланцугом. Памiж iмi былi прамежкi. Пры добрым спрыце i дакладным разлiку можна было сагнуцца, праскочыць памiж двума легiянерамi, дарвацца да павозкi i ўскочыць на яе. Тады Iешуа будзе выратаваны ад пакут.
Аднаго iмгнення дастаткова, каб ударыць Iешуа нажом у спiну, крыкнуць яму: «Iешуа! Я ратую цябе i адыходжу разам з табой! Я, Мацей, твой адданы i адзiны вучань!»
I калi б бог быў лiтасцiвы i даў яму яшчэ адно iмгненне, можна было б зарэзацца i самому, пазбегнуць смерцi на слупе. Хаця апошняе мала турбавала Левiя, былога зборшчыка падаткаў. Яму было ўсё роўна, як загiнуць. Ён хацеў толькi аднаго, каб Iешуа, якi не зрабiў нiкому нiчога дрэннага ў жыццi, пазбег катаванняў!
План быў вельмi добры, але справа ў тым, што Левiй не меў з сабой нажа. Не было ў яго i нiводнага грошыка.
Злосны на самога сябе Левiй выбраўся з натоўпу i пабег назад у горад. У гарачай яго галаве бiлася адна толькi лiхаманкавая думка: здабыць у горадзе нож i паспець дагнаць працэсiю.
Ён дабег да гарадскiх варот, прабiраючыся ў натоўпе i таўкатнi караванаў, якiя ўцягвалiся ў горад, i злева ўбачыў адчыненыя дзверы крамкi, у якой прадавалi хлеб. Цяжка задыханы пасля бегу па спякотнай дарозе, Левiй авалодаў сабой, паважна зайшоў у крамку, прывiтаў гаспадыню, якая стаяла ля прылаўка, папрасiў яе зняць з палiцы верхнi каравай, якi яму чамусьцi спадабаўся болей, i, як толькi яна адвярнулася, хутка i моўчкi схапiў з прылаўка тое, што лепшым i быць не можа, — навостраны, як брытва, доўгi хлебны нож, i адразу кiнуўся прэч з крамы. Праз некалькi хвiлiн ён быў зноў на Яфскай дарозе. Але працэсii ўжо i не было вiдаць. Ён пабег. Час ад часу ён падаў проста на пыл i ляжаў нерухома, пакуль аддыхваўся. Гэтым ляжаннем ён здзiўляў тых, хто ехаў на мулах i iшоў пешшу ў Ершалаiм. Ён ляжаў i слухаў, як калоцiцца яго сэрца не толькi ў грудзях, але ў галаве i ў вушах. Аддыхаўшыся крыху, ён усхоплiваўся i бег далей, але ўсё павольней i павольней. Калi ён нарэшце ўгледзеў запыленую ўдалечынi працэсiю, яна была ўжо ля падножжа ўзгорка.
— Мой божа… — прастагнаў Левiй, бо разумеў, што спазняецца. I ён спазнiўся.
Пасля чатырох гадзiн пакарання Левiй не мог болей трываць пакут i разлютаваўся. Устаў з каменя, кiнуў на зямлю непатрэбны цяпер ужо, як думалася яму, нож, растаптаў нагою бiклагу з вадой, скiнуў з галавы кефi, ухапiўся за рэдзенькiя валасы на галаве i пачаў праклiнаць сябе самога.
Ён праклiнаў сябе, выкрыкваў незразумелыя словы, выў i пляваўся, лаяў свайго бацьку i мацi за тое, што нарадзiлi на свет божы дурня.
Праклёны i лаянка не дзейнiчалi, i нiчога пад спякотным сонцам не мянялася, ён бачыў гэта, i таму заплюшчыў вочы, сцiснуў маленькiя кулачкi, падняў iх угору ў неба, да сонца, якое апускалася ўсё нiжэй i нiжэй, доўжыла ценi i адыходзiла, каб упасцi ў Мiжземнае мора, i запатрабаваў у бога неадкладнага цуду. Ён патрабаваў, каб бог адразу паслаў Iешуа смерць.
Калi ён расплюшчыў вочы, то пераканаўся, што на ўзгорку нiчога не змянiлася, хiба толькi патухлi блiскучыя плямы на грудзях у кентурыёна. Сонца пякло ў спiны пакараным, якiя вiселi тварамi да Ершалаiма. Тады Левiй закрычаў:
— Божа, я праклiнаю цябе!
Асiплым голасам ён крычаў пра тое, што пераканаўся ў божай несправядлiвасцi i больш не будзе верыць яму.
— Ты глухi! — крычаў Левiй. — Калi б ты быў не глухi, ты пачуў бы мяне i забiў бы яго адразу!
Левiй заплюшчыў вочы, чакаў агню, якi абрынецца на яго з неба i спапялiць. Гэтага не здарылася, i Левiй з заплюшчанымi вачыма працягваў крычаць зняважлiвыя i крыўдныя словы небу. Ён крычаў пра тое, што зусiм расчараваўся, што ёсць на свеце iншыя багi i iншыя рэлiгii. Другi бог не дапусцiў бы такога, нiколi не давёў бы, каб такi чалавек, як Iешуа, згараў ад сонца на слупе.
— Я памыляўся! — крычаў зусiм ахрыплы Левiй. — Ты бог злосцi, а не дабра! Цi табе засцiў вочы дым ад куродымнiц у храмах, а вушы твае ўжо нiчога не чуюць, акрамя папоўскiх трубных галасоў? Ты не ўсемагутны бог. Ты чорны бог. Пракляцце табе, бог бандытаў, iхнi абаронца i iх душа!
I тут нешта павеяла ў твар былому зборшчыку падаткаў i шорхнула ў яго пад нагамi. Павеяла яшчэ раз, i тады Левiй расплюшчыў вочы i ўбачыў, што ўсё навокал, цi ад яго праклёнаў, цi з-за нечага iншага, перамянiлася. Знiкла сонца, якое гэтак i не дайшло да мора, у якiм танула штовечар. Навальнiчная хмара праглынула яго i ўставала з захаду грозна i няўмольна. Краi хмары ўжо закiпалi белаю пенаю, чорнае дымнае чэрава адсвечвала жаўцiзною. Хмара бурчала, i з яе час ад часу вывiвалiся вогненныя пiсягi. Па Яфскай дарозе, па беднай Гiёнскай далiне, над буданамi багамольцаў, узнятыя раптоўным ветрам, ляцелi пыльныя слупы. Левiй змоўк, спрабаваў угадаць, цi прынясе навальнiца, якая зараз накрые сабой Ершалаiм, якую-небудзь перамену ў лёсе няшчаснага Iешуа. I адразу ж, гледзячы на вогненныя пiсягi, якiя паласавалi хмару, пачаў прасiць, каб маланка ўдарыла ў слуп, да якога быў прывязаны Iешуа. Левiй з раскаяннем глядзеў у неба, якое яшчэ не накрыла хмара i дзе каршачкi клалiся на крыло, каб уцячы ад навальнiцы, i думаў, што, як дурань, паспяшаўся з праклёнамi. Цяпер бог не паслухае яго.
Левiй паглядзеў на падножжа ўзгорка, на тое месца, дзе стаяў рассыпаны кавалерыйскi полк, i заўважыў, што там адбылiся вялiкiя перамены. З вышынi Левiю добра было вiдаць, як салдаты мiтусiлiся, вырывалi з зямлi пiкi, ахiлялiся плашчамi, каняводы подбегам спяшалiся да дарогi з варанымi коньмi на павадах. Полк ад’язджаў, гэта было зразумела. Левiй прыкрываў твар ад пылу, пляваўся i стараўся здагадацца, што гэта значыць, калi кавалерыя збiраецца ад’язджаць? Ён перавёў позiрк вышэй i ўгледзеў маленькую постаць у барвовай вайсковай хламiдзе, якая ўзыходзiла да пляцоўкi, на якой адбывалася пакаранне. I тут прадчуванне радаснага канца пахаладзiла сэрца былога зборшчыка падаткаў.
Той, хто ўзыходзiў на гару на пятай гадзiне пакут асуджаных, быў камандзiр кагорты, якi прыехаў з Ершалаiма ў суправаджэннi ардынарца. Салдацкi ланцуг па камандзе Крысабоя разамкнуўся, i кентурыён адсалютаваў трыбуну. Той адвёў убок Крысабоя i нешта шапнуў яму. Кентурыён другi раз адсалютаваў i рушыў да групкi катаў, якiя сядзелi на камянях ля слупоў. Трыбун сам накiраваўся да таго, хто сядзеў на трохногай табурэтцы, i чалавек ветлiва ўстаў насустрач трыбуну. I яму штосьцi цiха сказаў трыбун, i яны абодва падышлi да слупоў. Да iх далучыўся i начальнiк храмавай варты.
Крысабой гiдлiва зiрнуў на брудныя анучы, якiя ляжалi на зямлi ля слупоў, тое, што нядаўна было адзеннем злачынцаў, ад якога адмовiлiся каты, паклiкаў двух i загадаў:
— За мною!
З блiжэйшага слупа чулася хрыплая незразумелая песенька. Павешаны на iм Гестас на трэцяй гадзiне звяр’яцеў ад мух i ад сонца, i цяпер нешта цiхенька спяваў пра вiнаград, але галавой, якая была прыкрыта чалмою, зрэдку варушыў, i тады мухi нехаця ўзляталi з твару i потым зноў садзiлiся назад.
Дзiсмас на другiм слупе пакутаваў болей за астатнiх, таму што не трацiў прытомнасцi, i ён размерана матляў галавой у бакi, каб вухам даставаць да пляча.
Шчаслiвейшы быў Iешуа. На першай гадзiне ў яго пачалiся вобмаракi, а потым ён i зусiм самлеў, звесiў галаву ў развязанай чалме. Мухi i слепакi ўшчэнт абляпiлi яго, гэтак, што i твару не было вiдаць пад чорнай масай, якая варушылася. На пахвiне, на жываце, пад пахамi сядзелi тлустыя слепакi i ссалi жоўтае голае цела.
Падпарадкуючыся загаду чалавека ў башлыку, адзiн з катаў узяў кап’ё, а другi прынёс да слупа вядро з вадой i губку. Першы кат падняў кап’ё i пастукаў iм спачатку па адной, потым па другой руцэ Iешуа. Рукi былi выпрастаны i прывязаны да папярэчыны на слупе. Цела здрыганулася худымi рабрынамi. Кат правёў кончыкам кап’я па жываце. Iешуа падняў галаву, мухi загулi, узляцелi, адкрыўся твар павешанага, распухлы ад укусаў, з заплыўшымi вачыма, твар, якi нельга было пазнаць.
Га-Ноцры разляпiў павекi i зiрнуў унiз. Вочы ў яго, заўсёды ясныя, цяпер былi каламутныя.
— Га-Ноцры! — сказаў кат.
Га-Ноцры паварушыў распухлымi губамi i адазваўся хрыплым бандыцкiм голасам:
— Чаго ты