i такое ў жыццi неаднойчы здаралася.
— Выбачайце, вы былi сябрам майго нябожчыка Мiшы? — спытаўся ён, выцiраючы рукавом левае сухое вока, а правым прыглядаўся да Кароўева, якi сцiнаўся ад скрухi.
Але той гэтак расплакаўся, што нельга было нiчога разабраць зусiм, акрамя паўтораў слоў «хрась» i «папалам». Наплакаўшыся ўволю, Кароўеў нарэшце адлiп ад сценкi i прамовiў:
— Не, не магу болей! Пайду вып’ю трыста кропель эфiрнае валяр’янкi! — ён павярнуўся да Паплаўскага ўшчэнт заплаканым тварам i дадаў: — Вось яны, трамваi!
— Выбачайце, гэта вы мне адбiлi тэлеграму? — спытаўся Максiмiлiян Андрэевiч, пакутлiва думаючы, хто ён, гэты дзiўны плакса.
— Ён! — адказаў Кароўеў i тыцнуў пальцам на ката.
Паплаўскi вылупiў вочы, падумаў, што недачуў.
— Не, не магу, не стае сiлы, — шморгаючы носам, працягваў Кароўеў, — як успомню: кола па назе… адно кола пудоў дзесяць будзе… Хрась! Пайду лягу, паспрабую заснуць, — i ён адразу знiк з пярэдняга пакоя.
А кот паварушыўся, саскочыў з крэсла, стаў на заднiя лапы, прыхарашыўся, разявiў пашчу i сказаў:
— Ну, я даў тэлеграму. А што далей?
У Максiмiлiяна Андрэевiча адразу закружылася галава, аднялiся рукi i ногi, ён упусцiў чамаданчык i сеў на крэсла насупраць ката.
— Я ж, здаецца, у вас па-расейску пытаюся, — сурова сказаў кот, — а што далей?
Паплаўскi нiчога не адказаў.
— Пашпарт! — мяўкнуў кот i працягнуў пульхную лапу.
Паплаўскi нiчога не цямiў i не бачыў, акрамя дзвюх iскраў у кашэчых вачах, ён выхапiў з кiшэнi пашпарт, як кiнжал. Кот узяў з падлюстравага столiка акуляры ў тоўстай чорнай аправе, начапiў iх на морду, з-за чаго зрабiўся яшчэ больш важны, i выняў з дрыжачае рукi ў Паплаўскага пашпарт.
«Цiкава, самлею я цi не?» — падумаў Паплаўскi. Здалёк чуваць былi ўсхлiпы Кароўева, увесь пярэднi пакой напоўнiўся эфiрным пахам, пахам валяр’янкi i яшчэ нейкае моташнай мярзотнасцi.
— Якiм аддзяленнем выдадзены ваш дакумант? — спытаўся кот i прыгледзеўся да старонкi.
Адказу не было.
— Чатырыста дванаццатым, — сам сабе сказаў кот, водзячы лапай па пашпарце, якi ён трымаў дагары, — ну, вядома! Я ведаю гэтае аддзяленне! Там абы-каму пашпарты выдаюць! А я, напрыклад, такому, як вы, не выдаў бы! Нiзавошта не выдаў бы! Толькi паглядзеў на твар i адразу б адмовiў! — кот гэтак раззлаваўся, што шпурнуў пашпарт на падлогу. — Ваша прысутнасць на пахаваннi адмяняецца, — працягваў кот афiцыйным голасам, — едзьце на месца жыхарства. I раўнуў за дзверы:- Азазела!
На яго голас у пярэднi пакой выбег маленькi, кульгавенькi, у чорным у аблiпку трыко, з нажом за скураной папругаю, рыжы, з жоўтым iклом, з бяльмом на левым воку.
Паплаўскi адчуў, што яму не хапае паветра, устаў з крэсла i пачаў адступаць задам, трымаючыся за сэрца.
— Азазела, правядзi! — загадаў кот i выйшаў з пярэдняга пакоя.
— Паплаўскi, — цiха прагугнявiў маленькi, — спадзяюся, усё зразумела?
Паплаўскi кiўнуў галавой.
— Вяртайся неадкладна ў Кiеў, — працягваў Азазела, — сядзi там цiшэй вады нiжэй травы i нi пра якую кватэру ў Маскве нават i не думай, зразумела?
Гэты маленькi, якi да смерцi палохаў Паплаўскага сваiм iклом, нажом i крывым вокам, даставаў эканамiсту толькi да пляча, але дзейнiчаў энергiчна, складна i спраўна.
Найперш ён падняў пашпарт i падаў яго Максiмiлiяну Андрэевiчу, i той узяў кнiжачку змярцвелаю рукою. Потым названы Азазелам адной рукою падняў чамадан, другою адчынiў дзверы, узяў пад руку Берлiёзавага дзядзьку, вывеў яго на лесвiчную пляцоўку. Паплаўскi прыхiлiўся да сцяны. Без усякага ключа Азазела адамкнуў чамадан, дастаў з яго вялiзную смажаную курыцу без аднае нагi, загорнутую ў прамасленую газету, i паклаў яе на пляцоўцы. Потым дастаў дзве пары бялiзны, брытвенны прыбор, папругу, нейкую кнiжку i футарал i ўсё гэта згроб нагой у лесвiчны пралёт, акрамя курыцы. Туды паляцеў i апусцелы чамадан. Чуваць было, як ён грымнуўся ўнiзе i ад яго адляцела вечка.
Потым рыжы бандыт ухапiў курыцу за нагу i ўсёй гэтай курыцай так моцна i страшна ўлупiў Паплаўскаму па шыi, што курынае тулава адляцела, а нага засталася ў руцэ ў Азазелы. Усё пераблыталася ў доме Аблонскiх, як справядлiва сказаў знакамiты пiсьменнiк Леў Талстой. Гэтае самае паўтарыў бы ён i зараз. Сапраўды, усё замiтусiлася ў вачах у Паплаўскага. Доўгая iскра праляцела ў яго перад вачыма, потым змянiлася на жалобнага змея, якi на iмгненне патушыў травеньскi дзень, i Паплаўскi паляцеў унiз па лесвiцы, трымаючы пашпарт у руцэ. Ён даляцеў да павароту, выбiў нагою шкло ў акне на наступнай пляцоўцы i сеў на прыступку. Паўз яго праскакала бязногая кура i ўпала ў пралёт. Азазела наверсе iмгненна абгрыз курыную нагу, костку ўсунуў у бакавую кiшэню трыко, вярнуўся ў кватэру i грукнуў за сабою зачыненымi дзвярыма. У гэты час знiзу пачулiся асцярожныя крокi чалавека, якi iшоў угору.
Паплаўскi прабег яшчэ адзiн пралёт i, сеўшы на канапку, перавёў дух.
Нейкi маленькi пажылы чалавек з надзвычай сумным тварам, у часучовым старадаўнiм гарнiтуры i ў цвёрдым саламяным капелюшы з зялёнаю стужкаю, iшоў па лесвiцы ўгару i спынiўся ля Паплаўскага.
— Можна ў вас папытаць, грамадзянiн, — сумна пацiкавiўся часучовы чалавек, — а дзе кватэра нумар пяцьдзесят?
— Вышэй! — коратка адказаў Паплаўскi.
— Шчыра вам дзякую, грамадзянiн, — гэтак жа сумна сказаў чалавек i пайшоў угору, а Паплаўскi пабег унiз.
Узнiкае пытанне, цi не ў мiлiцыю заспяшаўся Максiмiлiян Андрэевiч скардзiцца на бандытаў, якiя ўчынiлi над iм гвалт сярод белага дня? Не, нi ў якiм выпадку, гэта можна сказаць смела. Пайсцi ў мiлiцыю i сказаць, што вось кот у акулярах, маўляў, чытаў мой пашпарт, а потым чалавек у трыко з нажом… не, грамадзяне, Максiмiлiян Андрэевiч сапраўды быў чалавек разумны!
Ён ужо быў унiзе, калi ўбачыў ля самых парадных дзвярэй дзверы ў нейкую каморку. Шкло ў гэтых дзвярах было пабiта. Паплаўскi схаваў пашпарт у кiшэню, азiрнуўся, каб угледзець свае рэчы, але iх i след прастыў. Паплаўскi здзiвiўся, што гэта яго амаль не засмуцiла. Iм валодала другая цiкавая i спакуслiвая думка — праверыць на маленькiм чалавечку яшчэ раз гэтую праклятую кватэру. На самай справе: калi ён пытаўся, дзе яна знаходзiцца, значыць, iшоў у яе ўпершыню. Выходзiць, зараз ён прастуе ў кiпцюры да тае кампанii, якая засела ў кватэры No 50. Нешта падказвала Паплаўскаму, што чалавечак гэты вельмi хутка выйдзе з кватэры. Нi на якое пахаванне нiякага пляменнiка Максiмiлiян Андрэевiч, вядома, ужо не збiраўся, а да цягнiка на Кiеў часу хапала. Эканамiст азiрнуўся навокал i нырнуў у каморку. У гэты час далёка наверсе грукнулi дзверы. «Гэта ён увайшоў!» — падумаў Паплаўскi, i сэрца ў яго замёрла. У каморцы было халаднавата, пахла мышамi i ботамi. Максiмiлiян Андрэевiч усеўся на нейкай драўлянай калодзе i пачаў чакаць. Пазiцыя зручная, з каморкi вiдаць былi парадныя дзверы шостага пад’езда.
Аднак чакаць давялося даўжэй, чым меркаваў кiяўлянiн. Лесвiца ўвесь час чамусьцi пуставала. Чуваць было добра, i нарэшце на шостым паверсе грукнулi дзверы. Паплаўскi замёр. Ага, яго крокi. Iдзе ўнiз. Адчынiлiся дзверы нiжэйшага паверха. Жаночы голас. Голас сумнага чалавека… сапраўды, яго голас… Прамовiў нешта падобнае на «адчапiся, богам прашу…». Вуха Паплаўскага тырчала ў пабiтым шкле. Гэтае вуха ўлавiла жаночы смех. Хуткiя i бойкiя крокi ўнiз, i вось прамiльгнула жаночая спiна. Гэтая жанчына з цыратавай зялёнаю сумкаю выйшла з пад’езда ў двор. А крокi таго чалавечка пачулiся зноў. «Дзiўна, ён назад вяртаецца ў кватэру. Вось зноў наверсе дзверы адчынiлiся. Ну што ж, пачакаем яшчэ».
На гэты раз чакаць давялося нядоўга. Грукат дзвярэй. Крокi сцiхлi. Адчайны крык. Кацiнае мяўканне. Крокi хуценькiя, дробненькiя, унiз, унiз, унiз!
Паплаўскi дачакаўся. Хрысцячыся i штосьцi мармычучы, праiмчаў журботны чалавек, без капелюша, з вар’яцкiм тварам, паабдзiранаю лысiнаю i ў зусiм мокрых штанах. Ён пачаў тузаць ручку выхадных дзвярэй, ад страху забыўся, у якi бок дзверы адчыняюцца — вонкi цi ўсярэдзiну, — нарэшце справiўся з дзвярыма i вылецеў пад сонца на двор.
Кватэра была праверана. Максiмiлiян Андрэевiч не думаў болей нi пра нябожчыка пляменнiка, нi пра кватэру, шаптаў толькi два словы: «Усё зразумела! Усё зразумела!», вылецеў на двор, сцiнаючыся ўвесь ад аднае толькi думкi пра тую небяспеку, якая яму пагражала. Праз некалькi хвiлiн тралейбус iмчаў эканамiста-планавiка на Кiеўскi вакзал.
З маленькiм чалавечкам, пакуль эканамiст сядзеў унiзе ў каморцы, адбылася надзiва непрыемная гiсторыя. Чалавек гэты быў буфетчык у Вар’етэ i звалi яго Андрэй Фокавiч Сакаў. Пакуль iшло следства ў Вар’етэ, Андрэй Фокавiч трымаўся збоч ад усяго, што дзеелася, можна было толькi прыкмецiць, што з выгляду зрабiўся ён яшчэ больш сумным, чым быў звычайна, i, акрамя ўсяго, ён пацiкавiўся ў кур’ера Карпава пра тое, дзе спынiўся прыезджы маг.
Такiм чынам, пасля таго як развiтаўся на пляцоўцы з эканамiстам, буфетчык дабраўся да пятага паверха i пазванiў у кватэру No 50.
Яму адразу ж адчынiлi, але буфетчык скалануўся, адступiў назад i ўвайшоў не адразу. Гэта зразумела. Адамкнула дзверы дзявуля, на якой нiчога не было, акрамя какетлiвага карункавага фартушка i белае наколкi на галаве. Ды на нагах яшчэ былi залатыя туфлi. Сама сабою дзявуля была — нi да чога не прыдзярэшся, усё як след, калi не лiчыць барвовага шрама на шыi.
— Ну што ж, заходзьце, калi званiлi! — сказала дзявуля, гледзячы на буфетчыка зялёнымi распуснымi вачыма.
Андрэй Фокавiч толькi вохкнуў, замiргаў вачыма, ступiў у пярэднi пакой i зняў капялюш. У гэты момант у пярэдняй зазванiў тэлефон. Бессаромная пакаёўка паставiла адну нагу на крэсла, зняла слухаўку з рычага i сказала ў яе:
— Алё!
Буфетчык не ведаў, куды глядзець, пераступаў з нагi на нагу i думаў: «Ну i пакаёўка ў чужаземца! Цьфу ты, брыдота якая!» I каб уратавацца ад брыдоты, глядзеў па баках. Увесь вялiкi i прыцемны пярэднi пакой быў завалены нязвыклымi прадметамi i адзеннем. Напрыклад, на спiнку крэсла быў накiнуты жалобны плашч з вогненнай чырвонаю падкладкаю, на падлюстравым столiку ляжала доўгая шпага з блiскучым залатым тронкам. Тры шпагi з тронкамi срэбнымi стаялi ў кутку гэтак жа звычайна, як нейкiя парасоны альбо кавенькi. А на аленевых рагах вiселi берэты з арлiным пер’ем.
— Так, — гаварыла пакаёўка ў тэлефон, — як? Барон Майгель? Слухаю. А! Пан артыст сёння дома. Ага, будзе рады сустрэцца з вамi. Ага, госцi… Фрак цi чорны гарнiтур. Што? А дванаццатай ночы. — Пакаёўка скончыла размову i сказала буфетчыку: — Што вам трэба?
— Мне трэба бачыць пана артыста.
— Што? Усяго толькi яго самога?
— Яго, — сумна адказаў буфетчык.
— Спытаюся, — сказала няўпэўнена пакаёўка, прачынiла дзверы ў пакой нябожчыка Берлiёза i паведамiла: — Рыцар, тут з’явiўся маленькi