iм: «Калi цябе выслалi, то чаму не прысылаеш вестачку? Людзi ж неяк перадаюць. Ты разлюбiў мяне? Не, я чамусьцi ў гэта не веру. Значыць, цябе выслалi, i ты памёр… Тады прашу цябе, адпусцi мяне, дай мне, нарэшце, жыць, дыхаць паветрам». Маргарыта Мiкалаеўна сама адказвала сабе за яго: «Ты вольная… Хiба я трымаю цябе?» Потым пярэчыла яму: «Не, гэта не адказ! Не, ты пакiнь маю памяць, тады я зраблюся вольнаю».
Людзi iшлi паўз Маргарыту Мiкалаеўну. Нейкi мужчына кiнуў позiрк на прыгожа апранутую жанчыну, захоплены яе прыгажосцю i адзiнотаю. Ён кашлянуў, прысеў на краёк лаўкi, на якой сядзела Маргарыта Мiкалаеўна. Нарэшце адважыўся i загаварыў:
— А сёння i сапраўды цудоўнае надвор’е…
Але Маргарыта гэтак цяжка паглядзела на яго, што ён устаў i пайшоў.
«Вось i прыклад, — у думках гаварыла Маргарыта таму, хто валодаў ёю, чаму я прагнала гэтага мужчыну? Мне сумна, а гэты гуляка нядрэнны, хiба што яго пустая гаворка пра надвор’е? Чаму я сяджу, як сава, адна пад сцяною? Чаму я выключана з жыцця?»
Яна зусiм зажурылася i звяла. Але раптам тая самая ранiшняя хваля чакання i ўзбуджанасцi скаланулася ў грудзях. «Сапраўды здарыцца!» Хваля ўдарыла другi раз, i тут яна зразумела, што хваля гэтая гукавая. Скрозь гарадскi шум усё выразней чулiся ўдары барабана i гук крыху фальшывых труб, якiя наблiжалiся.
Першым паказаўся конны мiлiцыянер, якi ехаў паўз рашотку сада, а за iм тры пешыя. Потым паволi поўз грузавiк з музыкантамi. За iмi — адкрытая новенькая пахавальная машына, якая павольна рухалася, на ёй уся ў вянках труна, а па кутах пляцоўкi — чатыры чалавекi стойма: тры мужчыны i адна жанчына. Нават здалёку Маргарыта разгледзела, што твары ў тых, хто стаяў у пахавальнай машыне i праводзiў нябожчыка ў апошнюю дарогу, нейкiя дзiўна разгубленыя. Асаблiва заўважна было гэта па грамадзянцы, якая стаяла ў левым заднiм куце. Тоўстыя шчокi гэтае грамадзянкi быццам знутры распiрала нейкая пiкантная таямнiца, у заплылых вачах блукалi двухсэнсоўныя агеньчыкi. Здавалася, яшчэ крыху, i грамадзянка не вытрымае, падмiргне нябожчыку i скажа: «Нiколi такога не было! Проста мiстыка!» Гэтакiя ж разгубленыя твары былi i ў тых, хто праводзiў пешкi, iх прыкладна чалавек трыста паволi iшло следам за пахавальнаю машынаю.
Маргарыта правяла вачыма шэсце, прыслухалася да таго, як зацiхае панылы турэцкi барабан, якi паўтараў адно i тое ж самае — «бумс, бумс, бумс», i думала: «Якое незвычайнае пахаванне… I якая нуда ад гэтага «бумса». Дальбог, чорту б душу прадала, каб толькi даведацца, цi жывы ён! Цiкава, каго гэта хаваюць з гэтакiмi збянтэжанымi тварамi?»
— Берлiёза Мiхаiла Аляксандравiча, — пачуўся побач крыху гугнявы мужчынскi голас, — старшыню МАССАЛIТа.
Здзiўленая Маргарыта Мiкалаеўна завярнулася i ўбачыла на сваёй лаўцы грамадзянiна, якi, мабыць, нячутна прысеў у той час, калi Маргарыта загледзелася на працэсiю i, бадай, у разгубленасцi сваё пытанне вымавiла гучна.
Працэсiя тым часам пачала прыпыняцца, мабыць, затрыманая наперадзе святлафорамi.
— Сапраўды, — працягваў незнаёмы, — незвычайны ў iх настрой. Вязуць нябожчыка, а думаюць толькi пра тое, дзе дзелася яго галава!
— Якая галава? — спыталася Маргарыта i прыгледзелася да неспадзяванага суседа. Ён аказаўся маленькi ростам, вогненна-рыжы, з iклом, у крухмальнай бялiзне, у паласатым дарагiм гарнiтуры, у лакавых туфлях i з капелюшом на галаве. Гальштук яркi. Дзiўнае было яшчэ тое, што з кiшэнькi, у якой мужчыны звычайна носяць насоўкi альбо самапiскi, у гэтага грамадзянiна тырчала абгрызеная курыная костачка.
— Ага, будзьце ласкавы ведаць, — растлумачыў рыжы, — сёння ранiцай у грыбаедаўскай зале галаву ў нябожчыка ўкралi з труны.
— Як гэта можа быць? — мiжволi спыталася Маргарыта i адразу ўспомнiла шэпт у тралейбусе.
— А чорт яго ведае! — нахабна адказаў рыжы. — Я думаю, што пра гэта трэба было б у Бегемота спытацца! Надта лоўка свiснулi. Гэтакi скандал! I галоўнае, незразумела, каму i нашто яна патрэбна, гэтая галава!
Як не была занята сваiм Маргарыта Мiкалаеўна, яе ўсё ж уразiла дзiўная хлусня невядомага грамадзянiна.
— Выбачайце, — раптам усклiкнула яна, — якога Берлiёза? Гэтага, што ў газетах сёння…
— Ага, ага…
— Дык гэта, выходзiць, лiтаратары за труною iдуць? — спыталася Маргарыта i на паўслове замоўкла.
— Ну вядома ж, яны!
— А вы iх ведаеце?
— Усiх да аднаго, — адказаў рыжы.
— Скажыце, — загаварыла Маргарыта, i голас яе зрабiўся глухiм, — а сярод iх ёсць крытык Латунскi?
— А як жа, — адказаў рыжы, — вось ён крайнi, у чацвёртым радзе.
— Гэты бландзiн? — прымружылася Маргарыта.
— Попельнага колеру… Бачыце, глядзiць у неба.
— На папа падобны?
— Во-во!
Больш Маргарыта нi пра што не пыталася, прыглядалася да Латунскага.
— А вы, я бачу, ненавiдзiце гэтага Латунскага, — усмешлiва загаварыў рыжы.
— Я яшчэ сяго-таго ненавiжу, -праз зубы адказала Маргарыта, — але гэта нецiкавая гаворка.
Працэсiя ў гэты час рушыла далей, за людзьмi паплылi большасцю пустыя аўтамабiлi.
— Сапраўды, што ў гэтым цiкавага, Маргарыта Мiкалаеўна!
Маргарыта здзiвiлася.
— Вы ведаеце, хто я?
Замест гэтага рыжы зняў капялюш i ўзяў яго ў руку.
— Ну добра, мяне завуць Азазела, але вам гэта нiчога не гаворыць.
— А вы не скажаце мне, як i адкуль вы даведалiся пра лiсткi i пра мае думкi?
— Не скажу, — суха адказаў Азазела.
— А вы ведаеце хоць што-небудзь пра яго? — з мальбою зашаптала Маргарыта.
— Ну, няхай будзе ведаю.
— Малю вас: скажыце толькi адно — ён жывы? Не мучце мяне.
— Ну, жывы, жывы, — неахвотна адазваўся Азазела.
— Божачка!
— Калi ласка, не хвалюйцеся i не крычыце, — пахмура сказаў Азазела.
— Даруйце, даруйце, — мармытала пакорлiвая Маргарыта, — я, вядома, раззлавалася на вас. Але, пагадзiцеся, калi на вулiцы запрашаюць жанчыну некуды ў госцi… Я не старамодная, запэўнiваю вас, — Маргарыта нявесела ўсмiхнулася, — але я нiколi не сустракалася з чужаземцамi, i сустракацца ў мяне з iмi няма нiякае ахвоты… i, акрамя таго, мой муж… Мая драма ў тым, што я жыву з тым, каго не кахаю, але псаваць яму жыццё не хачу. Ад яго я нiчога не мела, акрамя дабра…
Азазела з паказным сумам слухаў гэтае блытанае мармытанне i сурова сказаў:
— Прашу вас, памаўчыце хвiлiнку.
Маргарыта пакорлiва замоўкла.
— Я запрашаю вас да чужаземца зусiм бяспечнага. I нiводная душа не будзе ведаць пра гэтае наведванне. Вось за гэта я магу паручыцца.
— А навошта я яму? — лiслiва спыталася Маргарыта.
— Пра гэта вы даведаецеся пазней.
— Разумею… Я павiнна буду аддацца яму, — сказала Маргарыта задумлiва.
У адказ на гэта Азазела пагардлiва хмыкнуў i адказаў:
— Любая жанчына ў свеце, магу запэўнiць вас, толькi i марыла б пра гэта, твар Азазелы скрывiўся ад смяшку, — але я расчарую вас, гэтага не будзе.
— I што гэта за чужаземец такi? — разгублена ўсклiкнула Маргарыта гэтак моцна, што на яе азiрнулiся мiнакi. — I што за iнтарэс мне iсцi да яго?
Азазела нахiлiўся да яе i шматзначна шапнуў:
— Ну, iнтарэс, скажам, вялiкi… Вы скарыстаеце выпадак…
— Што? — усклiкнула Маргарыта, i вочы ў яе зрабiлiся круглыя. — Калi я вас правiльна зразумела, вы намякаеце на тое, што я магу даведацца пра яго?
Азазела моўчкi кiўнуў галавой.
— Еду! — цвёрда ўсклiкнула Маргарыта i ўхапiла Азазелу за руку. — Еду куды хочаце!
Азазела з палёгкаю аддыхаўся, адкiнуўся да спiнкi, закрыў плячыма выразанае вялiкiмi лiтарамi «Нюра» i загаварыў iранiчна:
— Цяжкi народ гэтыя жанчыны! — ён усунуў рукi ў кiшэнi i далёка наперад выцягнуў ногi. — Нашто, напрыклад, мяне паслалi? Няхай бы Бегемот хадзiў, ён прыгожы, абаяльны…
Маргарыта загаварыла, кiсла i па-жабрачы ўсмiхаючыся:
— Досыць вам мучыць мяне мiстыфiкацыямi i загадкамi… Я чалавек i так няшчасны, а вы выкарыстоўваеце гэта. Улажу я ў нейкую дзiўную гiсторыю, але, клянуся, толькi таму, што вы спакусiлi мяне словамi пра яго! У мяне галава кругам iдзе ад усiх гэтых бед…
— Не драматызуйце, не драматызуйце, — адазваўся Азазела i скрывiў морду, мяне таксама зразумець трэба. Даць па мордзе адмiнiстратару, выгнаць дзядзьку з дома, альбо падстрэлiць каго-небудзь, цi яшчэ якую дробязь зрабiць, гэта мая непасрэдная спецыяльнасць, але размаўляць з закаханымi жанчынамi — злiтуйцеся. Я ўжо вас паўгадзiны ўломлiваю. Дык едзеце?
— Еду, — проста адказала Маргарыта Мiкалаеўна.
— Тады, калi ласка, трымайце, — Азазела дастаў з кiшэнi круглую залатую каробачку, падаў яе Маргарыце i сказаў: — Ды схавайце, а то мiнакi глядзяць. Яна вам спатрэбiцца, Маргарыта Мiкалаеўна. Вы вельмi пастарэлi ад гора за апошнiя паўгода. (Маргарыта ўспыхнула, але нiчога не сказала, а Азазела працягваў.) Сёння вечарам, роўна а палове дзесятай, майце ласку, раздзеўшыся дагала, нацерцi гэтай маззю твар i ўсё цела. Далей можаце рабiць што хочаце, але не адыходзьце ад тэлефона. У дзесяць я пазваню вам i скажу пра ўсё, што трэба. Вы не будзеце мець нiякага клопату, вас прывязуць куды патрэбна, i вам нiчога не зробяць благога. Зразумела?
Маргарыта памаўчала i сказала:
— Зразумела. Гэтая рэч з чыстага золата, адчуваецца на вагу. Ну што ж, я цудоўна разумею, што мяне купляюць i ўкручваюць у нейкую непрыстойную гiсторыю, за гэта я дорага заплачу.
— Ну, ды што ж гэта такое? Вы зноў за сваё? — амаль зашыпеў Азазела.
— Не, пачакайце!
— Аддайце назад памаду.
Маргарыта мацней сцiснула ў руцэ каробачку i працягвала:
— Не, пачакайце… Я ведаю, на што згаджаюся. Але згаджаюся з-за яго, таму болей спадзявацца няма на што ва ўсiм белым свеце. Але я хачу сказаць вам, што калi загубiце мяне, вам будзе сорамна! Сорамна! Я гiну з-за кахання! Маргарыта ўдарыла сябе ў сэрца i падняла вочы на сонца.
— Аддайце назад, — злосна шыпеў Азазела, — аддайце назад, i на д’ябла мне ўсё гэта. Няхай пасылаюць Бегемота.
— Э, не! — працягвала Маргарыта, мiнакi здзiўлена азiралiся на яе. — Я згодная на ўсё, згодная на гэту камедыю з намазваннем, згодная да чорта на рогi. Не аддам!
— Во! — раптоўна зароў Азазела, вытрашчыўся на садовую рашотку i паказаў пальцам.
Маргарыта павярнулася туды, куды паказваў Азазела, але нiчога там не заўважыла. Тады яна адвярнулася назад да Азазелы, каб растлумачыў сваё недарэчнае «Во!», але тлумачыць не было каму: таямнiчы субяседнiк Маргарыты Мiкалаеўны знiк. Маргарыта хуценька сунула руку ў сумачку, куды схавала каробачку, i пераканалася, што яна там. Тады Маргарыта Мiкалаеўна бяздумна пабегла прэч з Аляксандраўскага саду.
Раздзел 20
КРЭМ АЗАЗЕЛЫ
Поўня ў вячэрнiм чыстым небе вiсела, бачная скрозь кляновае голле. Лiпы i акацыi размалёўвалi зямлю стракатым плямiстым карункам. Акно было адчынена, завешана фiранкай, але свяцiлася шалёным электрычным святлом. У спальнi ў Маргарыты Мiкалаеўны гарэлi ўсе свяцiльнiкi i асвятлялi поўны рэзрух. На ложку на коўдры ляжалi сарочкi, панчохi, бялiзна, пакамечаная