Сайт продается, подробности: whatsapp telegram
Скачать:TXTPDF
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)

сабаку Бангу, паскардзiцца яму на гемiкранiю. I думка пра атруту раптам спакуслiва прамiльгнула ў хворай пракуратаравай галаве.

Ён глядзеў каламутнымi вачыма на арыштанта i нейкi час маўчаў, пакутлiва ўспамiнаў, з-за чаго на бязлiтасным ершалаiмскiм сонцы стаiць перад iм арыштант з тварам, пакалечаным ад удараў, i пра што яшчэ нiкому не патрэбнае давядзецца пытацца.

— Левiй Мацей? — хрыплым голасам спытаўся хворы i заплюшчыў вочы.

— Ага, Левiй Мацей, — даляцеў да яго тонкi голас, якi прыносiў яму пакуту.

— А вось што ўсё ж ты гаварыў натоўпу ля храма на базары?

Голас арыштанта, здавалася, калоў Пiлату ў скроню, было невыносна пакутлiва, голас гэты гаварыў:

— Я, iгемон, гаварыў пра тое, што развалiцца храм старое веры i ўзнясецца новы храм iсцiны. Сказаў гэтак, каб лепш зразумела было.

— Нашто ж ты, валацуга, на базары абдурваў народ, расказваў пра iсцiну, аб якой i сам нават не маеш уяўлення? Што гэта такое iсцiна?

I пракуратар падумаў: «О багi мае! Я пытаюся ў яго пра зусiм непатрэбнае на судзе… Мая галава зусiм адурнела…» I зноў прымроiлася яму чаша з цёмнаю вадкасцю. «Атруты мне, атруты!»

I зноў ён пачуў голас:

— Iсцiна найперш тое, што ў цябе балiць галава, i балiць гэтак моцна, што ты маладушна падумваеш пра смерць.I ў цябе не толькi не стае сiлы гаварыць са мной, але табе нават цяжка глядзець на мяне. I зараз я мiжволi раблюся тваiм катам, што мяне засмучае. Ты не можаш нават думаць нi пра што i марыш толькi пра тое, каб прыйшоў твой сабака, адзiная, вiдаць, iстота, якую ты любiш. Але пакуты твае зараз кончацца, галава балець перастане.

Сакратар вылупiў вочы на арыштанта i не дапiсаў слова.

Пiлат падняў пакутлiвыя вочы на арыштанта i ўбачыў, што сонца ўжо даволi высока над гiпадромам, што прамень прабраўся ў каланаду i падбiраецца да стаптаных сандаляў Iешуа, што той пазбягае сонца.

Тут пракуратар устаў, сцiснуў галаву рукамi, а на жаўтлявым выгаленым яго твары адбiўся жах. Ён перасiлiў яго i зноў апусцiўся ў крэсла.

Арыштант тым часам працягваў гаварыць, але сакратар больш нiчога не запiсваў, а толькi выцягнуў шыю, як гусак, i стараўся не прамовiць i слова.

— Ну вось, усё i скончылася, — гаварыў арыштант, добразычлiва паглядаючы на Пiлата, — i я вельмi рады гэтаму. Я параiў бы табе, iгемон, пакiнуць на нейкi час палац i пагуляць пешшу дзе-небудзь у наваколлi, ну хаця б у садзе на Елiёнскай гары. Навальнiца пачнецца, — арыштант завярнуўся, прыплюшчыўся на сонца, — пад вечар. Прагулянка была б карысная табе, i я з задавальненнем суправаджаў бы цябе. У маёй галаве нарадзiлiся сякiя-такiя новыя думкi, якiя, думаю, былi б табе цiкавыя, i я ахвотна расказаў бы iх табе, бо ты ствараеш уражанне вельмi разумнага чалавека.

Сакратар смяротна пабялеў i ўпусцiў звiтак долу.

— Бяда ў тым, — прадаўжаў нiкiм не перапынены звязаны, — што ты занадта замкнуты i зусiм страцiў веру ў людзей. Нельга ж, пагадзiся, усю любоў аддаваць толькi сабаку. Беднае тваё жыццё, iгемон, — i пры гэтым арыштант яшчэ i ўсмiхнуўся.

Сакратар цяпер думаў толькi пра адно — верыць вушам сваiм альбо не. Даводзiлася верыць. Тады ён пастараўся ўявiць, якi будзе гнеў наравiстага пракуратара з-за гэтае нечуванае дзёрзкасцi арыштанта. I гэтага сакратар уявiць не мог, хоць i добра ведаў пракуратара.

Тады пачуўся асiплы, хрыплаваты голас пракуратара, якi сказаў па-лацiнску:

— Развяжыце яму рукi.

Адзiн з канваiраў стукнуў кап’ём, перадаў яго суседу, падышоў i зняў вяроўкi з арыштанта. Сакратар падняў звiтак, вырашыў пакуль што нiчога не запiсваць i нiчому больш не здзiўляцца.

— Прызнайся, — цiха па-грэцку спытаўся Пiлат, — ты вялiкi доктар?

— Не, пракуратар, я не доктар, — адказаў арыштант i з асалодаю пацёр змучаную i апухлую барвовую руку.

Крута з-пад iлба свiдраваў вачыма арыштанта Пiлат, i ў вачах гэтых не было болей каламуты, у iх з’явiлiся знаёмыя ўсiм iскаркi.

— Я не спытаўся ў цябе, — сказаў Пiлат, — магчыма, ты ведаеш i латынь?

— Ага, ведаю, — адказаў арыштант.

Чырвань выступiла на жаўтлявых Пiлатавых шчоках, i ён спытаўся па-лацiнску:

— Як ты даведаўся, што я хацеў паклiкаць сабаку?

— Ды гэта зусiм проста, — адказаў арыштант па-лацiнску, — ты вадзiў рукой у паветры, — арыштант паўтарыў Пiлатаў рух, — быццам хацеў пагладзiць, i губы…

— Ага, — сказаў Пiлат.

Памаўчалi, потым Пiлат спытаўся па-грэцку:

— Значыць, ты не доктар?

— Не, не, — жыва адказаў арыштант, — вер мне, я не доктар.

— Ну, добра. Калi хочаш, каб гэта было тайнай, няхай будзе. Да справы яно адносiн не мае. Дык ты працягваеш сцвярджаць, што не заклiкаў разбурыць… падпалiць цi iншым якiм-небудзь спосабам разбурыць храм?

— Я, iгемон, нiкога не заклiкаў рабiць хоць што-небудзь падобнае. Хiба ж я дурань?

— Не, ты зусiм не падобны на дурня, — цiха адказаў пракуратар i ўсмiхнуўся нейкаю страшнаю ўсмешкаю, — тады паклянiся, што гэтага не было.

— Чым ты хочаш, каб я пакляўся? — даволi жвава спытаў развязаны.

— Ну, хаця б сваiм жыццём, — адказаў пракуратар, — iм самы час паклясцiся, бо яно вiсiць на валаску, ведай пра гэта!

— Цi не думаеш, iгемон, што гэта ты яго павесiў? — спытаўся арыштант. Калi гэта так, то ты вельмi памыляешся.

Пiлат здрыгануўся i адказаў скрозь зубы:

— Я магу перарэзаць гэты валасок.

— I тут ты памыляешся, — арыштант светла ўсмiхнуўся, засланiўся рукой ад сонца i запярэчыў: — Згадзiся, што перарэзаць валасок можа толькi той, хто павесiў?

— Ага, ага, — з усмешкаю сказаў Пiлат, — цяпер я не сумняваюся, што нiчым не занятыя зявакi ў Ершалаiме хадзiлi ўслед за табою. Не ведаю, хто даў табе язык, але падвесiў яго добра. Дарэчы, скажы: цi праўда, што ты прыехаў у Ершалаiм праз Сузскiя вароты верхам на асле, а натоўп суправаджаў цябе i вiтаў, быццам нейкага прарока? — тут пракуратар паказаў на пергаментны звiтак.

Арыштант недаўменна паглядзеў на пракуратара.

— У мяне i асла няма нiякага, iгемон, — сказаў ён. — Прыйшоў я ў Ершалаiм сапраўды праз Сузскiя вароты, але пешшу, у суправаджэннi аднаго толькi Левiя Мацея, i нiхто мне нiчога не крычаў, бо мяне тады ў Ершалаiме нiхто не ведаў.

— Цi ведаеш ты такiх, — працягваў Пiлат i не зводзiў вачэй з арыштанта, нейкага Дзiсмаса, другога — Гестаса i трэцяга — Вар-равана?

— Гэтых добрых людзей я не ведаю, — адказаў арыштант.

— Праўда?

— Праўда.

— А цяпер скажы мне, чаму ты ўвесь час гаворыш «добрыя людзi»? Ты ўсiх гэтак называеш, цi што?

— Усiх, — адказаў арыштант, — дрэнных людзей проста няма на свеце.

— Упершыню чую пра гэта, — сказаў Пiлат i ўсмiхнуўся, — але, магчыма, я дрэнна ведаю жыццё! Далей можаце не запiсваць, — сказаў ён сакратару, хаця той i без гэтага нiчога не запiсваў, i працягваў гаварыць арыштанту: — У якой-небудзь грэцкай кнiзе ты вычытаў пра гэта?

— Не, сваiм розумам дайшоў.

— I ты прапаведуеш гэта?

— Ага.

— А вось, напрыклад, кентурыён Марк, яго мянушка Крысабой, ён — добры?

— Добры, — адказаў арыштант, — ён, праўда, няшчасны чалавек. З тае пары, як добрыя людзi скалечылi яго, ён зрабiўся жорсткi i чэрствы. Цiкава было б ведаць, хто яго гэтак скалечыў?

— Ахвотна магу сказаць, — адазваўся Пiлат, — бо быў сведка ўсяму. Добрыя людзi кiдалiся на яго, як сабакi на мядзведзя. Германцы ўпiлiся яму ў шыю, у рукi, у ногi. Пяхотны манiпул трапiў у мяшок, i калi б не ўрэзалася з фланга кавалерыйская турма, а камандаваў ёю я, — табе, фiлосаф, не давялося б размаўляць з Крысабоем. Гэта здарылася ў баi пад Iдзiставiза, у Далiне Дзеў.

— Калi б з iм пагаварыць, то я ўпэўнены, што ён моцна змянiўся б, я ўпэўнены, — раптам летуценна сказаў арыштант.

— Я думаю, — адказаў Пiлат, — што мала радасцi было б ад цябе легату легiёна, калi б ты ўздумаў гаварыць з кiм-небудзь з яго афiцэраў альбо салдат. Дарэчы, гэта i не здарыцца, на шчасце ўсiх, i першы, хто пра гэта паклапоцiцца, буду я.

У гэты час у каланаду iмклiва заляцела ластаўка, зрабiла пад залатой столлю круг, знiзiлася, ледзь не зачапiла вострым крылом за твар меднае статуi ў нiшы, i знiкла за капiтэллю калоны. Магчыма, ёй задумалася звiць там гняздо.

Пакуль яна ляцела, у светлай i лёгкай галаве пракуратара склалася формула. Яна была такая: iгемон разгледзеў справу валацужнага фiлосафа Iешуа па прозвiшчы Га-Ноцры, i злачынства ў яго дзеяннях не знайшоў. У прыватнасцi, няма нiякай сувязi мiж тым, што рабiў Iешуа i хваляваннямi, якiя адбылiся ў Ершалаiме нядаўна. Валацужны фiлосаф аказаўся псiхiчна хворым. У вынiку чаго смяротны прысуд, вынесены Га-Ноцры Малым Сiнедрыёнам, пракуратар не зацвярджае. Але, маючы на ўвазе тое, што ненармальныя, утапiчныя прамовы Га-Ноцры могуць стаць прычынаю хвалявання ў Ершалаiме, пракуратар забiрае Iешуа з Ершалаiма i арыштоўвае яго ў Кесарыi Стратонавай на Мiжземным моры, якраз там, дзе рэзiдэнцыя пракуратара.

Заставалася толькi прадыктаваць гэта сакратару. Ластаўчыныя крылы фыркнулi над самай галавой iгемона, птушка кiнулася да фантана i вылецела на волю. Пракуратар падняў вочы на арыштанта i ўбачыў, што побач з iм слупам загарэўся пыл.

— Усё пра яго? — спытаўся Пiлат у сакратара.

— На жаль, не, — нечакана адказаў сакратар i падаў Пiлату другi кавалак пергаменту.

— Што яшчэ там? — спытаўся Пiлат i спахмурнеў.

Пасля таго як прачытаў напiсанае, ён яшчэ болей змянiўся з твару. Цi то цёмная кроў прылiла да шыi i да твару, цi здарылася нешта iншае, але скура яго страцiла жаўтлявае адценне, пацямнела, i вочы быццам правалiлiся.

Зноў, мабыць, была вiнавата кроў, якая прылiла да скроняў i застукала ў iх, але ў пракуратара нешта здарылася з вачыма. Яму прымроiлася, што арыштантава галава паплыла некуды, а на яе месцы з’явiлася другая. На гэтай лысай галаве сядзеў рэдказубы залаты вянок; на лбе была круглая язва, якая раз’ядала скуру, памазаная маззю; запалы бяззубы рот з адвiслаю капрызнаю нiжняю губою. Пiлату здалося, што знiклi ружовыя калоны балкона, дахi Ершалаiма ўдалечынi, унiзе за садам, i ўсё танула вакол у густой зелянiне капрэйскiх садоў. I са слыхам здарылася нешта дзiўнае — нiбы ўдалечынi цiха i грозна пратрубiлi трубы i вельмi выразна пачуўся гугнявы голас, якi пагардлiва расцягваў словы: «Закон аб знявазе яго вялiкасцi…»

Думкi прамiльгнулi кароткiя, абрывiстыя i незвычайныя: «Загiнуў!», потым: «Загiнулi!..» I адна зусiм недарэчная сярод iх пра нейкую абавязковую — у сувязi з кiм? — несмяротнасць, i гэтая несмяротнасць выклiкала страшэнны сум.

Пiлат наструнiўся, прагнаў мроi, вярнуўся позiркам на балкон, i

Скачать:TXTPDF

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать бесплатно, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать онлайн