Скачать:TXTPDF
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)

разрагаталася. «На Арбаце трэба быць яшчэ асцярожней, — падумала Маргарыта, — тут гэтулькi ўсяго наблытана, што i не разбярэшся». I яна пачала ныраць памiж дратоў. Пад Маргарытай праплывалi дахi тралейбусаў, аўтобусаў, легкавых машын, а па ходнiках, як здавалася зверху, плылi цэлыя рэчкi шапак. Ад гэтых рэчак аддзялялiся ручайкi i ўлiвалiся ў вогненныя пасткi начных крамаў. «Фу, якое збоiшча! — сярдзiта падумала Маргарыта. — Тут i павярнуцца нават нельга». Яна перасекла Арбат, паднялася вышэй, да чацвёртых паверхаў, i паўз слiпуча зiхоткiя трубачкi на вуглавым будынку тэатра паплыла ў вузкi завулак з высокiмi дамамi. Усе вокны ў iх былi паадчыняныя, i ўсюды ў вокнах чуваць была радыёмузыка. З-за цiкаўнасцi Маргарыта зазiрнула ў адно з iх. Убачыла кухню. Два прымусы раўлi на плiце, каля iх стаялi дзве жанчыны з лыжкамi i гыркалiся.

Свет пасля сябе трэба тушыць у прыбiральнi, вось што я вам скажу, Пелагея Пятроўна, — гаварыла тая жанчына, перад якой стаяў рондаль з нейкай стравай, з якога валiла пара, — а то мы вас пададзiм на высяленне!

— Сама не лепшая, — адказала другая.

— Абое рабое, — моцна сказала Маргарыта i перавалiлася цераз падаконнiк у кухню.

Абедзве завярнулiся на голас i замёрлi з бруднымi лыжкамi ў руках. Маргарыта асцярожна працягнула руку мiж iмi, пакруцiла краны i выключыла абодва прымусы. Жанчыны вохкнулi i разявiлi раты. Але Маргарыце ўжо надакучыла кухня, i яна вылецела ў завулак.

У самым канцы завулка ўвагу Маргарыты прыцягнула раскошная аграмадзiна васьмiпавярховага, мабыць, толькi нядаўна пабудаванага дома. Маргарыта спусцiлася ўнiз, прызямлiлася i ўбачыла, што фасад дома абкладзены чорным мармурам, што дзверы шырокiя, што за шклом iх вiдаць фуражка з залатым галуном i гузiкi швейцара i што над дзвярыма золатам выпiсана: «Дом Драмлiта».

Маргарыта прыплюшчылася на надпiс, думала, што магло абазначаць слова «Драмлiт». Узяла швабру пад паху, увайшла ў пад’езд, таўханула дзвярыма здзiўленага швейцара i ўбачыла побач з лiфтам на сцяне вялiзную чорную дошку, а на ёй выпiсаныя белымi лiчбамi i лiтарамi нумары кватэр i прозвiшчы жыхароў. Спiсак пад шыльдай «Дом Драматурга i Лiтаратара» прымусiў Маргарыту драпежна i хрыпла ўскрыкнуць. Яна паднялася вышэй, прагна пачала чытаць прозвiшчы: Хустаў, Двубрацкi, Квант, Бяскуднiкаў, Латунскi…

— Латунскi! — завiшчала Маргарыта. — Латунскi! Ды гэта ж ён! Гэта ён загубiў майстра!

Швейцар ля дзвярэй вытрашчыў вочы i ажно падскокваў ад здзiўлення, глядзеў на чорную дошку, спрабаваў зразумець: чаго гэта раптам вiшчыць спiс жыхароў. А Маргарыта тым часам ужо ляцела ўгору па лесвiцы i паўтарала чамусьцi з асалодаю:

— Латунскi — восемдзесят чатыры! Латунскi — восемдзесят чатыры!..

Вось злева — 82, справа — 83, яшчэ вышэй злева — 84. Вось i шыльдачка «А.Латунскi».

Маргарыта саскочыла са швабры, i гарачыя яе ступакi прыемна астудзiла мураваная пляцоўка. Маргарыта пазванiла раз, яшчэ раз. Але нiхто не адчыняў. Маргарыта пачала мацней цiснуць на званок i сама чула звон, якi стаяў у кватэры Латунскага. Сапраўды, да самае смерцi павiнен быць удзячны нябожчыку Берлiёзу гаспадар кватэры No 84 на восьмым паверсе за тое, што старшыня МАССАЛIТа трапiў пад трамвай i што жалобнае паседжанне прызначылi якраз у гэты вечар. Пад шчаслiваю зоркаю нарадзiўся крытык Латунскi. Яна выратавала яго ад сустрэчы з Маргарытай, якая ператварылася ў ведзьму ў гэтую пятнiцу.

Нiхто не адчыняў дзвярэй. Тады адным духам Маргарыта зляцела ўнiз, лiчачы паверхi, вырвалася на вулiцу, вылiчыла, якiя вокны кватэры Латунскага. Несумненна, гэта былi пяць цёмных вокнаў на рагу будынка на восьмым паверсе. Маргарыта пераканалася ў гэтым, узмыла ў паветра i праз некалькi секунд праз адчыненае акно заходзiла ў цёмны пакой, у якiм серабрылася толькi вузенькая палосачка ад поўнi. Маргарыта прабегла па ёй, намацала выключальнiк. Праз хвiлiну ўся кватэра была асветлена. Швабра стаяла ў куце. Маргарыта пераканалася, што дома няма нiкога, адамкнула дзверы i паглядзела на шыльдачку. Шыльдачка была на месцы. Маргарыта трапiла туды, куды ёй трэба было.

Ага, гавораць, што i дасюль крытык Латунскi палатнее з твару, калi ўспамiнае гэты страшны дзень, i да гэтага часу як святое вымаўляе Берлiёзава iмя. Нiкому невядома, якою б страшнаю i мярзотнаю крымiнальшчынаю быў бы пазначаны гэты вечар, — Маргарыта вярнулася з кухнi з вялiкiм малатком.

Голая i нябачная лятуха стрымлiвала i супакойвала сябе, рукi ў яе калацiлiся ад нецярпення. Маргарыта старанна прыцэлiлася i ўдарыла па клавiшах раяля, i па ўсёй кватэры пранеслася першае жаласнае завыванне. Ашалела выў нi ў чым не павiнны бекераўскi кабiнетны iнструмент. Клавiшы ў iм правалiлiся, касцяныя накладкi ляцелi ва ўсе бакi. Iнструмент гудзеў, выў, хрыпеў, звiнеў. Пад ударам малатка лопнула верхняя палiраваная дэка, быццам стрэлiлi з рэвальвера. Маргарыта жыўцом вырывала струны, задыхалася ад гэтае работы. Нарэшце стомлена бухнулася ў крэсла, каб аддыхацца.

У ванным пакоi страшна гудзела вада i на кухнi таксама. «Здаецца, ужо пацякло на падлогу…» — падумала Маргарыта i дадала ўголас:

— Аднак няма чаго расседжвацца.

З кухнi ў калiдор ужо цёк струмень. Маргарыта шлёпала босымi нагамi па вадзе, насiла ваду з кухнi i вёдрамi вылiвала ў кабiнеце ў шуфляды пiсьмовага стала крытыка. Потым разламала малатком дзверы шафы ў гэтым самым кабiнеце i кiнулася ў спальню. Пабiла шафу з люстрам, дастала з яе гарнiтур крытыка i ўтапiла яго ў ванне. Поўную чарнiлiцу з чарнiлам з кабiнета вылiла ў пышна засланы двухспальны ложак у спальнi. Рэзрух, якi яна тварыла, прыносiў вялiзнае задавальненне, але ўвесь час здавалася, што ўсяго гэтага мала, што гэта мiзер. Таму яна пачала рабiць абы-што. Бiла вазоны з фiкусамi ў тым пакоi, дзе стаяў раяль. Не скончыўшы гэтую работу, вярталася ў спальню i кухонным нажом паласавала прасцiны, бiла зашклёныя фотаздымкi. Стомленасцi не адчувала, i толькi пот з яе цёк раўчукамi.

У гэты час у кватэры No 82, пад кватэрай Латунскага, хатняя работнiца драматурга Кванта пiла гарбату на кухнi i не разумела, чаго зверху чуецца гэтакi грукат, бегатня i звон. Паглядзела ўгору i ўбачыла, што столь увачавiдкi з белай ператвараецца ў нейкую мярцвяцка-сiнюю. Пляма расла хутка, i раптам на ёй накiпелi кроплi. Хвiлiны дзве сядзела работнiца i дзiву давалася, пакуль са столi не палiў сапраўдны дождж i не зацупаў па паддозе. Тады яна падхапiлася, падставiла пад струменi мiску, але гэта нiчуць не дапамагло, бо дождж пабольшаў i пачаў залiваць i газавую плiту, i стол з посудам. Тады работнiца ўскрыкнула, выбегла на лесвiцу, i адразу ў кватэры ў Латунскага пачулiся званкi.

— Ну, зазванiлi… Пара выбiрацца, — сказала Маргарыта.

Яна асядлала швабру, прыслухалася да жаночага голасу, якi крычаў у замочную адтулiну.

— Адчынiце, адчынiце! Дуся, адчынi! Гэта ў вас вада цячэ? Нас залiло.

Маргарыта паднялася на метр угору i ўдарыла па люстры, лямпачкi лопнулi, i ва ўсе бакi паляцелi падвескi. Крыкi пад дзвярыма спынiлiся, на лесвiцы пачуўся тупат. Маргарыта выплыла ў акно, апынулася звонку, злёгку ўзмахнула i ўдарыла малатком па шкле. Яно ўсхлiпнула, i па аздобленай мармурам сцяне каскадам пасыпалiся ўнiз асколкi. Маргарыта паехала да наступнага акна. Далёка ўнiзе забегалi па ходнiках людзi, адна з дзвюх машын, якiя стаялi ўнiзе, загудзела i ад’ехала далей.

Маргарыта скончыла бiць вокны Латунскага, паплыла да суседняе кватэры. Удары пачулiся часцей, завулак напоўнiўся звонам i грукатам. З першага пад’езда выбег швейцар, паглядзеў угору, не адразу вырашыў, што яму рабiць, упхнуў у рот свiсток i ашалела засвiстаў. З асаблiвым задавальненнем пад гэты свiст Маргарыта размалацiла апошняе шкло на восьмым паверсе, спусцiлася на сёмы паверх i пачала грамiць шкло i там.

Змучаны доўгiм марным сядзеннем за шклянымi дзвярыма пад’езда, швейцар укладваў у свiст усю сваю душу, пры гэтым бегаў за Маргарытай, быццам акампанiраваў ёй. У паўзах, калi яна пералятала ад акна да акна, ён набiраўся духу, i пры кожным удары надзiмаў шчокi i залiваўся, свiдраваў начное паветра да самага неба.

Яго намаганнi ў суладдзi з намаганнямi раз’ятранай Маргарыты далi добры вынiк. У доме пачалася панiка. Цэлыя яшчэ вокны расчынялiся, у iх з’яўлялiся галовы людзей i адразу ж хавалiся, адчыненыя вокны, наадварот, зачынялiся. У супрацьлеглых дамах на асветленым фоне ўзнiкалi цёмныя постацi людзей, якiя старалiся зразумець, чаго гэта без дай прычыны лопаецца шкло ў новым будынку Драмлiта.

З завулка людзi беглi да дома Драмлiта, i ў iм самiм па лесвiцах людзi тупацелi i бегалi невядома чаго. Хатняя работнiца Кванта крычала, што iх залiло, да яе хутка далучылася i хатняя работнiца Хустава з кватэры No 80, якая была пад кватэрай Кванта. У Хуставых хлынула са столi на кухнi i ў прыбiральнi. Нарэшце ў Квантаў на кухнi адвалiўся вялiкi кавалак тынкоўкi, пабiў увесь непамыты посуд, пасля чаго хлынуў ужо сапраўдны лiвень: з клетак абвiслае мокрае дранкi плюхнула, як з вядра. Тады на лесвiцы на першым паверсе пачулiся крыкi. Маргарыта, калi пралятала паўз апошняе акно чацвёртага паверха, зазiрнула ў яго i ўбачыла там чалавека, якi з перапалоху ўспёр на твар процiвагаз. Маргарыта ўдарыла малатком па яго шкле, спалохала чалавека, i ён знiк з пакоя.

Неспадзявана дзiкi пагром спынiўся. Маргарыта слiзганула на трэцi паверх, зазiрнула ў акно, завешанае лёгенька цёмнаю фiранкаю. У пакойчыку гарэла слабенькая лямпачка пад абажурам. У маленькiм ложачку з сетачкамi з бакоў сядзеў хлопчык гадкоў чатырох i спалохана прыслухоўваўся. Дарослых не было ў пакоi. Мабыць, усе выбеглi з кватэры.

— Вокны б’юць, — сказаў хлопчык i паклiкаў: — Мама! Нiхто не адгукнуўся, i тады ён сказаў: — Мама, я баюся.

Маргарыта адхiлiла фiранку i ўляцела ў акно.

— Я баюся, — паўтарыў хлопчык i задрыжаў.

— Не бойся, не бойся, маленькi, — сказала Маргарыта, прыцiшыўшы свой асiплы ад ветру злачынны голас, — гэта дзецi вокны бiлi.

— З рагатак? — спытаўся хлопчык.

— З рагатак, з рагатак, — пацвердзiла Маргарыта, — а ты спi!

— Гэта Сiтнiк, — сказаў хлопчык, — у яго ёсць рагатка.

— Ну, вядома, ён!

Хлопчык хiтра зiрнуў некуды ўбок i спытаўся:

— А ты дзе, цёця?

— А мяне няма, — адказала Маргарыта, — я табе саснiлася.

— Я гэтак i думаў, — сказаў хлопчык.

— Ты кладзiся, — загадала Маргарыта, — пакладзi руку пад шчочку, а я табе буду снiцца.

— Ну, снiся, снiся, — згадзiўся хлопчык i адразу лёг, паклаў руку пад шчочку.

— Я табе казку раскажу, — загаварыла Маргарыта i паклала гарачую руку на астрыжаную галоўку. — Жыла на свеце адна цёця. Дзяцей у яе не было, i шчасця таксама не было. I вось яна спачатку доўга плакала, а потым зрабiлася злоснаю… — Маргарыта замоўкла, прыняла руку — хлопчык спаў.

Маргарыта цiхенька паклала малаток на падаконнiк i вылецела з акна. Вакол

Скачать:TXTPDF

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать бесплатно, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать онлайн