Маскве. Сто дваццаць адну Маргарыту знайшлi мы ў Маскве, i, паверце, — тут Кароўеў у адчаi ляпнуў сябе па ляжцы, — нiводная не падыходзiць! I, вядома, шчаслiвы лёс…
Кароўеў красамоўна ўхмыльнуўся, нахiлiўся, i зноў пахаладзела Маргарыцiна сэрца.
— Карацей! — крыкнуў Кароўеў. — Зусiм коратка: вы не адмовiцеся ўзяць гэты абавязак на сябе?
— Не адмоўлюся, — цвёрда адказала Маргарыта.
— Вядома! — сказаў Кароўеў, падняў лампадку i дадаў: — Прашу за мной.
Яны пайшлi мiж калон i нарэшце выбралiся ў нейкую другую залу, у якой чамусьцi моцна пахла лiмонамi, дзе чуваць былi нейкiя шолахi i дзе штосьцi зачапiла Маргарыту за галаву.
— Не палохайцеся, — соладка супакоiў Кароўеў i ўзяў Маргарыту пад руку, гэта бальныя выдумкi Бегемота, нiшто iншае. I наогул, я адважуся вам параiць, Маргарыта Мiкалаеўна, нiкога i нiчога не баяцца. Гэта неразумна. Баль будзе раскошны, не буду ўтойваць. Мы пабачым тых, чыя ўлада ў свой час была надзвычай вялiкая. Але, чэсна, калi падумаеш пра тое, як мiкраскапiчна маленькiя iх магчымасцi ў параўнаннi з магчымасцямi таго, у чыёй свiце я маю гонар быць, робiцца смешна i нават, я сказаў бы, сумна… Ды вы i самi каралеўскага роду.
— Чаму каралеўскага роду? — спалохана шапнула Маргарыта i прытулiлася да Кароўева.
— Ах, каралева, — гуллiва трашчаў Кароўеў, — пытаннi падобныя — сама складаныя ў свеце! I каб распытацца ў прабабак, асаблiва тых, каго за цiхоняў мелi, дзiўныя таямнiцы адкрылiся б, Маргарыта Мiкалаеўна. Я не вазьму грэх на душу, калi скажу, што гэта як калода ператасаваных карт. Ёсць рэчы, у якiх зусiм не дзейнiчаюць саслоўныя перашкоды, нi нават межы мiж дзяржавамi. Намякну: адна з французскiх каралеў, якая жыла ў шаснаццатым стагоддзi, трэба думаць, вельмi здзiвiлася б, калi б хто-небудзь сказаў ёй, што яе красуню прапрапрапраўнучку праз мноства гадоў я буду весцi пад руку ў Маскве па вялiкiх бальных залах. Але мы прыйшлi!
Тут Кароўеў патушыў сваю лампадку, i яна знiкла ў яго з рук, i Маргарыта ўбачыла на падлозе перад сабою палоску святла пад нейкiмi цёмнымi дзвярыма. У гэтыя дзверы Кароўеў цiха грукнуў. Тут Маргарыта гэтак захвалявалася, што ў яе ажно кляцнулi зубы i па спiне прайшоў мароз.
Дзверы адчынiлiся. Пакой быў зусiм невялiкi. Маргарыта ўбачыла шырокi дубовы ложак са скамечанымi i бруднымi прасцiнамi i падушкамi. Перад ложкам стаяў дубовы, на разных ножках стол, на iм свечнiк з гнёздамi ў выглядзе кiпцюрыстых птушыных лап. У гэтых сямi лапах гарэлi тоўстыя свечкi. Акрамя гэтага, на столiку была вялiкая шахматная дошка з надзвычай па-майстэрску зробленымi фiгуркамi. На маленькiм вытаптаным дыванку стаяў маленькi нiзенькi ўслончык. Быў яшчэ адзiн стол з нейкаю залатою чашаю i другiм свечнiкам, галiны якога былi зроблены ў выглядзе змей. У пакоi пахла сераю i смалою. Ценi ад свяцiльнiкаў перакрыжоўвалiся на падлозе.
Сярод прысутных Маргарыта адразу пазнала Азазелу, ужо апранутага ў фрак. Ён стаяў ля спiнкi ложка. Гэты Азазела нiчым не нагадваў таго разбойнiка, у выглядзе якога ён аб’явiўся да Маргарыты ў Аляксандраўскiм садзе, i пакланiўся ён Маргарыце надзвычай далiкатна.
Голая ведзьма, тая самая Гела, што гэтак збянтэжыла самавiтага буфетчыка з Вар’етэ, i тая самая, якую спалохаў певень у ноч знакамiтага сеанса, сядзела на падлозе на дыванку пры ложку, памешвала нешта ў рондалi, з якога валiла серная пара.
Акрамя iх, быў яшчэ ў пакоi вялiзны кацiла, якi сядзеў на высокай табурэтцы перад шахматным столiкам i трымаў у правай лапе шахматнага каня.
Гела прыўстала i пакланiлася Маргарыце. Тое самае зрабiў i кот, саскочыўшы з табурэткi. Ён шаркануў праваю лапаю, згубiў каня i палез па яго пад ложак.
Маргарыта замiрала ад страху i разгледзела ўсё гэта ў падманлiвых ценях ад свечак збольшага. Позiрк яе прыцягваў ложак, на якiм i сядзеў той, каго яшчэ зусiм нядаўна бедны Iван на Патрыярхавых пераконваў у тым, што д’ябла не iснуе. Гэты неiснуючы i сядзеў зараз на ложку.
Два вокi ўперлiся ў Маргарыцiн твар. Правае — з залатою iскаркаю на дне, якое прасвiдроўвала любога да самага дна душы, i левае — парожняе i чорнае, падобнае на вузкае iголкавае вушка, як уваход у бяздонны калодзеж цемры i ценяў. Воландаў твар быў скрыўлены, правы куток рота аб’ехаў унiз, на высокiм аблыселым iлбе прарэзалiся глыбокiя маршчыны, паралельныя вострым бровам. Скуру на Воландавым твары нiбы навек спёк загар.
Воланд шырока раскiнуўся на ложку, быў ён у адной доўгай начной сарочцы, бруднай i залапленай на левым плячы. Адну голую нагу ён падклаў пад сябе, а другую выцягнуў на ўслончык. Калена гэтай нагi i нацiрала нейкаю дымнаю маззю Гела.
Яшчэ разгледзела Маргарыта на раскрытай безвалосай грудзiне Воланда па-майстэрску выразанага з чорнага каменя жука на залатым ланцужку з нейкiм пiсаннем на спiнцы. Побач з Воландам на ложку, на цяжкiм пастаменце, стаяў дзiўны, быццам жывы i асветлены з аднаго боку сонцам, глобус.
Некалькi секунд панавала маўчанне. «Ён вывучае мяне», — падумала Маргарыта i намаганнем прымусiла стрымаць дрыжыкi ў нагах.
Нарэшце Воланд загаварыў усмешлiва, i яго iскрыстае вока нiбыта засвяцiлася.
— Вiтаю вас, каралева, i прашу прабачыць мне за мой хатнi выгляд.
Воландаў голас быў гэтакi глухi, што асобныя гукi чулiся з адцяжкаю i хрыпам.
Воланд узяў з ложка доўгую шпагу, нахiлiўся, паварушыў ёй пад ложкам i сказаў:
— Вылазь! Гульня адмяняецца. Госця тут.
— Нiзавошта, — трывожна свiснуў, як суфлёр, над Маргарыцiным вухам Кароўеў.
— Нiзавошта… — пачала Маргарыта.
— Месiр… — дыхнуў Кароўеў у вуха.
— Нiзавошта, месiр, — саўладала сама з сабою Маргарыта, усмiхнулася i дадала: — Я прашу вас не перапыняць гульню. Я думаю, што шахматныя часопiсы заплацiлi б добрыя грошы, каб маглi надрукаваць гэтую партыю.
Азазела цiха i адабральна закрахтаў, а Воланд уважлiва паглядзеў на Маргарыту i сказаў нiбы сам сабе:
— Праўда Кароўева. Гэтак замыславата тасуецца калода! Спадчынна!
Ён працягнуў руку i паклiкаў да сябе Маргарыту. Тая падышла, але падлогi пад босымi нагамi не адчувала. Воланд паклаў сваю цяжкую, каменную руку, якая была гарачая, як агонь, на Маргарыцiна плячо, памкнуў яе да сябе i пасадзiў на ложак побач.
— Ну, калi вы такая добрая i спагадлiвая, — прамовiў ён, — а я iншага ад вас i не чакаў, тады будзем па-простаму. — Ён зноў схiлiўся з ложка i крыкнуў: — Доўга будзе гэты балаган пад ложкам? Вылазь, пракляты Ганс!
— Каня не магу знайсцi, — сцiшана i фальшыва адазваўся з-пад ложка кот, некуды паляцеў, а замест яго нейкая жаба трапляецца.
— Цi не думаеш ты, што на кiрмашы знаходзiшся? — прытварыўея, што злуецца, Воланд. — Нiякае жабы няма пад ложкам! Гэтыя прымiтыўныя фокусы пакiнь для Вар’етэ. Калi ты зараз не з’явiшся, мы будзем лiчыць, што здаўся, пракляты дэзерцiр.
— Нiзашто, месiр! — зароў кот i ў адну секунду вынырнуў з-пад ложка з канём у лапе.
— Знаёмцеся… — пачаў Воланд i сам сябе спынiў: — Не, глядзець не магу на гэтае пудзiла. Паглядзiце, у што ён сябе ператварыў пад ложкам!
Выкачаны ў пыле кот тым часам стаяў на заднiх лапах i кланяўся Маргарыце. Цяпер на грудзiне ў ката быў белы фрачны гальштук-банцiк, а на раменьчыку перламутравы дамскi бiнокль. Акрамя таго, вусы ў ката былi пазалочаныя.
— Ну што гэта такое! — усклiкнуў Воланд. — Нашто ты пазалацiў вусы? I нашто табе патрэбен гальштук, калi ты без штаноў?
— Штаны кату не патрэбны, месiр, — з адчуваннем сваёй годнасцi адказаў кот. — Цi не загадаеце вы мне, месiр, абуць i боты? Кот у ботах бывае толькi ў казках, месiр. Але цi бачылi вы хоць каго-небудзь на балi без гальштука, месiр? Я не збiраюся спакушаць лёс i не хачу, каб мне далi ў каршэнь. Кожны ўпрыгожвае сябе як ўмее. Лiчыце, што сказанае датычыць i бiнокля, месiр!
— Але вусы?..
— Не разумею, — суха запярэчыў кот, — чаму, калi галiлiся сёння, Азазела i Кароўеў пасыпалi сябе белаю пудраю, а чым яна лепшая за залатую? Я пафарбаваў вусы, вось i ўсё! Iншая справа, каб я пагалiўся! Паголены кот гэта сапраўды чортведама што, я згодзен. А наогул, — тут голас у ката затрымцеў пакрыўджана, — я бачу, што вы да мяне прыдзiраецеся i што пытанне ставiцца, цi быць мне наогул на балi? Што вы мне адкажаце на гэта, месiр?
I кот гэтак надзьмуўся ад крыўды, што здавалася — вось-вось лопне.
— Ай, абармот, абармот, — Воланд кiваў галавой i гаварыў, — кожны раз, калi прайграе, ён пачынае загаворваць зубы, як сама апошнi падманшчык на мосце. Сядай зараз жа i перастань балбатаць глупства!
— Я сяду, — адказаў кот i сеў, — але запярэчу наконт сказанага. Гаворка мая зусiм не балбатня, як вы сказалi ў прысутнасцi панi, а ланцуг прадуманых сiлагiзмаў. Гэта маглi б па-сапраўднаму ацанiць такiя знатакi, як Сэкс Эмпiрык, Марцыян Капела, а не выключана, што i сам Арыстоцель…
— Шах каралю, — сказаў Воланд.
— Калi ласка, калi ласка, — сказаў кот i пачаў праз бiнокль глядзець на дошку.
— Такiм чынам, — звярнуўся да Маргарыты Воланд, — рэкамендую вам, донна, маю свiту. Гэты прытварака — кот Бегемот. З Кароўевым i Азазелам вы ўжо пазнаёмiлiся, знаёмлю з маёй служанкаю Гелаю. Увiшная, змысная, i няма такое паслугi, якую яна не змагла б аказаць.
Прыгажуня Гела ўсмiхнулася, зiрнула на Маргарыту зялёнымi вачыма, не пераставала чэрпаць прыгаршчамi мазь i накладваць яе на калена.
— Ну вось i ўсё, — скончыў Воланд i зморшчыўся, калi Гела залiшне моцна сцiснула яго калена, — гурт, як бачыце, невялiкi, розны i просты. — Ён змоўк i пачаў круцiць перад сабой свой глобус, зроблены гэтак па-майстэрску, што сiнiя акiяны на iм рухалiся, а шапка на полюсе ляжала як сапраўдная, ледзяная i снежная.
На дошцы тым часам адбывалася мiтусня. Зусiм разгублены кароль у белай мантыi таптаўся на клетцы i ў адчаi падымаў рукi. Тры белыя пешкi-ландскнехты з алебардамi разгублена глядзелi на афiцэра, якi размахваў шпагаю i паказваў наперад, дзе ў сумежных клетках, белай i чорнай, былi вiдаць два коннiкi Воланда на гарачых конях, якiя бiлi капытамi.
Маргарыту надзвычай зацiкавiла i ўразiла, што шахматныя фiгуркi былi жывыя.
Кот апусцiў бiнокль, цiхенька падапхнуў свайго караля ў плечы. Той адчайна захiлiў твар рукамi.
— Цяжкавата, дарагi Бегемот, — цiха сказаў Кароўеў з’едлiвым голасам.
— Становiшча сур’ёзнае, але не безнадзейнае, — адазваўся Бегемот, — нават болей: я цалкам перакананы ў перамозе. Трэба добра прааналiзаваць становiшча.
Гэты аналiз ён пачаў праводзiць крыху дзiўным метадам, пачаў крыўляцца i нешта паказваць свайму каралю.
— Нiчога не дапамагае, — заўважыў Кароўеў.
— Ай! — ускрыкнуў Бегемот. —