знакамiтасцi. Вось гэты, за першым пультам, — гэта Ўетан. Вельмi добра. Цяпер — далей!
— Хто дырыжор? — спыталася Маргарыта, калi ўжо адлятала.
— Ёган Штраўс! — закрычаў кот. — I няхай мяне павесяць на лiяне ў трапiчным лесе, калi хоць дзе-небудзь на балi iграў гэтакi аркестр! Я запрашаў яго! Заўважце, i нiводзiн не захварэў i не адмовiўся.
У наступнай зале не было калон, замест iх сцены з чырвоных, ружовых, малочна-белых ружаў з аднаго боку, а з другога — сцяна японскiх махровых камелiй. Мiж гэтых сцен ужо бiлi, шыпелi фантаны, i шампанскае кiпела бурбалкамi ў трох басейнах, адзiн з якiх быў празрыста-фiялетавы, другi рубiнавы, трэцi — крыштальны. Каля iх мiтусiлiся мурыны ў пунсовых павязках, срэбнымi чарпакамi напаўнялi з басейна пляскатыя чаны. У ружавай сцяне быў праём, i ў iм на эстрадзе кiпеў чалавек у чырвоным фраку з ластаўчыным хвастом. Перад iм нясцерпна грымеў джаз. Як толькi дырыжор угледзеў Маргарыту, ён сагнуўся перад ёй гэтак, што рукавы дасталi да падлогi, потым разагнаўся i пранiзлiва закрычаў:
— Алiлуя!
Ён ляпнуў сябе па калене, потым накрыж па другiм, вырваў з рук у крайняга музыканта талерку i ўдарыў ёй па калоне.
Маргарыта ўжо адлятала, але ўгледзела, што вiртуоз-джазiст змагаеца з паланезам, якi дзьмуў Маргарыце ў спiну, б’е па галовах сваiх джазбандыстаў талеркай, i тыя прысядаюць з камiчным жахам.
Нарэшце вылецелi на пляцоўку, дзе, як зразумела Маргарыта, яе ўпоцемку сустракаў Кароўеў з лампадкай. Цяпер на гэтай пляцоўцы вочы слеплi ад святла, якое лiлося з крышталёвых вiнаградных гронак. Маргарыту паставiлi на месца, i пад леваю рукою ў яе з’явiлася нiзкая аметыставая калонка.
— Руку можна будзе на яе пакласцi, калi стане зусiм цяжка, — шаптаў Кароўеў.
Якiсьцi чарнаскуры падкiнуў пад ногi Маргарыце падушку з вышытым на ёй залатым пудзелем, i на яе, падпарадкоўваючыся нечыiм рукам, яна паставiла сагнутую ў каленi правую нагу.
Маргарыта паспрабавала агледзеццца. Кароўеў i Азазела стаялi побач, як на парадзе. Побач з Азазелам — яшчэ трое маладых, якiя чымсьцi крыху нагадвалi Маргарыце Абадону. У плечы павявала халадком. Маргарыта азiрнулася i ўгледзела, што з мармуровай сцяны ззаду ў яе фантанам струменiць шыпучае вiно i сцякае ў ледзяны басейн. Ля левае нагi яна адчувала нешта цёплае i кудлатае. Гэта быў Бегемот.
Маргарыта была на вышынi, i з-пад яе ног унiз вяла грандыёзная лесвiца, пакрытая дываном. Унiзе, гэтак далёка, нiбы Маргарыта глядзела ў перавернуты бiнокль, яна бачыла агромнiсты швейцарскi пакой з неабдымным камiнам, у халодную i чорную пашчу якога мог свабодна ўехаць пяцiтонны грузавiк. Швейцарскi пакой i лесвiца, да болю ў вачах залiтыя святлом, былi пустыя. Трубы цяпер чулiся здалёку. Гэтак прастаялi нерухома цэлую хвiлiну.
— Дзе ж госцi? — спыталася Маргарыта ў Кароўева.
— Будуць, каралева, зараз будуць. I недахопу не будзе. Я, сапраўды, лепш бы дровы калоў, замест таго каб сустракаць iх тут на пляцоўцы.
— Што дровы калоць, — падхапiў гаваркi кот, — я згадзiўся б быць кандуктарам на трамваi, а горшае за гэту работу няма ў свеце!
— Усё павiнна быць гатова загадзя, каралева, — тлумачыў Кароўеў i гарэў вокам праз сапсаваны манокль. — Няма нiчога горшага, як тое, што госць прыедзе першы i не ведае, дзе падзецца, а законная мегера шэптам пiлуе яго за тое, што яны прыехалi раней за ўсiх. Гэтакiя балi трэба на памыйнiцу выкiдаць, каралева.
— Толькi на памыйнiцу, — пацвердзiў кот.
— Да апоўначы не болей чым дзесяць секунд, — дадаў Кароўеў, — зараз пачнецца.
Гэтыя дзесяць секунд Маргарыце надзвычай здоўжылiся. Мабыць, яны i скончылiся, i нiчога не адбылося. Але тут раптоўна штосьцi грымнула ўнiзе ў вялiзным камiне, i з яго выскачыла шыбенiца, на якой матляўся амаль зусiм згнiлы прах. Гэты прах сарваўся з вяроўкi, грукнуўся аб падлогу, i з яго выскачыў чорнавалосы прыгажун у фраку i ў лакiраваных туфлях. З камiна выбегла напалову гнiлая труна, века адскочыла, i з труны вывалiўся другi прах. Прыгажун па-кавалерску падскочыў да яго, падаў руку, другi прах склаўся ў голую вяртлявую жанчыну ў чорных туфлiках i з чорным пер’ем на галаве, i тады абое, мужчына i жанчына, заспяшалiся ўгору па лесвiцы.
— Першыя! — усклiкнуў Кароўеў. — Пан Жак з жонкаю. Рэкамендую вам, каралева, адзiн з найцiкавейшых мужчын. Перакананы фальшываманетчык, дзяржаўны здраднiк, але даволi добры алхiмiк. Праславiўся тым, — шапнуў на вуха Маргарыце Кароўеў, — што атруцiў каралеўскую каханку. А гэта не з кожным здараецца! Паглядзiце, якi прыгажун!
Спалатнелая Маргарыта, разявiўшы рот, глядзела ўнiз i бачыла, як знiкаюць у нейкiм бакавым ходзе швейцарскага пакоя труна i шыбенiца.
— Я ў захапленнi! — закрычаў проста ў твар пану Жаку кот.
У гэты час з камiна паказаўся безгаловы, з адарванаю рукою шкiлет, ударыўся аб зямлю i ператварыўся ў мужчыну ў фраку.
Жонка пана Жака ўжо станавiлася перад Маргарытай на адно калена i, пабялелая ад хвалявання, цалавала Маргарыцiна калена. — Каралева… мармытала жонка пана Жака.
— Каралева ў захапленнi! — крычаў Кароўеў.
— Каралева… — цiха сказаў прыгажун, пан Жак.
— Мы ў захапленнi, — завываў кот.
Маладыя людзi, памочнiкi Азазелы, усмiхалiся мёртвымi, але прыветлiвымi ўсмешкамi i адцяснялi пана Жака з жонкаю ўбок, да чашаў з шампанскiм, якiя мурыны трымалi ў руках. Па лесвiцы ўзбягаў адзiнокi фрачнiк.
— Граф Роберт, — шаптаў Маргарыце Кароўеў, — як i раней, цiкавы чалавек. Звярнiце ўвагу, каралева, як смешна, — адваротны выпадак: гэты быў каханкам каралевы i атруцiў сваю жонку.
— Мы рады, граф, — ускрыкнуў Бегемот.
З камiна адна за адной вывалiлiся i лопнулi тры труны, затым хтосьцi ў чорнай мантыi, якога наступны выхадзец з чорнае камiннае пашчы ўдарыў у спiну нажом. Унiзе пачуўся здушаны крык. З камiна выбег амаль зусiм згнiлы труп. Маргарыта заплюшчыла вочы, i нечая рука паднесла ёй пад нос флакон з белаю соллю. Маргарыце здалося, што гэта была Наташына рука. Лесвiца пачала запаўняцца. Цяпер ужо на кожнай прыступцы былi, падобныя здалёку адзiн на аднаго, фрачнiкi i голыя жанчыны з iмi, якiя адрознiвалiся адна ад аднае толькi колерам пер’я на галовах i туфляў.
Да Маргарыты кульгава наблiжалася ў адзiным драўляным боце на левай назе панi з апушчанымi, як у манашкi, вачыма, худзенькая, сцiплая i чамусьцi з зялёнаю павязкаю на шыi.
— Хто зялёная? — механiчна спыталася Маргарыта.
— Сама чароўная i салiдная панi, — шаптаў Кароўеў, — рэкамендую вам: спадарыня Тафана. Была надзвычай папулярнаю мiж маладых чароўных неапалiтанак, а таксама жыхарак Палерма, i асаблiва сярод тых, каму надаелi свае мужы. Бывае ж гэтак, каралева, што надакучае ўласны муж…
— Бывае, — глуха адказала Маргарыта, i ў той жа час усмiхалася двум фрачнiкам, якiя адзiн за адным схiлiлiся перад ёй i цалавалi калена i руку.
— Ну, вось, — умудраўся шаптаць Кароўеў Маргарыце i адначасова крычаць некаму: — Герцаг! Бакал шампанскага! Я ў захапленнi!.. Дык вось, панi Тафана разумела гэтых бедных жанчын i прадавала iм нейкую ваду ў бутэлечках. Жонка вылiвала гэтую ваду ў мужаву страву, той з’ядаў, дзякаваў за ласку i адчуваў сябе цудоўна. Праўда, праз некалькi гадзiн яму пачынала страшэнна хацецца пiць, потым ён клаўся ў ложак, а праз дзень прыгожая неапалiтанка, якая накармiла свайго мужа, была вольная, як вясновы вецер.
— А што гэта ў яе на назе? — пыталася Маргарыта, нястомна працягваючы руку гасцям, якiя перагналi кульгавую панi Тафану. — I нашто гэтая зелень на шыi? Шыя белая?
— Я ў захапленнi, князь! — крычаў Кароўеў i шаптаў Маргарыце: — Цудоўная шыя, але з ёю непрыемнасць здарылася ў турме. На назе ў яе, каралева, гiшпанскi боцiк, а стужка вось чаму: калi турэмшчыкi даведалiся, што амаль пяцьсот няўдала выбраных мужоў пакiнулi Неапаль i Палерма назаўсёды, яны ў гарачцы задушылi панi Тафану ў турме.
— Якая я шчаслiвая, чорная каралева, што маю гонар, — пакорлiва шаптала Тафана i спрабавала стаць на калена.
Iспанскi боцiк перашкаджаў ёй. Кароўеў i Бегемот дапамаглi Тафане.
— Я рада, — адказала ёй Маргарыта i тым часам падавала руку iншым.
Цяпер па лесвiцы знiзу ўгору падымалася суцэльная плынь. Маргарыта ўжо не магла бачыць, што робiцца ў швейцарскiм пакоi. Яна механiчна падымала i апускала руку, аднолькава ўсмiхалася гасцям. У паветры на пляцоўцы стаяў гул, з пакiнутых Маргарытаю бальных залаў, як мора, чулася музыка.
— А вось гэта — нудная жанчына, — ужо не шаптаў, а гаварыў моцна Кароўеў, ведаў, што ў гуле галасоў яго не будзе чуваць, — любiць балi i ўсё марыць пажалiцца на сваю насоўку.
Маргарыта знайшла вачыма сярод плынi тую, на каго паказваў Кароўеў. Гэта была маладая жанчына гадоў дваццацi, надзвычай прыгожае паставы, але з нейкiмi неспакойнымi i надакучлiвымi вачыма.
— Якую насоўку? — спыталася Маргарыта.
— Да яе камерыстка прыстаўлена, — растлумачыў Кароўеў, — i трыццаць гадоў кладзе ёй на ноч на столiк насоўку. Як толькi прачнецца, насоўка ёсць. Яна палiла яе ў печы i тапiла ў рацэ, але нiчога не дапамагае.
— Якую насоўку, — шаптала Маргарыта, падымаючы i апускаючы руку.
— З сiняй аблямовачкай. Справа ў тым, што, калi яна служыла ў кавярне, гаспадар неяк зазваў яе ў каморку, а праз дзевяць месяцаў нарадзiўся хлопчык, якога яна занесла ў лес i запхнула яму ў роцiк насоўку, а потым закапала хлопчыка ў зямлю. На судзе яна гаварыла, што ёй не было чым кармiць дзiця.
— А дзе ж гаспадар гэтай кавярнi? — спыталася Маргарыта.
— Каралева, — раптам зашыпеў унiзе кот, — дазвольце мне запытацца: пры чым тут гаспадар? Ён не душыў немаўля ў лесе!
Маргарыта не пераставала ўсмiхацца i махаць праваю рукою, а вострымi пазногцямi левае рукi ўпiлася ў Бегемотава вуха i зашаптала яму:
— Калi ты, сволач, яшчэ раз пасмееш умяшацца ў размову…
Бегемот неяк не па-бальнаму пiскнуў i захрыпеў.
— Каралева… вуха распухне… Навошта баль псаваць распухлым вухам?.. Я гаварыў юрыдычна… з юрыдычнага боку… Маўчу, маўчу… Лiчыце, што я не кот, а рыба, толькi пусцiце вуха.
Маргарыта адпусцiла вуха, i надакучлiвыя, цёмныя вочы апынулiся перад ёй.
— Я шчаслiвая, каралева-гаспадыня, што запрошана на гэты вялiкi баль поўнi.
— А я, — адказала Маргарыта, — рада вас бачыць. Вельмi рада. Вы любiце шампанскае?
— Што вы робiце, каралева?! — адчайна, але амаль нячутна ўскрыкнуў на вуха Кароўеў. — Затор атрымаецца!
— Я люблю! — з мальбою гаварыла жанчына i раптам пачала паўтараць: Фрыда, Фрыда, Фрыда! Мяне завуць Фрыдай, каралева!
— Дык вы напiцеся сёння, Фрыда, i нi пра што не думайце, — сказала Маргарыта.
Фрыда працягнула абедзве рукi да Маргарыты, але Кароўеў i Бегемот спрытна падхапiлi яе пад рукi, i яна знiкла ў