натоўпе.
Цяпер народ знiзу iшоў сцяною, быццам штурмаваў пляцоўку, на якой стаяла Маргарыта. Голыя жаночыя целы вiдаць былi мiж фрачнымi мужчынамi. На Маргарыту наплывалi iх смуглыя, белыя, шакаладныя i зусiм чорныя целы. У валасах рыжых, чорных, каштанавых, белых, як лён, — у моры святла зiхацелi i пералiвалiся iскрамi каштоўныя ўпрыгожаннi. I быццам нехта акрапiў святлом штурмавую калону мужчын кропелькамi святла, — з грудзей пырскалi святлом брыльянтавыя заколкi. Маргарыта кожную секунду адчувала дотык губ да калена, кожную секунду падавала руку для пацалунка, твар яе акамянеў прыветнаю маскаю.
— Я ў захапленнi, — аднастайна вёў Кароўеў, — мы ў захапленнi…
— Каралева ў захапленнi… — гугнiў за плячыма Азазела.
— Я ў захапленнi, — выкрыкваў кот.
— Маркiза, — мармытаў Кароўеў, — бацьку атруцiла, двух братоў i дзвюх сясцёр з-за спадчыны… Каралева ў захапленнi!.. Панi Мiнкiна… Ах, якая прыгожая! Крыху нервовая. Навошта ж было пячы твар служанцы шчыпцамi для завiўкi? Вядома, за такое зарэжуць… Каралева ў захапленнi!.. Каралева, секундачку ўвагi! Iмператар Рудольф, чараўнiк i алхiмiк.. Яшчэ алхiмiк, павешаны… Ах, вось i яна! Ах, якi цудоўны публiчны дом трымала ў Страсбургу!.. Мы ў захапленнi!.. Маскоўская краўчыха, мы любiм усе яе за бясконцую фантазiю… трымала атэлье i прыдумала надзвычай смешную штуку: прасвiдравала дзве дзiрачкi ў сцяне…
— А панi не ведалi? — спыталася Маргарыта.
— Усе да адной ведалi, каралева, — адказаў Кароўеў. — Я ў захапленнi!.. Гэты дваццацiгадовы хлопец з дзяцiнства меў дзiўную фантазiю, летуценнiк i дзiвак. Яго палюбiла адна дзяўчына, а ён узяў i прадаў яе ў публiчны дом…
Знiзу цякла рака. Канца гэтай рацэ не было вiдаць. Яе выток, вялiзны камiн, працягваў напаўняць яе. Гэтак прайшла гадзiна, другая. Тут Маргарыта пачала прыкмячаць, што яе ланцуг зрабiўся цяжэйшым, чым раней. Нешта дзiўнае адбывалася i з рукою. Цяпер, перад тым як падняць яе, Маргарыта мiжволi моршчылася. Цiкавыя каментары Кароўева перасталi забаўляць Маргарыту. I касавокiя мангольскiя твары, i твары белыя i чорныя сталi абыякавымi, часам злiвалiся ў нешта адно, а паветра памiж iмi пачынала трымцець i струменiць. Востры боль, быццам укалолi iголкаю, працяў раптам правую руку. Маргарыта сцiснула зубы i абаперлася на тумбу. Нейкi шолах, нiбы ад крылаў па сценах, чуўся цяпер ззаду з залы, i было зразумела, што там танцуе незлiчонае мноства гасцей. I Маргарыце здавалася, што нават цяжкiя мармуровыя, мазаiчныя i крыштальныя падлогi ў гэтых незвычайных залах рытмiчна пульсуюць.
Нi Гай Кесар Калiгула, нi Месалiна ўжо не цiкавiлi Маргарыту, гэтаксама як i нiводзiн з каралёў, герцагаў, кавалераў, самагубцаў, атручальнiкаў, вiсельнiкаў i зводнiц, турэмшчыкаў i шулераў, катаў, даносчыкаў, здраднiкаў, вар’ятаў, сышчыкаў, разбэшчвальнiкаў. Усе iх iмёны пераблыталiся ў галаве, твары змяшалiся ў адну вялiзную аладку, i толькi адзiн твар застаўся ў памяцi, аблямаваны сапраўды вогненнай барадой, твар Малюты Скуратава. Ногi Маргарыцiны падгiналiся, яна кожную хвiлiну баялася, што пачне плакаць. Найбольшыя пакуты былi ад правага калена, якое цалавалi. Яно распухла, скура на iм пасiнела, хаця некалькi разоў Наташыны рукi з’яўлялiся з губкаю i чымсьцi духмяным абцiралi яго. У канцы трэцяе гадзiны Маргарыта зiрнула ўнiз зусiм безнадзейна i радасна здрыганулася: плынь гасцей парадзела.
— Законы з’езду на баль усюды аднолькавыя, каралева, — шаптаў Кароўеў, зараз наплыў пачне спадаць. Клянуся, што мы пакутуем апошнiя хвiлiны. Вунь групка брокенскiх гулякаў. Яны заўсёды прыязджаюць апошнiя. Ага, гэта яны. Два п’яныя крывапiўцы… усе? А не, вунь яшчэ адзiн, не, двое!
Па лесвiцы ўзыходзiла двое апошнiх гасцей.
— Ды гэта хтосьцi новенькi, — гаварыў Кароўеў, прыплюшчыўшыся праз шкельца. — Ага, ага. Неяк аднойчы яго наведаў Азазела i на вушка параiў, як пазбавiцца ад аднаго чалавека, якi мог яго выкрыць. I вось ён загадаў свайму падначаленаму апырскаць сцены кабiнета ядам.
— Як яго завуць? — спыталася Маргарыта.
— А чорт яго, я i сам не ведаю, — адказаў Кароўеў, — трэба папытацца ў Азазелы.
— А з iм хто?
— А гэта той самы яго старанны падначалены. Я ў захапленнi! — крыкнуў Кароўеў двум апошнiм.
Лесвiца апусцела. На ўсякi выпадак пачакалi яшчэ некалькi хвiлiн. Але з камiна нiхто болей не выходзiў.
Праз секунду, Маргарыта i не памятала, як гэта здарылася, яна апынулася ў тым самым пакоi з басейнам i там заплакала ад болю ў руцэ i ў назе, упала проста на падлогу. Але Гела i Наташа суцешылi яе, зноў падвялi пад крывавы душ, зноў размасiравалi, расцерлi ёй цела, i Маргарыта зноў ажыла.
— Яшчэ, яшчэ, каралева Марго, — шаптаў Кароўеў, якi зноў з’явiўся побач, трэба абляцець залы, каб шаноўныя госцi не адчувалi сябе пакiнутымi.
I Маргарыта зноў паляцела з пакоя з басейнам. На эстрадзе за цюльпанамi, дзе iграў аркестр караля вальсаў, цяпер шалеў малпавы джаз. Вялiзная, з кудлатымi бакенбардамi гарыла з трубою ў руках, цяжка прытанцоўваючы, дырыжыравала. У радок сядзелi арангутангi, дзьмулi ў блiскучыя трубы. На плячах у iх размясцiлiся шымпанзе з гармонiкамi. Два гамадрылы з iльвiнымi грывамi iгралi на раялях, i гэтыя раялi не былi чуваць сярод шуму, пiску i бубухання саксафонаў, скрыпак i барабанаў у лапах у гiбонаў, мандрылаў i мартышак. На люстранай падлозе незлiчоная колькасць пар, як адна суцэльная маса, якая ўражвала спрытнасцю i чысцiнёю рухаў, круцiлася ў адным накiрунку, iшла сцяною i гатова была ўсё змесцi са свае дарогi. Жывыя атласныя матылькi пырхалi над полчышчамi танцораў, са столi сыпалiся кветкi. У капiтэлях калон, калi патухла электрычнасць, засвяцiлiся мiрыяды светлячкоў, а ў паветры плавалi балотныя агнi.
Потым Маргарыта апынулася ў велiзарным басейне, акружаным каланадаю. Гiганцкi чорны Нептун лiў з пашчы шырокi ружовы струмень. Хмельны пах шампанскага стаяў над басейнам. Тут панавала сапраўдная весялосць. Панi смяялiся, скiдалi туфлi, аддавалi сумачкi сваiм кавалерам альбо мурынам, якiя стаялi тут з прасцiнамi ў руках, i з крыкам, ластаўкай давалi нырца, ажно пенныя слупы ўзляталi ўгору. Крышталёвае басейнавае дно гарэла, падсвечанае святлом знiзу, святло прабiвала тоўшчу вiна, i ў iм былi вiдаць срабрыстыя плывучыя целы. Выскоквалi з басейна ўшчэнт п’янымi. Рогат звiнеў пад калонамi i грымеў, як у лазнi.
З усяе гэтае мiтуснi запомнiўся адзiн ушчэнт п’яны жаночы твар з пустымi вачыма, але i ў пустаце гэтай была нейкая мальба, i ўспомнiлася адно толькi слова — «Фрыда»!
У галаве ў Маргарыты пачало кружыцца ад вiннага водару, i яна сабралася ўжо iсцi, але кот адмачыў у басейне нумар, якi затрымаў Маргарыту. Бегемот нешта пачараваў ля Нептунавай пашчы, i адразу ж шыпучая шумлiвая маса шампанскага выцекла з басейна, а Нептун пачаў струменiць цёмна-жоўтую хвалю, якая не пенiлася i не шыпела. Панi завiшчалi i закрычалi:
— Каньяк! — кiнулiся ад басейна за калоны. Праз некалькi секунд басейн быў поўны, i кот, тройчы перакулiўшыся ў паветры, рынуўся ў каньяк. Ён вылез, адфыркаўся, гальштук на iм раскiс, пазалота зляцела з вусоў, i не стала бiнокля. Паўтарыць Бегемотаў нумар адважылася тая выдумшчыца-краўчыха i яе кавалер, невядомы малады мулат, i яны абое кiнулiся ў каньяк, але тут Кароўеў падхапiў Маргарыту пад руку, i яны пайшлi ад купальшчыкаў.
Маргарыце здалося, што яна дзесьцi ляцела i бачыла там у вялiзных каменных сажалках цэлыя горы вустрыц. Потым ляцела над шкляной падлогаю, пад якой гарэлi пякельныя печы, ля якiх завiхалiся д’ябальскiя белыя кухары. Потым недзе яна, ужо не разумеючы нiчога, бачыла цёмныя сутарэннi, дзе гарэлi нейкiя свяцiльнiкi, дзе дзяўчаты падносiлi мяса, якое шыпела на вуголлi, дзе вялiкiмi кубкамi пiлi за яе здароўе. Потым яна бачыла белых мядзведзяў, якiя iгралi на гармонiках i танцавалi камарынскую на эстрадзе. Фокуснiка-саламандру, якi не гарэў у камiне…I другi раз у яе пачало не хапаць сiлы.
— Апошнi выхад, — прашаптаў ёй заклапочана Кароўеў, — i мы вольныя.
Яна ў суправаджэннi Кароўева зноў апынулася ў бальнай зале, але цяпер тут не танцавалi, i госцi незлiчоным натоўпам збiлiся мiж калон, вызвалiлi сярэдзiну залы. Маргарыта не памятала, хто дапамог ёй узысцi на ўзвышэнне, якое з’явiлася на вызваленым месцы. Калi яна ўзышла на яго, здзiўлена пачула, што дзесьцi гадзiннiк адбiваў поўнач, хаця ёй здавалася, што поўнач даўно прамiнула. Разам з апошнiм ударам невядома адкуль чутнага гадзiннiка на натоўпы гасцей найшло глухое маўчанне.
Тады Маргарыта зноў угледзела Воланда. Ён iшоў, акружаны Абадонам, Азазелам i яшчэ некалькiмi, падобнымi на Абадону, чорнымi i маладымi. Маргарыта цяпер угледзела, што насупраць яе ўзвышэнне было падрыхтавана i Воланду. Але ён на яго не ўзышоў. Уразiла Маргарыту тое, што Воланд з’явiўся на гэты свой апошнi вялiкi выхад у тым самым адзеннi, у якiм быў у спальнi. Тая самая брудная залапленая сарочка звiсала ў яго на плячах, на нагах былi зношаныя пакаёвыя туфлi. Воланд быў са шпагаю, але гэтай аголенай шпагаю ён карыстаўся замест кiйка.
Воланд накульгваў. Ён спынiўся ля свайго ўзвышэння, i адразу Азазела апынуўся перад iм з мiсай у руках, а ў гэтай мiсе Маргарыта ўгледзела адрэзаную чалавечую галаву з выбiтымi пярэднiмi зубамi. Працягвала панаваць абсалютная цiшыня, i парушыў яе толькi адзiн раз незразумелы ў гэтых умовах званок, якi нагадваў той, калi звоняць у дзверы.
— Мiхаiл Аляксандравiч, — цiха звярнуўся Воланд да галавы, i тады павекi забiтага расплюшчылiся, i на мёртвым твары Маргарыта, якая аж скаланулася, убачыла жывыя, напоўненыя думкамi i пакутамi вочы. — Усё збылося цi не? працягваў Воланд i глядзеў галаве ў вочы. — Галава адрэзана жанчынаю, паседжанне не адбылося, i жыву я ў вашай кватэры. Гэта — факт. А факты — сама ўпартыя рэчы на свеце. Але цяпер iнтарэс мае наступнае, а не тое, што адбылося ўжо. Вы заўсёды былi прыхiльнiкам той тэорыi, што пасля таго, як адрэзана галава, жыццё ў чалавеку канчаецца, ён ператвараецца ў прах i адыходзiць у нябыт. Мне прыемна паведамiць вам пры гасцях, хаця яны самi доказ iншае тэорыi пра тое, што ваша тэорыя грунтоўная i дасцiпная. Дарэчы, усе тэорыi варты адна аднае. Ёсць сярод iх i такая, што кожнаму будзе аддзячана ў адпаведнасцi з яго вераю. Няхай збудзецца гэта! Вам адысцi ў нябыт, а мне радасна будзе з чашы, у якую вы ператвараецеся, выпiць за iснаванне!
Воланд падняў шпагу. Адразу ўсё на галаве пацямнела, скурчылася, потым паадвальвалася кавалкамi, вочы знiклi, i хутка Маргарыта ўбачыла ў мiсе жаўтлявы, з iзумруднымi вачыма i жамчужнымi зубамi, на залатой ножцы чалавечы чэрап. Адчынiлася накрыўка.
— Адзiн момант, месiр, — сказаў Кароўеў, калi перахапiў запытальны Воландаў позiрк, — ён будзе перад вамi. Я чую ў гэтай магiльнай цiшынi, як парыпваюць яго лакiраваныя туфлi i як звiнiць келiх, якi ён паставiў на стол, апошнi раз выпiўшы шампанскага. Ды вось