i ён.
У залу ўваходзiў новы адзiнокi госць i накiроўваўся да Воланда. Знешне ён нiчым не адрознiваўся ад шматлiкiх астатнiх гасцей-мужчын, акрамя аднаго: госць ажно хiстаўся ад хвалявання, i гэта было прыкметна здалёк. На ягоных шчоках гарэлi плямы, i вочы трывожна бегалi. Госць быў ашаломлены, i гэта зусiм натуральна: яго ўражвала ўсё i галоўным чынам, вядома, Воландава адзенне.
Аднак сустрэлi госця надзiва ласкава.
— А, мiлы барон Майгель, — прыветна ўсмiхнуўся i загаварыў Воланд з госцем, вочы ў якога мiтусiлiся i лезлi на лоб, — я шчаслiвы паказаць вам, Воланд звярнуўся да гасцей, — шаноўнага барона Майгеля, якi служыць у Камiсii вiдовiшчаў на пасадзе знаёмцы чужаземцаў са славутымi мясцiнамi сталiцы.
Тут Маргарыта замерла, таму што раптоўна пазнала гэтага Майгеля. Ён некалькi разоў сустракаўся ёй у маскоўскiх тэатрах i ў рэстарацыях. «Пачакайце… — падумала Маргарыта, — ён, атрымлiваецца, памёр таксама?» Але ўсё адразу высветлiлася.
— Мiлы барон, — працягваў Воланд i радасна ўхмыляўся, — быў такi добры, што як толькi даведаўся пра мой прыезд у Маскву, адразу патэлефанаваў мне i прапанаваў свае паслугi адпаведна сваёй спецыяльнасцi. Зразумела, што я меў гонар адразу запрасiць яго да сябе.
У гэты час Маргарыта ўбачыла, як Азазела перадаў мiсу з чэрапам Кароўеву.
— Ага, дарэчы, барон, — раптам, iнтымна прыцiшыўшы голас, прамовiў Воланд, — разнеслiся чуткi пра вашу надзвычайную цiкаўнасць. Гавораць, што калi злучыць яе з не меншай балбатлiвасцю, то на гэта нельга не звярнуць увагi. Мала таго, злыя языкi ўжо пусцiлi пагалоску — даносчык i шпiён. Але i гэтага мала, ёсць меркаванне, што гэта паслужыць прычынай вашага канца не пазней чым праз месяц. Дык вось, каб пазбавiць вас гэтага доўгага чакання, мы рашылi прыйсцi вам на дапамогу i выкарысталi тую акалiчнасць, што вы самi напрасiлiся да мяне ў госцi якраз дзеля таго, каб падгледзець i выслухаць усё, што толькi можна.
Барон стаў бялейшы за Абадону, якi быў надзвычай белатвары ад нараджэння, а потым адбылося нешта дзiўнае. Абадона аказаўся ля барона, зняў на iмгненне акуляры са свайго твару. У тое самае iмгненне нешта вогненна блiснула ў руках Азазелы, нешта цiха ляпнула, быццам пляснулi ў ладкi, барон пачаў падаць на спiну, пунсовая кроў хлынула ў яго з грудзей i залiла накрухмаленую кашулю i камiзэльку. Кароўеў падставiў чашу пад струмень i перадаў, напоўненую, Воланду. Мёртвае баронава цела было ўжо на падлозе.
— Я п’ю за ваша здароўе, панове, — цiха сказаў Воланд, падняў чашу i дакрануўся да яе губамi.
Пасля гэтага адбылася метамарфоза. Знiкла залапленая сарочка i зношаныя туфлi. Воланд аказаўся ў нейкай чорнай хламiдзе са сталёваю шпагаю на баку. Ён хутка падышоў да Маргарыты, падаў чашу i загадаў:
— Пi!
У Маргарыты закружылася галава, яе павяло ўбок, але чаша ўжо была ля губ, i нечыя галасы, а чые — яна не магла разабрацца, шапнулi ў вуха:
— Не бойцеся, каралева… Не бойцеся, каралева, — кроў даўно пайшла ў зямлю. I там, дзе яна была, ужо растуць вiнаградныя гронкi.
Маргарыта з заплюшчанымi вачыма каўтнула, i салодкi агонь прабег па яе жылах, у вушах зазвiнела. Ёй здалося, што глушаць крыкам пеўнi, што дзесьцi iграюць маршы. Натоўпы гасцей пачалi страчваць сваё аблiчча. I фрачнiкi, i жанчыны рассыпалiся ўшчэнт. Гнiллё на вачах у Маргарыты запаланiла залу, i ў ёй запахла пограбам. Калоны рассыпалiся, патухлi агнi, усё сцялася, прапалi фантаны, цюльпаны i камелii. А засталося тое, што i было — сцiплая ювелiршына гасцёўня, з прачыненых дзвярэй якое падала палоска святла. У гэтыя прачыненыя дзверы i ўвайшла Маргарыта.
Раздзел 24
ВЯРТАННЕ МАЙСТРА
У Воландавай спальнi ўсё было гэтакае самае, як i да балю. Воланд у сарочцы сядзеў на ложку, i толькi Гела не расцiрала яму нагу, а на стале, дзе раней гулялi ў шахматы, стаўляла вячэраць. Кароўеў i Азазела знялi фракi i сядзелi за сталом, а побач з iмi, вядома, мясцiўся i кот, якi не хацеў развiтвацца са сваiм гальштукам, хаця ён зусiм ператварыўся ў анучку. Маргарыта, хiстаючыся, падышла да стала i абаперлася на яго. Тады Воланд паклiкаў яе, як i тады, да сябе, паказаў, каб села побач.
— Ну што, вас ушчэнт замучылi? — спытаўся Воланд.
— Ды не, месiр, — адказала Маргарыта ледзь чутна.
— Ноблес облiж, — сказаў кот i налiў Маргарыце нейкай празрыстай вадкасцi ў шклянку для лафiту.
— Гэта гарэлка? — слаба спыталася Маргарыта.
Кот ажно падскочыў на крэсле ад крыўды.
— Злiтуйцеся, каралева, — захрыпеў ён, — хiба я дазволiў бы сабе налiць панi гарэлкi? Гэта — чысты спiрт!
Маргарыта ўсмiхнулася i памкнулася адсунуць шклянку.
— Пiце смела, — сказаў Воланд, i Маргарыта адразу ўзяла шклянку ў руку. Гела, сядай, — загадаў Воланд i растлумачыў Маргарыце: — Ноч поўнi — святочная ноч, i я вячэраю з малою кампанiяй блiзкiх мне людзей i слуг. Дык як вы маецеся? Як прайшоў гэты цяжкi баль?
— Цудоўна! — затрашчаў Кароўеў. — Усе зачараваныя, закаханыя, знiшчаныя! Гэтулькi тактоўнасцi, гэтулькi ўмення, чароўнасцi i шарму!
Воланд моўчкi падняў шклянку i чокнуўся з Маргарытаю. Маргарыта пакорлiва выпiла, думаючы, што на месцы i сканае ад спiрту. Але нiчога дрэннага не здарылася. Жывая цеплыня разлiлася ў яе ў жываце, нешта мякка таўханула ў патылiцу, вярнулася сiла, быццам яна прачнулася пасля доўгага моцнага сну, акрамя гэтага адчула, што галодная, як ваўчыца. Успомнiла, што не ела нiчога з учарашняе ранiцы, i есцi захацела яшчэ мацней. Яна пачала прагна каўтаць iкру.
Бегемот адрэзаў кавалак ананаса, пасалiў яго, наперчыў, з’еў, i пасля гэтак спраўна кульнуў другую чарку, што ўсе заапладзiравалi яму.
Маргарыта выпiла другую чарку, i свечкi ў свечнiках загарэлiся ярчэй, у камiне пабольшала полымя. Хмелю Маргарыта зусiм не адчувала. Яна кусала белымi зубамi мяса, цешылася сокам, якi цёк з яго, i глядзела, як Бегемот намазвае гарчыцаю вустрыц.
— Ты яшчэ вiнаграду наверх пакладзi, — цiха сказала Гела i таўханула ката ў бок.
— Папрашу мяне не вучыць, — адказаў Бегемот, — ведаю, як паводзiць сябе за сталом, ведаю!
— Ах, як прыемна вось гэтак вячэраць, пры агнi, па-свойску, — трашчаў Кароўеў, — з блiзкiмi табе…
— Не, Фагот, — пярэчыў кот, — баль мае сваю асалоду i размах…
— Нiякае асалоды там няма i размаху таксама, а гэтыя дурныя мядзведзi i тыгры ў бары сваiм ровам давялi мяне да мiгрэнi, — сказаў Воланд.
— Слухаю, месiр, — сказаў кот, — калi вы лiчыце, што размаху не было, то i я адразу таксама буду гэтак лiчыць.
— Ты глядзi! — адказаў Воланд.
— Я пажартаваў, — пакорлiва адказаў кот, — а што датычыць тыграў, то я загадаю, каб iх зарэзалi i засмажылi.
— Тыграў не ядуць, — сказала Гела.
— Вы так думаеце? Тады прашу выслухаць, — адазваўся кот, заплюшчыўся ад задавальнення, i расказаў, як аднойчы ён блукаў па пустынi дзевятнаццаць дзён i адзiнае, чым харчаваўся, гэта было мяса забiтага iм тыгра. Усе з цiкавасцю слухалi гэты займальны расказ, а калi кот скончыў, усе хорам ускрыкнулi:
— Хлусня!
— I што сама цiкавае ў гэтай хлуснi, — сказаў Воланд, — што яна — хлусня ад першага да апошняга слова.
— Ага, хлусня? — ускрыкнуў кот, i ўсе падумалi, што ён пачне пярэчыць, але ён толькi цiха сказаў: — Гiсторыя рассудзiць нас.
— А скажыце, — звярнулася да Азазелы Марго, якая ажыла пасля спiрту, — вы застрэлiлi яго, гэтага былога барона?
— Вядома, — адказаў Азазела, — як яго не застрэлiць? Яго абавязкова трэба застрэлiць.
— Я гэтак хвалявалася! — усклiкнула Маргарыта. — Гэта здарылася неспадзявана.
— Нiчога нечаканага не было, — запярэчыў Азазела, а Кароўеў завыў i занэндзiў:
— Як тут не хвалявацца? У мяне ў самога лыткi затрэслiся! Бух! Раз! Барон на бок!
— У мяне ледзь не iстэрыка была, — дадаў кот i аблiзаў лыжку з iкрою.
— Мне вось што не зразумела, — гаварыла Маргарыта, i залатыя iскаркi ад крышталю ззялi ў яе ў вачах, — няўжо звонку не чуваць было музыкi i наогул грукату ад гэтага балю?
— Вядома, не было чуваць, каралева, — растлумачыў Кароўеў, — гэта трэба рабiць так, каб не было чуваць. Гэта акуратненька трэба рабiць.
— Вядома, вядома… Справа ў тым, што гэты чалавек на лесвiцы… Калi мы iшлi з Азазелам… I другi ля пад’езда… Я думаю, што ён цiкаваў за вашай кватэрай…
— Правiльна, правiльна!.. — крычаў Кароўеў. — Правiльна, дарагая Маргарыта Мiкалаеўна! Вы пацвярджаеце мае падазрэннi! Сапраўды, ён вёў назiранне. Я сам спачатку падумаў, што гэта якi-небудзь прыват-дацэнт цi закаханы, якi чакае на лесвiцы. Але не, не! Нешта трывожыла маё сэрца! Ён вёў назiранне! I другi ля пад’езда таксама! I той, што ў падваротнi, таксама!
— Вось цiкава, калi вас прыйдуць арыштоўваць? — сказала Маргарыта.
— Абавязкова прыйдуць, чароўная каралева, абавязкова! — адказаў Кароўеў. Сэрцам чую, што прыйдуць. Не цяпер, вядома, у свой час прыйдуць. Але думаю, што нiчога цiкавага не атрымаецца.
— Вой, як я расхвалявалася, калi гэты барон упаў, — гаварыла Маргарыта, i вiдаць было, што яна дасюль перажывае забойства, якое бачыла ўпершыню ў жыццi. — Вы, мабыць, добра страляеце?
— Нармалёва, — адказаў Азазела.
— А на колькi крокаў? — задала Маргарыта Азазелу не зусiм зразумелае пытанне.
— А гэта, калi глядзець, у што, -справядлiва адказаў Азазела, — адно трапiць малатком у шкло крытыку Латунскаму, другое — яму ў сэрца трапiць.
— У сэрца! — усклiкнула Маргарыта i схапiлася за сваё. — У сэрца! паўтарыла яна глухiм голасам.
— Што гэта за крытык Латунскi? — спытаўся Воланд i прымружана паглядзеў на Маргарыту.
Азазела, Кароўеў i Бегемот неяк сарамлiва апусцiлi вочы, а Маргарыта адказала:
— Ёсць адзiн такi крытык. Сёння вечарам я разнесла яму кватэру.
— Вось табе i маеш! А за што?
— Ён, месiр, — растлумачыла Маргарыта, — загубiў аднаго майстра.
— А навошта было самой старацца? — спытаўся Воланд.
— Дазвольце мне, месiр! — ускрыкнуў кот радасна i ўсхапiўся.
— Ды сядзi ты, — буркнуў Азазела i ўстаў, — я сам зараз з’езджу…
— Не! — усклiкнула Маргарыта. — Не, прашу вас, не трэба гэтага, месiр!
— Як хочаце, як хочаце, — адказаў Воланд, а Азазела сеў на сваё месца.
— Дык дзе мы спынiлiся, дарагая каралева Марго? — гаварыў Кароўеў. — Ага, сэрца. У сэрца ён трапiць, — Кароўеў паказаў сваiм доўгiм пальцам на Азазелу, — на выбар, у любое перадсэрдзе цi ў любы жалудачак.
Маргарыта не адразу зразумела, а калi да яе дайшло, ускрыкнула:
— Дык iх не вiдаць!
— Дарагая, — трашчаў Кароўеў, — у тым увесь i цымус, што iх не вiдаць! А