ў адкрыты прадмет кожны можа трапiць!
Кароўеў дастаў з шуфлядкi стала пiкавую сямёрку, падаў Маргарыце, папрасiў адзначыць пазногцем адно з ачкоў. Маргарыта пазначыла верхняе правае. Гела схавала карту пад падушку i крыкнула:
— Гатова!
Азазела, якi сядзеў задам да падушкi, дастаў з кiшэнi фрачных штаноў аўтаматычны пiсталет, паклаў дула на плячо i стрэлiў, не адварочваючыся да падушкi, чым весела спалохаў Маргарыту. З-пад прастрэленае падушкi дасталi карту. Пазначанае Маргарытаю ачко было прабiта.
— Не хацелася б сустракацца з вамi, калi ў вас у руках рэвальвер, гуллiва паглядаючы на Азазелу, сказала Маргарыта. Яна любiла людзей, якiя ўмеюць рабiць што-небудзь па-сапраўднаму.
— Дарагая мая каралева, — пiшчаў Кароўеў, — я нiкому не раiў i не раю сустракацца з iм, нават калi ў яго не будзе нiякага рэвальвера ў руках! Клянуся гонарам былога рэгента i запявалы, што нiхто не павiншаваў бы гэтага сустрэчнага.
Кот насуплена сядзеў, пакуль адбываўся вопыт са стралянiнай, i раптам аб’явiў:
— Бяруся перакрыць рэкорд з сямёркай!
Азазела ў адказ штосьцi прабурчаў. Але кот быў упэўнены i запатрабаваў адразу два рэвальверы. Азазела дастаў другi рэвальвер з другое задняе кiшэнi, пагардлiва скрывiў рот i разам з першым перадаў хвальку. Пазначылi два ачкi на сямёрцы. Кот доўга меркаваўся, адвярнуўшыся ад падушкi. Маргарыта заткнула вушы пальцамi, сядзела i глядзела на саву, якая драмала на камiннай палiцы. Кот стрэлiў з абодвух рэвальвераў, пасля гэтага адразу вiскнула Гела, забiтая сава ўпала з камiна, i спынiўся пабiты гадзiннiк. Гела, у якой адна рука была акрываўленая, завыла i ўпiлася кату ў поўсць, а ён ёй у валасы, i яны клубком пакацiлiся па падлозе. Адзiн з келiхаў упаў са стала i пабiўся.
— Адцягнiце ад мяне гэтую ашалелую ведзьму! — завываў кот i адбiваўся ад Гелы, якая сядзела верхам на iм.
Забiяк разнялi, Кароўеў падзьмухаў на прастрэлены Гелiн палец, i той загаiўся.
— Я не магу страляць, калi гавораць пад руку! — крычаў Бегемот i стараўся прымайстраваць на ранейшае месца вылуплены на спiне вялiзны камяк поўсцi.
— Магу паспрачацца, — сказаў Воланд i ўсмiхнуўся Маргарыце, — што гэтую штуку ён усмалiў знарок. Ён страляе даволi няблага.
Гела з катом памiрылiся i ў знак гэтага прымiрэння пацалавалiся. Дасталi з-пад падушкi карту. Нiводнае з ачкоў, акрамя прастрэленага Азазелам, не было закранута.
— Не можа гэтага быць, — гаварыў кот i глядзеў праз карту на святло ад свечнiка.
Вясёлая вячэра працягвалася. Свечкi аплывалi ў свечнiках, па пакоях хвалямi расплывалася сухое духмянае цяпло ад камiна. Маргарыта наелася, i яе ахапiла адчуванне задаволенасцi. Яна глядзела, як шызыя абараначкi дыму з Азазелавае сiгары плылi ў камiн i як кот ловiць iх на кончык шпагi. Ёй нiкуды не хацелася iсцi, хоць было ўжо позна. Калi меркаваць па ўсiм, што адбылося, было ўжо гадзiн шэсць ранiцы. Маргарыта выкарыстала паўзу i нясмела сказала Воланду:
— Вiдаць, мне час ужо… Позна…
— Куды вы спяшаецеся? — спытаў Воланд ветлiва, але стрымана.
Астатнiя прамаўчалi, прытварылiся, што захапiлiся колцамi сiгарнага дыму.
— Ага, пара, — зусiм збянтэжана паўтарыла Маргарыта i азiрнулася, быццам шукала адзежыну.
Тое, што яна голая, пачало бянтэжыць яе. Яна ўстала з-за стала. Воланд моўчкi зняў з ложка свой зашмальцаваны халат, i Кароўеў накiнуў яго на плечы Маргарыце.
— Дзякуй вам, месiр, — ледзь чутна прамовiла Маргарыта i запытальна паглядзела на Воланда.
Той у адказ усмiхнуўся ёй ветлiва i абыякава. Чорная нуда раптоўна падступiла пад Маргарыцiна сэрца. Яна адчула сябе абманутаю. Нiякае аддзякi за ўсе яе паслугi на балi нiхто, вiдаць, i не збiраўся ёй прапаноўваць, нiхто i не затрымлiваў яе. А мiж тым яна цудоўна ведала, што iсцi ёй адсюль болей няма куды. Згадка пра тое, што ёй давядзецца вярнуцца ў асабняк, выклiкала ў душы выбух адчаю. Самой напрасiцца, як спакуслiва раiў Азазела ў Аляксандраўскiм садзе? «Не, нiколi!» — сказала яна сама сабе.
— Усяго вам добрага, месiр, — прамовiла яна, а сама падумала: «Каб толькi выбрацца адсюль, а там дайду да рэчкi i ўтаплюся».
— Сядзьце! — раптам загадаў Воланд.
Маргарыта змянiлася з твару i села.
— Можа, хочаце што-небудзь сказаць на развiтанне?
— Не, нiчога, месiр, — ганарлiва адказала Маргарыта, — акрамя таго, што калi яшчэ вам патрэбная, то гатова выканаць усё, што вы захочаце. Я зусiм не стамiлася, i мне весела было на балi. Такiм чынам, калi б ён працягваўся яшчэ, я ахвотна падстаўляла б сваё калена дзеля таго, каб яго цалавалi вiсельнiкi i забойцы. — Маргарыта глядзела на Воланда як скрозь заслону, вочы яе напоўнiлiся слязьмi.
— Правiльна! Вы гаворыце правiльна! — моцна i страшна сказаў Воланд. Гэтак i трэба!
— Гэтак i трэба! — рэхам паўтарыла Воландава свiта.
— Гэта было выпрабаванне, — сказаў Воланд, — нiколi i нiчога не прасiце! Нiколi i нiчога, асаблiва ў тых, хто мацнейшы, чым вы. Самi прапануюць i самi ўсё дадуць. Сядайце, ганарлiвая жанчына. — Воланд сарваў цяжкi халат з Маргарыты, i яна зноў апынулася побач з iм на ложку. — Ну, Марго, — працягваў Воланд, i голас у яго памякчэў, — чаго вы хочаце за тое, што сёння ў мяне былi гаспадыняй? Чаго хочаце за тое, што правялi гэты баль голай? Як вы ацэньваеце ваша калена? Якiя страты ад маiх гасцей, якiх вы толькi што назвалi вiсельнiкамi? Кажыце! I цяпер не саромейцеся, бо я прапанаваў.
Маргарыцiна сэрца закалацiлася, яна цяжка ўздыхнула, пачала думаць.
— Ну, чаго вы, смялей! — падахвочваў Воланд. — Будзiце сваю фантазiю, падганяйце яе! Адна толькi прысутнасць пры забойстве гэтага нягоднiка-барона вартая таго, каб чалавека ўзнагародзiлi, асаблiва калi гэты чалавек — жанчына. Ну?
Дух заняло ў Маргарыты, i яна хацела выказаць запаветнае жаданне, вымавiць даўно падрыхтаваныя словы, але раптам пабялела, разявiла рот, вылупiла вочы. «Фрыда! Фрыда! Фрыда! — стаяў крык у вушах, надакучлiвы, умольны. — Мяне завуць Фрыда!» I Маргарыта, заiкаючыся, загаварыла:
— Значыць, я магу папрасiць… папрасiць адну паслугу?
— Запатрабаваць, запатрабаваць, мая донна, — адказаў Воланд i ўсмiхнуўся з разуменнем, — запатрабаваць адну паслугу!
Ах, як спрытна i выразна Воланд падкрэслiў, паўтараючы Маргарыцiны словы, — «адну паслугу»!
Маргарыта ўздыхнула яшчэ раз i сказала:
— Я хачу, каб Фрыдзе перасталi прыносiць тую насоўку, якой яна задушыла дзiця.
Кот пусцiў вочы пад лоб i ўздыхнуў шумна, але нiчога не сказаў, мабыць, памятаў, як закруцiла за вуха на балi.
— Калi ўлiчыць, — загаварыў Воланд, — што магчымасць атрымаць вамi хабар ад гэтае дурнiцы Фрыды, вядома, выключаецца — гэта было б несумяшчальна з вашай каралеўскаю годнасцю, — я нават не ведаю, што тут рабiць. Застаецца толькi адно — набраць ануч i затыкаць iмi ўсе шчылiны ў маёй спальнi!
— Пра што вы гаворыце, месiр? — здзiвiлася Маргарыта, калi пачула гэтыя сапраўды незразумелыя словы.
— Цалкам згодны з вамi, месiр, — умяшаўся ў гаворку кот, — менавiта анучамi! — i кот раззлавана грукнуў па стале.
— Я гавару пра мiласэрнасць, — тлумачыў свае словы Воланд i не адводзiў ад Маргарыты вогненнага вока. — Часам яна пралазiць скрозь сама вузенькiя шчылiнкi неспадзявана i каварна. Вось чаму я i гавару пра анучы.
— I я пра гэта кажу! — усклiкнуў кот i на ўсякi выпадак падаўся далей ад Маргарыты, прыкрыў лапамi выпацканыя ў ружовы крэм свае вострыя вушы.
— Пайшоў прэч, — сказаў яму Воланд.
— Я кавы яшчэ не пiў, — адказаў кот, — як гэта я пайду? Няўжо месiр у святочную ноч гасцей дзелiць на два гатункi? Адны — першае, а другiя — як гаварыў гэты скнара буфетчык, другое свежасцi?
— Змоўкнi, — загадаў яму Воланд i спытаўся ў Маргарыты: — Вы, калi меркаваць па ўсiм, чалавек надзвычай добры? Высокамаральны чалавек?
— Не, — гучна адказала Маргарыта, — я ведаю, што гаварыць з вамi можна толькi шчыра i скажу адкрыта: я чалавек легкадумны. Папрасiла за Фрыду толькi таму, што незнарок абнадзеiла яе. Яна чакае i верыць, што я дапамагу. I калi яна застанецца падманутая, мне не будзе спакою ўсё жыццё. Нiчога не зробiш! Гэтак атрымалася.
— А, — сказаў Воланд, — гэта зразумела.
— Дык вы зробiце? — цiха спытала Маргарыта.
— Нiколi, — адказаў Воланд, — справа ў тым, дарагая каралева, што тут адбылася блытанiна. Кожнае ведамства павiнна займацца сваёй справай. Не пярэчу, нашы магчымасцi вельмi вялiкiя, намнога большыя, чым думаюць некаторыя не вельмi празорлiвыя людзi…
— Вядома, намнога большыя, — не ўтрываў кот, якi, мабыць, ганарыўся вельмi гэтымi магчымасцямi.
— Замоўкнi, чорт пабяры! — сказаў яму Воланд i працягваў гаварыць Маргарыце: — Але якi сэнс рабiць тое, што павiнен рабiць нехта iншы, другое ведамства, як я сказаў? Таму я гэта рабiць не буду, а вы зробiце самi.
— А хiба маё жаданне збудзецца?
Азазела iранiчна, коса зiрнуў сваiм крывым вокам на Маргарыту, непрыкметна пакруцiў рыжаю галавою i фыркнуў.
— Ды рабiце, вось марока мне, — прамармытаў Воланд, пакруцiў глобус i пачаў прыглядацца да нейкае дэталькi, бо, вiдаць, у час гаворкi з Маргарытаю займаўся яшчэ i нейкаю сваёй справай.
— Ну, Фрыда… — падказаў Кароўеў.
— Фрыда! — пранiзлiва крыкнула Маргарыта. Дзверы расчынiлiся, i растрапаная, голая, але ўжо зусiм цвярозая жанчына з адчайнымi вачыма ўбегла ў пакой i працягнула рукi да Маргарыты, а тая велiчна сказала:
— Табе даруецца. Насоўку болей прыносiць не будуць.
Пачуўся крык Фрыды, яна ўпала на каленi на падлогу нiцма i распласталася перад Маргарытаю крыжам. Воланд махнуў рукой, i Фрыда знiкла з вачэй.
— Дзякуй вам, бывайце, — сказала Маргарыта i ўстала.
— Ну што ж, Бегемот, не будзем нажывацца на непрактычнасцi чалавека ў святочную ноч, — загаварыў Воланд. Ён завярнуўся да Маргарыты: — Такiм чынам, гэта не лiчыцца, я нiчога не рабiў. Што вы сабе хочаце?..
Настала маўчанне, i перапынiў яго Кароўеў, якi зашаптаў Маргарыце на вуха:
— Алмазная донна, цяпер вам раю быць разумнаю! А то ўдача можа i знiкнуць.
— Я хачу, каб мне зараз, у гэтую самую хвiлiну, вярнулi майго каханка, майстра, — сказала Маргарыта, i твар яе сцяла сутарга.
I адразу ў пакой уварваўся вецер гэтак, што полымя свечак у свечнiках легла, цяжкая фiранка на акне адсунулася, адчынiлася акно, а ў далёкай вышынi паказалася поўня, але не ранiшняя, а начная. Ад падаконнiка на падлогу разаслалася зялёная хустка начнога святла, i ў iм з’явiўся начны Iванаў госць, якi называўся майстрам. Ён быў у сваiм бальнiчным адзеннi — у халаце, у туфлях i чорнай шапачцы, з якою не разлучаўся. Няголены твар сутаргава крывiўся, ён па-вар’яцку,спалохана зiркаў на агонь свечак, а месячны струмень кiпеў вакол яго.
Маргарыта яго пазнала адразу, застагнала, пляснула рукамi i пабегла