да яго. Яна цалавала яго ў лоб, у губы, тулiлася да яго калючае шчакi, i слёзы, якiя яна доўга стрымлiвала, цяклi ручаямi па яе твары. Яна паўтарала адно толькi слова, недарэчна паўтарала яго:
— Ты… ты… ты…
Майстар адхiлiў яе ад сябе i глуха прамовiў:
— Не плач, Марго, не муч мяне. Я цяжка хворы, — ён ухапiўся рукамi за падаконнiк, быццам збiраўся ўскочыць на яго i ўцякаць, выскалiў зубы, прыгледзеўся да тых, хто сядзеў, i закрычаў: — Мне страшна, Марго! У мяне зноў пачалiся галюцынацыi…
Плач душыў Маргарыту, яна шаптала, душачыся словамi:
— Не, не, не… не бойся нiчога… я з табою… я з табою…
Кароўеў спрытна i непрыкметна падапхнуў майстру крэсла, i той сеў на яго, а Маргарыта ўпала на каленi, прыцiснулася да боку хворага i гэтак зацiхла. Ад хвалявання яна не заўважала, што была ўжо не раздзетая, на ёй цяпер быў шаўковы чорны плашч. Хворы нагнуў голаў i глядзеў на зямлю сумнымi хворымi вачыма.
— Сапраўды, — загаварыў Воланд пасля маўчання, — яго сапраўды моцна скалечылi. — Ён загадаў Кароўеву: — Дай, рыцар, гэтаму чалавеку чаго-небудзь выпiць.
Маргарыта ўпрошвала майстра дрыготкiм голасам:
— Выпi, выпi! Ты баiшся? Не, не, павер мне, што табе дапамогуць!
Хворы ўзяў шклянку i выпiў тое, што было ў ёй, але рука яго здрыганулася, i апусцелая шклянка зазвiнела асколкамi ля яго ног.
— На шчасце! На шчасце! — зашаптаў Кароўеў Маргарыце. — Глядзiце, ён пачынае ўжо ачуньваць.
Сапраўды, позiрк хворага зрабiўся не гэтакi дзiкi i трывожны.
— Гэта сапраўды ты, Марго? — спытаў месячны госць.
— Не сумнявайся, гэта я, — адказала Маргарыта.
— Яшчэ! — загадаў Воланд.
Пасля таго як майстар асушыў другую шклянку, яго вочы ажылi i зрабiлiся разумнымi.
— Ну вось, цяпер iншая справа, — сказаў Воланд i прымружыўся, — цяпер i пагаварыць можна. Хто вы будзеце?
— Цяпер я нiхто, — адказаў майстар, i рот ад усмешкi толькi скрывiўся.
— Вы адкуль зараз?
— З вар’яцкага дома. Я — псiхiчна хворы чалавек, — адказаў прышэлец.
Ад гэтых слоў Маргарыта не стрымалася i заплакала зноў. Потым выцерла вочы i закрычала:
— Жахлiвыя словы! Жахлiвыя словы! Ён майстар, месiр, я вас папярэджвала пра гэта! Вылечце яго, ён заслугоўвае гэтага!
— Вы ведаеце, з кiм зараз размаўляеце, — спытаўся ў прышэльца Воланд, — у каго вы зараз знаходзiцеся?
— Ведаю, — адказаў майстар, — маiм суседам у вар’яцкiм доме быў гэты хлопчык, Iван Бяздомны.Ён расказаў мне пра вас.
— Ну, вядома, вядома, — адказваў Воланд, — я меў радасць сустракацца з гэтым маладым чалавекам на Патрыярхавых сажалках. Ён мяне ледзь самога да вар’яцтва не давёў, даказваў, што я не iсную! Але вы верыце, што гэта на самай справе я?
— Даводзiцца верыць, — сказаў прышэлец, — вядома, спакайней было б лiчыць, што вы проста праява галюцынацыi. Выбачайце, — спахапiўся майстар.
— Ну, што ж, калi спакайней, то i лiчыце, — ветлiва адказаў Воланд.
— Не, не! — спалохана загаварыла Маргарыта i трэсла майстра за плячук. Апамятайся! Перад табою сапраўды ён!
Кот i тут не вытрываў:
— Хiба я адзiн падобны на галюцынацыю. Звярнiце ўвагу на мой профiль, асветлены поўняй. — Кот палез пад месячнае святло i хацеў нешта яшчэ сказаць, але яго папрасiлi сцiхнуць, i ён адказаў: — Добра, добра, я гатовы замоўкнуць. Я буду маўклiвая галюцынацыя. — I замоўк.
— Скажыце, калi ласка, чаму Маргарыта называе вас майстрам? — спытаўся Воланд.
Той усмiхнуўся i сказаў:
— Гэта даравальны недахоп. Яна надта добрае думкi пра той раман, якi я напiсаў.
— Пра што рамана?
— Пра Понцiя Пiлата.
Тут зноў захiсталiся, заскакалi агеньчыкi на свечках, забрынчаў на стале посуд, — гэтак моцна засмяяўся Воланд, але смехам гэтым нiкога не спалохаў i не здзiвiў. Бегемот чамусьцi пачаў апладзiраваць.
— Пра што, пра што? Пра каго? — загаварыў Воланд пасля таго, як перастаў смяяцца. — Вось цяпер? Гэта нечувана! I вы не знайшлi iншае тэмы? Дайце мне паглядзець, — Воланд працягнуў руку ўгору далоняй.
— На жаль, я не магу гэта зрабiць, — адказаў майстар, — таму што я спалiў яго ў печцы.
— Даруйце, не веру, — адказаў Воланд, — гэтага не можа быць. Рукапiсы не гараць. — Ён завярнуўся да Бегемота i прамовiў: — Ану, Бегемот, давай сюды раман.
Кот iмгненна ўсхапiўся з крэсла, i ўсе ўгледзелi, што ён сядзеў на тоўстым стосе рукапiсаў. Верхнi экземпляр кот з паклонам падаў Воланду. Маргарыта затрымцела i закрычала, усхваляваная да слёз:
— Вось ён, рукапiс! Вось ён!
Яна кiнулася да Воланда i ў захапленнi дадала:
— Усемагутны! Усемагутны!
Воланд узяў у рукi пададзены яму экземпляр, пакруцiў яго, адклаў убок, без усмешкi паглядзеў на майстра. А той невядома чаму зноў засумаваў, неспакойна ўсхапiўся з крэсла, заламаў рукi i пачаў мармытаць, скаланаючыся ўсiм целам i звяртаючыся да поўнi:
— I нават месячнай ноччу мне няма спакою… Нашто было трывожыць мяне? Божа лiтасцiвы, божа лiтасцiвы…
Маргарыта ўхапiлася за бальнiчны халат, прытулiлася да яго, i сама пачала мармытаць адчайна i слёзна:
— Божа, чаму табе не дапамагае лякарства?
— Нiчога, нiчога, нiчога, — шаптаў Кароўеў i вiўся вакол майстра, нiчога, нiчога… Яшчэ шкляначку, i я за кампанiю з вамi…
I шкляначка падмiргнула пры месячным святле, блiснула i дапамагла гэтая шкляначка. Майстра зноў пасадзiлi на крэсла, i твар у хворага зрабiўся зноў спакойны.
— Ну, цяпер усё зразумела, — сказаў Воланд i пастукаў доўгiм пальцам па рукапiсе.
— Усё зразумела, — пацвердзiў кот, якi забыўся, што абяцаў быць маўклiваю галюцынацыяй, — цяпер галоўная лiнiя гэтага опуса мне вiдна наскрозь. Што ты сказаў, Азазела? — звярнуўся ён да маўклiвага Азазелы.
— Я кажу, — прагугнявiў той, — што добра было б цябе ўтапiць.
— Злiтуйся, Азазела, — адказаў кот, — i не падказвай гэтую думку майму валадару. Павер мне, што тады я пачаў бы кожную ноч наведваць цябе ў гэтакiм самым месячным адзеннi, як i бедны майстар, i кiваў бы табе, i клiкаў бы за сабою. Як бы ты адчуваў сябе, Азазела?
— Ну, Маргарыта, — зноў загаварыў Воланд, — кажыце пра ўсё, што вам трэба.
Маргарыцiны вочы ўспыхнулi, i яна ўмольна звярнулася да Воланда:
— Дазвольце мне пашаптацца з iм?
Воланд кiўнуў галавою, i Маргарыта прыпала да вуха майстра, штосьцi зашаптала яму. Чуваць было, што той адказаў ёй:
— Не, позна. Нiчога болей не хачу ад жыцця. Акрамя таго, каб бачыць цябе. Але табе iзноў раю — пакiнь мяне. Са мною ты загiнеш.
— Не, не, не пакiну, — адказала Маргарыта i звярнулася да Воланда:
— Прашу вас зноў вярнуць нас у падвал у завулку на Арбаце, i каб лямпа гарэла, i каб усё было як i раней…
Тут майстар засмяяўся, абхапiў проставалосую Маргарыцiну галаву, сказаў:
— Ай, не слухайце бедную жанчыну, месiр. У гэтым падвале даўно ўжо жыве iншы чалавек, i наогул не бывае гэтак, каб усё стала ранейшым… — Ён прытулiўся шчакою да галавы свае сяброўкi, абняў Маргарыту i пачаў мармытаць: — Бедная, бедная…
— Не бывае, вы гаворыце? — сказаў Воланд. — Гэта праўда. Але мы паспрабуем, — i ён прамовiў: — Азазела!
Адразу са столi ўпаў на падлогу разгублены, амаль звар’яцелы грамадзянiн у споднiм, але чамусьцi з чамаданчыкам i ў шапцы. Ад страху гэты чалавек калацiўся i прысядаў:
— Магарыч? — спытаўся Азазела ў таго, што ўпаў з неба.
— Алаiзiй Магарыч, — адказаў той, калоцячыся. — Гэта вы, пасля таго як прачыталi артыкул Латунскага пра раман гэтага чалавека, напiсалi на яго скаргу, дзе паведамлялi, што ён дома хавае забароненую лiтаратуру? — спытаўся Азазела.
Грамадзянiн пасiнеў i залiўся слязьмi.
— Вы хацелi заняць яго кватэру? — як толькi мог ласкава прагугнявiў Азазела.
У пакоi пачулася, як зашыпела разлютаваная кошка, i Маргарыта завыла:
— Памятай ведзьму, памятай! — учапiлася ў твар Магарыча пазногцямi.
Усе разгубiлiся.
— Што ты робiш? — пакутлiва закрычаў майстар. — Марго, не ганьбi сябе!
— Пратэстую, гэта не ганьба! — крычаў кот.
Маргарыту адцягнуў Кароўеў.
— Я ванну паставiў… — ляскаючы зубамi, крычаў скрываўлены Магарыч i ад перапалоху пачаў вярзцi абы-што. — Адна толькi пабелка… купарвас…
— Гэта добра, што паставiлi ванну, — адобрыў Азазела, — яму патрэбны ванны. — I крыкнуў: — Вон!
Тады Магарыча перакулiла i выкiнула са спальнi Воланда дагары нагамi ў адчыненае акно.
Майстар вытрашчыў вочы i шаптаў:
— Аднак гэта, мабыць, не раўня таму, пра што расказваў Iван! — Вельмi ўражаны, ён азiрнуўся i нарэшце сказаў кату: — Прабачце… гэта ты… гэта вы… — ён зблытаўся, не ведаў, як звярнуцца да ката, — вы той самы кот, што сядзеў у трамваi?
— Я, — пацвердзiў задаволены кот i дадаў: — Прыемна чуць, што вы гэтак ветлiва звяртаецеся да ката. Катам звычайна чамусьцi гавораць «ты», хоць нiводзiн кот нi з кiм нiколi не пiў на брудэршафт.
— Мне чамусьцi здаецца, што вы не зусiм i кот… — нерашуча адказаў майстар. — Мяне ўсё роўна пачнуць шукаць з бальнiцы, — нясмела дадаў ён Воланду.
— Чаго гэта яны будуць шукаць! — супакоiў Кароўеў, i нейкiя паперы i кнiгi апынулiся ў яго ў руках. — Гэта гiсторыя вашай хваробы?
— Ага.
Кароўеў кiнуў гiсторыю ў камiн.
— Няма дакументаў, няма i чалавека, — задаволена прамовiў Кароўеў, — а гэта — дамавая кнiга вашага забудоўшчыка?
— Яна-а…
— Хто тут прапiсаны? Алаiзiй Магарыч? — Кароўеў дзьмухнуў на старонку дамавое кнiгi, — Раз, i няма яго, i прашу запомнiць, i не было. А калi забудоўшчык здзiвiцца, скажаце яму, што Алаiзiй саснiўся. Нейкi Магарыч? Нiякага Магарыча не было, — i прашнураваная кнiга засталася ў руках у Кароўева. — Вось яна i ў шуфлядзе ў забудоўшчыка.
— Вы правiльна сказалi, — гаварыў майстар, уражаны акуратнаю работаю Кароўева, — калi няма дакумента, то няма i чалавека. Вось таму мяне i няма, бо няма дакумента.
— Прашу прабачэння, — ускрыкнуў Кароўеў, — гэта якраз i ёсць галюцынацыя, вось ён, ваш дакумент, — i Кароўеў падаў майстру дакумент. Потым ён закацiў вочы i соладка прашаптаў Маргарыце: — А вось i ваша маёмасць, Маргарыта Мiкалаеўна, — i ён уручыў Маргарыце сшытак з абгарэлымi краямi, засохлую ружу, фотаздымак i асаблiва шаноўна ашчадную кнiжку, — дзесяць тысяч, як вы i паклалi, Маргарыта Мiкалаеўна. Нам чужое не патрэбна.
— У мяне хутчэй адсохнуць лапы, чым я дакрануся да чужога, — надзьмуўшыся, усклiкнуў кот i затанцаваў на чамадане, каб утаптаць у яго ўсе рукапiсы злашчаснага рамана.
— I ваш дакуменцiк таксама, — працягваў Кароўеў, падаючы Маргарыце дакумент, а потым з пашанаю далажыў Воланду: — Усё, месiр!
— Не, не ўсё, — адказаў Воланд i адарваўся