Сайт продается, подробности: whatsapp telegram
Скачать:TXTPDF
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)

той, каго не пазнаюць, будзе багатым…

Юда хваляваўся гэтак, што сэрца яго аж трапятала, як птушка пад чорным покрывам, Юда спытаўся перарывiстым шэптам, каб не чулi мiнакi:

— Куды ты iдзеш, Нiза?

— А навошта табе? — Нiза запаволiла хаду i звысоку глядзела на Юду.

У Юдавым голасе пачулася нейкая дзiцячая iнтанацыя, ён разгублена зашаптаў:

— Але як гэта?.. Мы ж дамовiлiся. Я хацеў зайсцi да цябе. Ты сказала, што ўвесь вечар будзеш дома

— Ай, не, не, — капрызна адказала Нiза, адтапырыла нiжнюю губу, а Юду здалося, што яе твар, сама прыгожы твар ва ўсiм свеце, зрабiўся яшчэ прыгажэйшы, — мне стала сумна. У вас свята, а мне што рабiць? Сядзець i слухаць, як ты ўздыхаеш на тэрасе? I баяцца, што служанка пра ўсё раскажа мужу? Не, не, i я вырашыла пайсцi за горад паслухаць салаўёў.

— Як за горад? — спытаўся разгублена Юда. — Адна?

— Вядома, адна, — адказала Нiза.

— Дазволь мне суправаджаць цябе, — папрасiў Юда, задыхаючыся ад хвалявання.

У галаве ў яго затуманiлася, ён забыўся пра ўсё на свеце i з мальбою глядзеў у блакiтныя, а цяпер, здавалася, чорныя Нiзiны вочы. Нiза нiчога не адказала i пайшла шпарчэй.

— Чаму ты маўчыш, Нiза? — жаласна спытаўся Юда, параўняўшыся з ёй.

— А мне не будзе сумна з табою? — раптам спыталася Нiза i спынiлася.

Цяпер у галаве ў Юды зусiм зацьмiлася.

— Ну, добра, — злiтавалася нарэшце Нiза, — пойдзем.

— А куды, куды?

— Пачакай… зойдзем у гэты дворык i дамовiмся, а то я баюся, што ўбачыць хто-небудзь са знаёмых i потым скажуць, што я была з палюбоўнiкам на вулiцы.

I знiклi з базара Нiза i Юда. Яны шапталiся ў падваротнi нейкага двара.

— Iдзi ў маслiнны маёнтак, — шаптала Нiза, нацягваючы пакрывала на вочы i адварочваючыся ад нейкага чалавека, якi з вядром якраз заходзiў у двор, — у Гефсiманiю, за Кедрон, зразумеў?

— Ага, ага, ага.

— Я пайду першая, — працягвала Нiза, — а ты не бяжы ўслед, адстань. Калi пяройдзеш ручай… ты ведаеш, дзе грот?

— Ведаю, ведаю…

— Пройдзеш паўз маслiчны прэс угору i заварочвай да грота. Я буду там. Але не смей iсцi следам, май цярпенне, пачакай тут. — З гэтымi словамi Нiза выйшла з падваротнi, быццам i не была там, не гаварыла з Юдам.

Юда пастаяў нейкi час адзiн, спрабаваў ачомацца. Падумалася пра тое, як ён растлумачыць сваю адсутнасць на святочнай вячэры ў сваякоў. Юда стаяў i выдумляў, што схлусiць, але ад хвалявання нiчога не мог прыдумаць, а ногi самi мiжволi вынеслi яго з падваротнi.

Цяпер ён змянiў накiрунак, ён не iшоў у Нiжнi Горад, а завярнуў назад да Каiфавага палаца. Свята ўжо ўступiла ў горад. Вакол Юды ў вокнах ужо не толькi гарэла святло, але i чулiся галасы. Тыя, хто спазняўся, крычалi на вослiкаў, падганялi iх. Ногi самi неслi Юду, i ён не заўважыў, як паўз яго праляцелi страшныя замшэлыя вежы Антонiя, ён не чуў трубнага рыкання ў крэпасцi, не звярнуў нiякае ўвагi на конны рымскi патруль з факеламi, якi трывожным святлом асвятлiў яго дарогу.

Юда выйшаў з вежы, завярнуўся назад, угледзеў, што ў страшэннай вышынi над храмам запалiлiся два гiганцкiх пяцiсвеччы. Iх Юда разгледзеў слаба, яму здалося, што над Ершалаiмам запалiлi дзесяць фантастычных лампад, якiя супернiчалi са святлом адзiнае лампады, якая ўсё вышэй уставала над Ершалаiмам, — з поўняю.

Але зараз нiштэ не цiкавiла Юду, ён спяшаўся да Гефсiманскiх варотаў, яму хацелася хутчэй выйсцi з горада. Часам яму здавалася, што наперадзе, мiж постацей мiнакоў прытанцоўвае знаёмая постаць, вядзе яго следам. Але гэта быў падман — Юда разумеў, што Нiза намнога перагнала яго. Юда прабег паўз крамку мяняльшчыкаў, трапiў нарэшце ў Гефсiманскiя вароты. Ён гарэў ад нецярпення, але павiнен быў затрымацца. У горад уваходзiлi вярблюды, потым ехаў конны сiрыйскi патруль, якi Юда пракляў у думках…

Але ўсё канчаецца. Скончыўся i горад, нецярплiвы Юда быў ужо за гарадскою сцяной. Леваруч Юда ўбачыў маленькiя магiлкi, каля iх некалькi паласатых шатроў з багамольцамi. Юда перайшоў залiтую месячным святлом пыльную дарогу i накiраваўся да кедронскага ручая, каб перайсцi цераз яго. Вада цiха цурчала пад Юдавымi нагамi. Па каменьчыках ён пераскочыў на гефсiманскi бераг i з вялiкаю радасцю ўбачыў, што дарога ў садзе бязлюдная. Непадалёку вiдаць былi вароты маслiннага маёнтка.

Пасля душнага горада Юду ўразiў дурманны водар вясновае ночы. З саду цераз агароджу наплывала хваля паху мiрту i акацый з гефсiманскiх палян.

Вароты не ахоўвалiся нiкiм, нiкога пад iмi не было, i праз некалькi хвiлiн Юда спяшаўся подбегам у таямнiчым цянi пад разложыстымi аграмаднымi маслiнамi. Дарога iшла ўгору, Юда цяжка дыхаў, на iмгненне вынырваў з цемры на ўзорыстыя месячныя дываны, якiя нагадвалi яму тыя дываны, якiя ён бачыў у раўнiвага Нiзiнага мужа ў краме. Праз нейкi час мiльганула леваруч ад Юды паляна, маслiчны прэс з цяжкiм каменным колам i куча нейкiх бочак. У садзе не было нiкога. Работа скончылася ўдзень, i цяпер над Юдам залiвалiся салаўiныя хоры.

Да мэты Юду было зусiм блiзка. Ён ведаў, што справа ў цемры зараз пачуе цiхi шэпт падаючай у гроце вады. Гэтак i адбылося, ён пачуў вадзяны шэпт. Рабiлася ўсё халадней. Тады ён прыцiшыў хаду i цiха паклiкаў:

— Нiза!

Але замест Нiзы ад тоўстага маслiнавага ствала адлiпла i выскачыла на дарогу мужчынская каржакаватая постаць, нешта блiснула ў яе руцэ i адразу ж патухла. Юда слабенька ўскрыкнуў, кiнуўся ўцякаць, але другi чалавек заступiў яму дарогу.

Першы, якi быў наперадзе, спытаўся ў Юды:

— Колькi табе заплацiлi? Гавары, калi жыць хочаш!

Спадзяванне ўспыхнула ў Юдавым сэрцы, i ён адчайна ўскрыкнуў:

— Трыццаць тэтрадрахмаў. Усё ў мяне з сабою. Вось грошы! Бярыце, але жывым пакiньце!

Пярэднi чалавек iмгненна выхапiў з Юдавых рук кашалёк. I ў тое самае iмгненне за плячыма ў Юды ўзляцеў нож i, як маланка, ударыў закаханага пад лапатку. Юду кiнула наперад, рукi з сагнутымi ў крук пальцамi ўскiнулiся ўгору. Пярэднi чалавек злавiў Юду на свой нож i да самага тронка ўсадзiў яго ў Юдава сэрца.

— Нi… за… — не сваiм, звонкiм i чыстым маладым голасам, а голасам хрыплым i глухiм прамовiў Юда i болей — нiводнага гуку. Цела яго гэтак моцна ўдарылася аб зямлю, што яна загудзела.

Тады трэцяя постаць з’явiлася на дарозе, Гэты трэцi быў у плашчы i ў башлыку.

— Паспяшайцеся, — прамовiў ён.

Забойцы хутка запакавалi кашалёк разам з запiскаю, пададзенаю трэцiм, у скуру i завязалi накрыж вяроўкаю. Другi запхнуў пакунак за пазуху, i абодва забойцы кiнулiся з дарогi ў бакi, i цемра праглынула iх мiж маслiн. Трэцi тым часам прысеў ля забiтага, зазiрнуў яму ў твар. У цемры ён быў надзвычай белы, як крэйда, нейкi прыгожа адухоўлены.

Праз некалькi секунд нiкога жывога на дарозе не было. Мёртвае цела ляжала з раскiнутымi рукамi. Левы ступак трапiў якраз пад месячнае святло, i таму кожны раменьчык быў добра бачны на сандалi. А ўвесь Гефсiманскi сад у гэты час гудзеў ад салаўiных спеваў. Куды накiравалiся тыя двое, што зарэзалi Юду, нiкому невядома, але куды пайшоў трэцi, у башлыку, вядома. Са сцежкi ён скiраваў у маслiнны гушчар i пачаў прабiрацца на поўдзень. Ён пералез цераз садовую агароджу збоч ад галоўных варотаў, у паўднёвым кутку, там, дзе выпалi верхнiя камянi ў муры. Неўзабаве ён быў на беразе Кедрона. Тады ён ступiў у ваду i нейкi час iшоў па ёй, пакуль не ўбачыў абрысы двух коней i чалавека ля iх. Конi гэтаксама стаялi ў вадзе. Вада цякла, абмывала iхнiя капыты. Канавод сеў на аднаго каня, чалавек у башлыку ўскочыў на другога, конi павольна пайшлi па вадзе, i было чуваць, як пахруствала пад капытамi каменне. Потым коннiкi выехалi з вады, выбралiся на ершалаiмскi бераг i паехалi ступой пад гарадскою сцяною. Тады канавод паехаў наперад i знiк з вачэй, а чалавек у башлыку спынiў каня, злез з яго на пустэльнай дарозе, зняў свой плашч, вывернуў яго, дастаў з-пад плашча пляскаты шлем без пер’я, надзеў яго. Цяпер на каня сеў чалавек у вайсковай хламiдзе i з кароткiм мячом на бядры. Ён крануў павады, i гарачы кавалерыйскi конь паiмчаў рыссю, пакалыхваючы коннiка. Шлях у яго быў кароткi — коннiк пад’язджаў да паўднёвых варотаў Ершалаiма.

Пад аркаю варотаў танцавала i мiтусiлася неспакойнае полымя ад паходняў. Вартавыя салдаты з другой кентурыi Маланкавага батальёна сядзелi на каменных лаўках i гулялi ў косцi. Яны ўсхапiлiся на ногi, як угледзелi вайскоўца, але той махнуў iм рукой i паехаў у горад.

Горад быў залiты святочнымi агнямi. У кожным акне трымцела полымя свяцiльнiкаў, навокал гучалi словы, злiваючыся ў адзiны хор. Зрэдку пазiраючы ў вокны, коннiк мог убачыць людзей за святочнымi сталамi, на якiх ляжала казлiнае мяса, стаялi чашы з вiном мiж мiсаў з горкiмi травамi. Коннiк пачаў насвiстваць нейкую песеньку i прабiраўся рыссю далей па вулачках Нiжняга Горада, кiраваў да Антонiевае вежы, зрэдку пазiраў на вядомыя ўсяму свету пяцiсвеччы, якiя палалi над храмам, альбо на поўню, якая вiсела вышэй, чым пяцiсвеччы.

Палац Iрада Вялiкага не прымаў нiякага ўдзелу ў святкаваннi апошняе велiкоднае ночы. У гаспадарчых пабудовах палаца, якiя выходзiлi на поўдзень i дзе размясцiлiся афiцэры рымскае кагорты i легат легiёна, свяцiлiся агнi, там адчуваўся нейкi рух i жыццё. Пярэдняя частка, у якой быў адзiны жыхар, пракуратар, — уся, са сваiмi каланадамi i залатымi скульптурамi, быццам аслепла пад белаю поўняю. Тут, у сярэдзiне палаца, панавалi цемра i цiшыня. I туды пракуратар, як i гаварыў Афранiю, iсцi не захацеў. Ён загадаў паслаць пасцель на балконе, там, дзе абедаў, дзе ранiцай вёў допыт. Ён лёг на прыгатаванае ложа, але сон не хацеў прыходзiць да яго. Голая поўня нiзка вiсела на небе, i пракуратар не адводзiў ад яе позiрку на працягу некалькiх гадзiн.

Прыкладна апоўначы сон злiтаваўся над пракуратарам. Пракуратар пазяхнуў, зняў папругу з шырокiм сталёвым нажом у похвах, паклаў яго на крэсла побач з ложам, зняў сандалi i выпрастаўся. Банга адразу ўзлез да яго на пасцель i лёг побач, галава да галавы, i пракуратар, паклаўшы руку на сабачую шыю, заплюшчыў нарэшце вочы. Толькi пасля гэтага заснуў i сабака.

Ложа знаходзiлася ў прыцемку, захiнутае ад поўнi калонаю, але ад прыступак з ганка да ложа цягнулася месячная стужка. I ледзь толькi пракуратар страцiў сувязь з усiм, што было навокал, ён адразу рушыў па асветленай сцяжынцы i пайшоў па ёй угору, проста да поўнi. Ён спрасонку нават засмяяўся ад шчасця,

Скачать:TXTPDF

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать бесплатно, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать онлайн