Скачать:TXTPDF
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)

i такiя чуткi.

Тут Афранiй зiрнуў на пракуратара, падумаў i адказаў:

— Гэта можа быць, пракуратар.

Пракуратар, вiдаць, нiяк не мог адкаснуцца ад гэтага забойства чалавека з Карыяфа, хаця ўсё было ясна, i ён прамовiў нават летуценна:

— А мне б хацелася ўбачыць, як яны яго забiвалi.

— Забiлi яго досыць умела, пракуратар, — адказаў Афранiй i крыху iранiчна паглядзеў на пракуратара.

— Адкуль вы гэта ведаеце?

— Паглядзiце на пакунак, пракуратар, — адказаў Афранiй, — я ручаюся, што Юдава кроў хлынула струменем. Мне давялося, пракуратар, за сваё жыццё пабачыць забiтых.

— Ён болей не ўстане?

— Не, пракуратар, ён устане, — з усмешкаю, па-фiласофску сказаў Афранiй, калi труба Месii, якога тут чакаюць, прагучыць над iм. Але да гэтага ён не ўстане.

— Хопiць, Афранiй! З гэтым пытаннем ясна. Пяройдзем да пахавання.

— Пакараныя пахаваны, пракуратар.

— Ну, Афранiй, судзiць вас было б сапраўднае злачынства. Вы заслугоўваеце найвышэйшую ўзнагароду. Як было?

Афранiй пачаў расказваць i паведамiў, што ў той час, як ён сам займаўся справай Юды, каманда таемнае службы, якою кiраваў яго памочнiк, была вечарам на ўзгорку. Аднаго цела на вяршынi яна не знайшла. Пiлат здрыгануўся i прамовiў хрыпла:

— Ах, як я пра гэта не здагадаўся!

— Не варта турбавацца, пракуратар, — сказаў Афранiй i працягваў далей: Целы Дзiсмаса i Гестаса з выклеванымi драпежнымi птушкамi вачыма забралi i адразу кiнулiся шукаць трэцяе. Яго хутка знайшлi. Нейкi чалавек…

— Левiй Мацей, — не запытальна, а пераканана прамовiў Пiлат.

— Ён, пракуратар…

— Левiй Мацей хаваўся ў пячоры на паўночным схiле Лысай Гары, чакаў, пакуль сцямнее. Голае цела Iешуа Га-Ноцры было ў яго. Калi варта зайшла ў пячору з паходняй, Левiй зрабiўся злосным i адчайным. Ён крычаў, што не зрабiў злачынства, што кожны чалавек мае права пахаваць пакаранага злачынца, калi захоча, i што гэта не караецца законам. Левiй Мацей гаварыў, што не хоча разлучацца з нябожчыкам. Ён быў расхваляваны, нешта крычаў, прасiў, пагражаў i праклiнаў…

— Яго давялося арыштаваць? — пахмура прамовiў Пiлат.

— Не, пракуратар, не, — вельмi спакойна адказаў Афранiй, — дзёрзкага вар’ята ўдалося супакоiць, растлумачыць, што нябожчык будзе пахаваны.

Левiй, калi да яго дайшоў сэнс сказанага, супакоiўся, але заявiў, што нiкуды не пойдзе i хоча ўдзельнiчаць у пахаваннi. Ён сказаў, што нiкуды не пойдзе, нават калi яго пачнуць забiваць, ён нават прапаноўваў хлебны нож, якi быў у яго.

— Яго прагналi? — здушана прамовiў Пiлат.

— Не, пракуратар, не. Мой памочнiк дазволiў яму ўдзельнiчаць у пахаваннi.

— Хто з вашых памочнiкаў кiраваў гэтым? — спытаўся Пiлат.

— Талмай, — адказаў Афранiй i трывожна дадаў: — Магчыма, ён памылiўся?

— Працягвайце, — адказаў Пiлат, — памылкi не было. Я наогул пачынаю губляцца, Афранiй, я, вiдаць, маю справу з чалавекам, якi нiколi не памыляецца. Гэты чалавек — вы.

— Левiя Мацея ўзялi на воз разам з целамi пакараных i праз дзве гадзiны былi ў пустэльнай цяснiне на поўнач ад Ершалаiма. Там каманда на змену тры гадзiны капала глыбокую яму i ў ёй пахавала траiх пакараных.

— Голых?

— Не, пракуратар, — каманда ўзяла з сабою дзеля гэтага хiтоны. На пальцы пахаваным былi надзеты пярсцёнкi. Iешуа з адной насечкаю. Дзiсмасу з дзвюма, Гестасу з трыма. Яму засыпалi, закiдалi каменнем. Апазнавальны знак Талмай ведае.

— Ах, каб мог я прадбачыць! — пракуратар загаварыў i зморшчыўся. — Мне трэба было б пабачыць гэтага Левiя Мацея…

— Ён тут, пракуратар.

— Пахавальнай камандзе прашу выдаць узнагароду. Сышчыкам, якiя згубiлi Юду, — вымова. А Левiя Мацея зараз жа да мяне. Мне трэба падрабязнасцi па справе Iешуа.

— Слухаюся, пракуратар, — адазваўся Афранiй i пачаў адступаць, кланяючыся пракуратару, а пракуратар пляснуў у ладкi i крыкнуў:

— Да мяне, сюды! Свяцiльнiк у каланаду!

Афранiй ужо ўваходзiў у сад, а за плячыма Пiлата ў руках слуг мiльгалi агнi. Тры свяцiльнiкi на стале паўсталi перад пракуратарам, i месячная ноч адразу ж адступiла ў сад, быццам Афранiй павёў яе за сабой. Замест Афранiя на балконе з’явiўся маленькi худы чалавечак побач з гiгантам кентурыёнам. Гэты другi перахапiў пракуратараў позiрк, адступiў назад i адразу знiк у садзе.

Пракуратар прыглядаўся да прышэльца прагнымi i крыху спалоханымi вачыма. Гэтак глядзяць на таго, пра каго чулi многа, пра каго думалi i хто, нарэшце, з’явiўся.

Чалавеку было гадоў пад сорак, учарнелы, абшарпаны, у засохлай гразi, глядзiць па-воўчы з-пад iлба. Адным словам, прывабнага мала, больш падобны на жабрака, якiх шмат таўчэцца на тэрасах храма альбо на базарах шумнага i бруднага Нiжняга Горада.

Маўчанне працягвалася доўга i парушана было дзiўнымi паводзiнамi прыведзенага да Пiлата. Ён змянiўся з твару, пахiснуўся i, калi б не паспеў ухапiцца бруднаю рукою за край стала, упаў бы.

— Што з табою? — спытаўся ў яго Пiлат.

— Нiчога, — адказаў Левiй Мацей i зрабiў гэтакi рух, нiбы нешта пракаўтнуў. Худая, голая, брудная шыя набухла i зноў апала.

— Адказвай, што з табою, — паўтарыў Пiлат.

— Я стамiўся, — адказаў Левiй i панура паглядзеў на падлогу.

— Сядзь, — прамовiў Пiлат i паказаў на крэсла.

Левiй недаверлiва паглядзеў на пракуратара, рушыў да крэсла, спалохана зiрнуў на пазалочаныя бiлцы i сеў не на крэсла, а побач з iм на падлогу.

— Растлумач, чаму не сеў на крэсла? — спытаўся Пiлат.

— Я брудны, я вымажу яго, — сказаў Левiй, гледзячы долу.

— Зараз табе дадуць пад’есцi.

— Я не хачу есцi, — адказаў Левiй.

— А хлусiць нашто? — цiха спытаўся Пiлат. — Ты не еў цэлы дзень, а магчыма, i болей. Добра, не еш. Я паклiкаў цябе, каб ты паказаў мне нож, якi быў у цябе.

— Салдаты адабралi яго ў мяне, калi вялi сюды, — сказаў Левiй i дадаў панура: — Вы мне яго аддайце, мне яго трэба вярнуць гаспадару, я ўкраў яго.

— Нашто?

— Каб вяроўкi перарэзаць, — адказаў Левiй.

— Марк! — крыкнуў пракуратар, i кентурыён увайшоў пад калоны. — Дайце мне яго нож.

Кентурыён дастаў з похваў на папрузе брудны хлебны нож, падаў яго пракуратару, а сам выйшаў.

— У каго ўзялi нож?

— У хлебнай крамцы ля Хеўронскiх варотаў, як увойдзеш у горад злева.

Пiлат паглядзеў на шырокае лязо, паспрабаваў на палец, цi востры нож, i сказаў:

— Пра нож не турбуйся, нож вернуць у краму. А цяпер мне трэба другое: пакажы хартыю, якую ты носiш з сабою i дзе запiсаны словы Iешуа.

Левiй ненавiсна паглядзеў на Пiлата i гэтак нядобра ўсмiхнуўся, што твар у яго зусiм скрывiўся.

— Усё хочаце адабраць? I апошняе, што маю? — спытаўся ён.

— Я не сказаў табе — аддай, — адказаў Пiлат, — я сказаў — пакажы.

Левiй папоркаўся за пазухай i дастаў скрутак пергаменту. Пiлат узяў яго, разгарнуў, разаслаў памiж агнёў, прымружыўся i пачаў вывучаць малавыразныя чарнiльныя знакi. Цяжка было расчытаць гэтыя нязграбныя радкi, Пiлат крывiўся, нагiнаўся да самага пергаменту, вадзiў пальцам па радках. Яму ўдалося разабраць, што напiсанае ўяўляе блытаны ланцужок нейкiх выказванняў, нейкiх дат, гаспадарчых запiсаў i паэтычных урыўкаў. Сёе-тое Пiлат расчытаў: «Смерцi няма… Учора мы елi салодкiя вясновыя бакуроты…»

Пiлат крывiўся ад напружання, прымружваўся, чытаў: «Мы ўгледзiм чыстую раку жыццёвае вады… Чалавецтва будзе глядзець на сонца скрозь празрысты крышталь…»

Раптам Пiлат здрыгануўся. У апошнiх радках пергаменту ён разабраў словы: «…большая загана… баязлiвасць».

Пiлат скруцiў пергамент i рэзка падаў яго Левiю.

— Вазьмi, — сказаў ён, памаўчаў i дадаў: — Ты, я бачу, кнiжнiк, i няма чаго табе аднаму бадзяцца, як жабраку i валацугу. У мяне ў Кесарыi ёсць вялiкая бiблiятэка, я даволi багаты чалавек i хачу ўзяць цябе на службу. Ты будзеш раскладваць i захоўваць папiрусы, будзеш накормлены i адзеты.

Левiй устаў i адказаў:

— Не, я не хачу.

— Чаму? — спытаўся пракуратар i насупiўся. — Ты мяне не любiш, баiшся мяне?

Ранейшая нядобрая ўсмешка скрывiла твар Левiя, i ён сказаў:

— Не, таму, што ты мяне будзеш баяцца. Табе не лёгка будзе глядзець мне ў вочы пасля таго, як ты яго забiў.

— Змоўкнi, — адказаў Пiлат, — вазьмi грошай.

Левiй адмоўна пакiваў галавой, а пракуратар працягваў:

— Ты, я ведаю, лiчыш сябе вучнем Iешуа, але я скажу, што ты нiчога не засвоiў з таго, чаму ён вучыў цябе. Во, калi б гэта было так, ты ўзяў бы хоць што ў мяне. Май на ўвазе, што ён перад смерцю сказаў, што нiкога не вiнавацiць, — Пiлат шматзначна падняў палец, твар яго перасмыкаўся. — I сам ён абавязкова ўзяў бы хоць што-небудзь. Ты жорсткi, а той не быў жорсткi. Куды ты пойдзеш?

Левiй раптам падышоў да стала, упёрся ў яго рукамi, паглядзеў лiхаманкавымi вачыма на пракуратара i зашаптаў:

— Ты, iгемон, ведай, што я ў Ершалаiме зарэжу аднаго чалавека. Мне хочацца сказаць табе пра гэта, каб ты ведаў, што кроў яшчэ будзе.

— Я сам ведаю, што яна яшчэ будзе, — адказаў Пiлат, — ты не здзiвiў мяне сказаным. Ты, вядома, хочаш зарэзаць мяне?

— Цябе мне зарэзаць не ўдасца, — адказаў Левiй, скалячыся ўсмешкаю, — я не гэтакi дурань, каб на гэта разлiчваць, але я зарэжу Юду з Карыяфа, я на гэта аддам астатак жыцця.

Тут задавальненне адбiлася ў пракуратаравых вачах, ён падазваў блiжэй да сябе пальцам Левiя Мацея i сказаў:

— Гэта табе не ўдасца зрабiць, не турбуйся. Юду сёння ноччу ўжо зарэзалi.

Левiй адскочыў ад стала, дзiка азiрнуўся i выкрыкнуў:

— Хто гэта зрабiў?

— Не будзь раўнiвым, — з ухмылкаю адказаў Пiлат i пацёр рукi, — я ведаю, што былi ў яго прыхiльнiкi i акрамя цябе.

— Хто зрабiў гэта? — шэптам паўтарыў Левiй.

Пiлат адказаў яму:

— Я зрабiў.

Левiй разявiў рот, вылупiўся на пракуратара, а той сказаў цiха:

— Гэтага, вядома, мала, але я ўсё ж зрабiў. — I дадаў: — Ну, а цяпер возьмеш што-небудзь?

Левiй падумаў, палагаднеў i нарэшце прамовiў:

— Загадай даць мне кавалак чыстага пергаменту.

Прайшла гадзiна. Левiя не было ў палацы. Цяпер ранiшнюю цiшыню парушаў толькi цiхi шум крокаў вартавых у садзе. Поўня хутка злiняла, на другiм баку неба вiднелася плямка ранiшняе зоркi. Свяцiльнiкi даўным-даўно патухлi. На ложы ляжаў пракуратар. Ён паклаў руку пад шчаку i спаў i дыхаў нячутна. Побач з iм спаў Банга.

Гэтак сустракаў свiтанак пятнаццатага нiсана пяты пракуратар Юдэi Понцiй Пiлат.

Раздзел 27

КАНЕЦ КВАТЭРЫ No 50

Калi Маргарыта дачытала да апошнiх слоў раздзел: «…Гэтак сустракаў свiтанак пятнаццатага нiсана пяты пракуратар Юдэi Понцiй Пiлат», — настала ранiца.

Чуваць было, як у дворыку ў галiнах вярбы i лiпы вялi вясёлую, узбуджаную ранiшнюю размову вераб’i.

Маргарыта ўстала, пацягнулася, i толькi зараз адчула, якое змучанае яе цела i як яна хоча спаць. Цiкава адзначыць, што душа Маргарыцiна была ў поўным

Скачать:TXTPDF

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать бесплатно, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать онлайн