да дахаў у трапiчнай садовай зелянiне, з бронзавымi зiхатлiвымi скульптурамi над зелянiнай, ён бачыў пад сценамi гэтага старажытнага горада закаваныя ў браню рымскiя кагорты кентурыi.
Скрозь дрымоту перад Iванам паўставаў нерухомы чалавек у крэсле, паголены, са змучаным жоўтым тварам, чалавек у белай мантыi з чырвоным падбоем, якi з нянавiсцю глядзеў у раскошны i чужы сад. Бачыў Iван i бязлесы жоўты ўзгорак з апусцелымi слупамi з перакладзiнамi.
А здарэнне на Патрыярхавых сажалках болей Iвана Бяздомнага не хвалявала.
— Скажыце, Iван Мiкалаевiч, а вы самi далёка былi ад турнiкета, калi Берлiёз упаў пад трамвай?
Ледзь прыкметная абыякавая ўсмешка чамусьцi варухнула Iванавы губы, i ён адказаў:
— Я быў далёка.
— А гэты клятчасты быў ля самага турнiкета?
— Не, ён сядзеў на лаўцы непадалёку.
— А вы добра памятаеце, што ён не падыходзiў да турнiкета ў той час, калi ўпаў Берлiёз?
— Памятаю. Не падыходзiў. Ён, развалiўшыся, сядзеў.
Гэта было апошняе пытанне следчага. Пасля iх ён устаў, падаў Iвану руку, пажадаў хутчэй вылечыцца i выказаў спадзяванне, што хутка прачытае яго новыя вершы.
— Не, — цiха адказаў Iван, — я болей вершаў пiсаць не буду.
Следчы ветлiва ўсмiхнуўся, дазволiў сабе сказаць, што цяпер у паэта невялiкая дэпрэсiя, але яна хутка пройдзе.
— Не, — цiха адказаў Iван i глядзеў не на следчага, а ўдалечыню, туды, дзе патухаў небакрай, — гэта ўжо нiколi не пройдзе. Вершы, якiя я пiсаў, дрэнныя вершы, i цяпер я гэта зразумеў.
Следчы пайшоў ад Iванкi з каштоўным матэрыялам. Iдучы па нiтачцы падзей з канца да пачатку, удалося нарэшце дабрацца да таго, адкуль пачалiся ўсе падзеi. Следчы не сумняваўся, што ўсе здарэннi пачалiся з забойства на Патрыярхавых сажалках. Вядома, нi Iванка, нi гэты клятчасты не папiхалi пад трамвай няшчаснага старшыню МАССАЛIТа, фiзiчна, калi можна сказаць, яму не дапамагаў нiхто. Але следчы быў перакананы ў тым, што Берлiёз кiнуўся пад трамвай альбо ўпаў пад яго загiпнатызаваным.
Так, матэрыялу было ўжо многа, i было вядома, каго i дзе лавiць. Ды справа ў тым, што злавiць нiякiм чынам не ўдавалася. У гэтай тройчы праклятай кватэры No 50, няма сумнення, нехта быў. Часам гэтая кватэра адказвала то траскучым, то гугнявым голасам на тэлефонныя званкi, часам у кватэры адчынялiся вокны, i былi чуваць гукi патэфона. А мiж тым кожны раз, калi туды накiроўвалiся, там нiкога не заставалi. А былi там i неаднойчы, у розную пару сутак. Мала гэтага, па кватэры хадзiлi з сеткаю, правяралi ўсе закуткi. Кватэра даўно ўжо была падазроная. Ахоўвалi не толькi той уваход, што быў праз падваротню, але i чорны ўваход; акрамя гэтага, на даху ля комiнаў была пастаўлена ахова. Сапраўды, кватэра No 50 хулiганiла, а зрабiць нiчога не маглi.
Гэтак усё цягнулася да паўночы з пятнiцы на суботу, калi барон Майгель, адзеты ў вечаровы гарнiтур i лакiраваныя туфлi, урачыста зайшоў у кватэру No 50 як госць. Роўна праз дзесяць хвiлiн пасля гэтага кватэру No 50 наведалi без усякiх званкоў, але не толькi гаспадароў там не знайшлi, а i самога барона Майгеля, нават i следу яго.
Дык вось, як гаварылася ўжо, справа цягнулася такiм чынам да суботняга свiтанку. А тут паступiлi новыя i надзвычай цiкавыя звесткi. На маскоўскiм аэрадроме прызямлiўся шасцiмесны пасажырскi самалёт, якi прыляцеў з Крыма. Сярод iншых з яго высадзiўся адзiн дзiўны пасажыр. Гэта быў малады грамадзянiн, дзiка зарослы шчэццю, якi днi тры не мыўся, з гарачымi, чырвонымi i крыху спалоханымi вачыма, без багажу i апрануты даволi дзiўна. Грамадзянiн быў у папасе, у бурцы, надзетай на начную сарочку, i ў сiнiх скураных, новенькiх, толькi купленых пантофлях. Ледзь толькi ён выйшаў з самалёта, да яго падышлi. Гэтага грамадзянiна чакалi ўжо, i праз нейкi час незабыўны дырэктар Вар’етэ Сцяпан Багданавiч Лiхадзееў быў перад следчымi. Цяпер стала вядома, што Воланд пранiк у Вар’етэ пад выглядам артыста пасля таго, як загiпнатызаваў Сцёпу Лiхадзеева, а потым умудрыўся выкiнуць Сцёпу з Масквы за бог ведае якую колькасць кiламетраў. Матэрыялу прыбывала, але лягчэй не рабiлася, а, наадварот, стала цяжэй, бо было вiдавочна, што авалодаць асобаю, якая вытварае такiя штучкi, як са Сцёпам Лiхадзеевым, будзе нялёгка. Мiж iншым, Лiхадзееў, па яго просьбе, быў пасаджаны ў надзейную камеру, а перад следствам паўстаў Варэнуха, якога арыштавалi на ўласнай кватэры, куды ён вярнуўся пасля амаль двух сутак.
Нягледзячы на абяцанне Азазелу не хлусiць, адмiнiстратар пачаў якраз з хлуснi. Хаця надта строга яго караць за гэта нельга. Азазела ж забаранiў яму хлусiць i падманваць па тэлефоне, а ў гэтай сiтуацыi размова iшла без тэлефоннага апарата. Вочкi ў Iвана Савельевiча бегалi, ён гаварыў, што ўдзень у чацвер напiўся адзiн у сваiм кабiнеце ў Вар’етэ, пасля пайшоў не памятае куды, што дзесьцi яшчэ пiў старку, а дзе — не памятае, недзе валяўся пад плотам, а дзе — зноў не памятае. Толькi пасля таго, як адмiнiстратару растлумачылi, што ён сваiмi недарэчнымi, дурнымi паводзiнамi перашкаджае весцi важнае следства i за гэта будзе адказваць, Варэнуха заплакаў i зашаптаў дрыготкiм голасам, азiраючыся, што хлусiць ён таму, што баiцца помсты воландаўскае шайкi, у руках у якое ён ужо пабыў, i што ён просiць, молiць, каб яго заперлi ў бранiраванай камеры.
— Цьфу ты чорт! Вось далася iм гэтая бранiраваная камера! — прамармытаў адзiн са следчых.
— Iх добра напалохалi гэтыя нягоднiкi, — сказаў той следчы, якi пабыў у Iванкi.
Варэнуху як маглi супакоiлi, сказалi, што ахоўваюць, i тады высветлiлася, што нiякае старкi ён не пiў пад плотам, а што бiлi яго двое, адзiн iкласты i рыжы, а другi таўстун…
— Ага, на ката падобны?
— Ага, ага, ага, — шаптаў, замiраючы ад страху i кожную секунду азiраючыся, адмiнiстратар i расказваў далей падрабязнасцi, як ён прабыў амаль два днi ў кватэры No 50 у якасцi крывапiўцы-наводчыка, што ледзь не стаў прычынай смерцi фiндырэктара Рымскага…
У гэты час прывялi фiндырэктара, якога прывезлi ў ленiнградскiм цягнiку. Аднак гэты дрыжачы ад страху, псiхiчна хворы пасiвелы стары, у якiм цяжка было пазнаць былога фiндырэктара, нiзавошта не хацеў гаварыць праўду i аказаўся вельмi ўпартым. Рымскi пераконваў, што нiякай Гелы не бачыў у сваiм акне ноччу, гэтаксама, як i Варэнухi, а проста яму стала нядобра, i ён не памятае, як паехаў у Ленiнград. Вiдаць, i гаварыць не варта, што сваё сведчанне фiндырэктар закончыў просьбаю схаваць яго ў бранiраванай камеры.
Анечку арыштавалi ў той час, калi яна спрабавала ўсунуць касiрцы на Арбаце дзесяцiдаляравую паперку. Расказ Анечкi пра тое, як з акна на Садовай выляталi людзi i пра падкоўку, якую, як яна гаварыла, падняла, каб аддаць у мiлiцыю, слухалi ўважлiва.
— Падкоўка сапраўды была залатая i з брыльянтамi? — спыталiся ў Анечкi.
— Хiба я брыльянтаў не ведаю, — адказала Анечка.
— Але ж вы гаворыце, што даў ён вам чырвонцы?
— Хiба я не ведаю чырвонцаў, — адказвала Анечка.
— А як яны тады ў даляры ператварылiся?
— Нiчога не ведаю нi пра якiя даляры i не бачыла я нiякiх даляраў, вiсклiва адказвала Анечка, — я маю права! Мне далi ўзнагароду, я за яе паркаль куплю… — i панесла адразу малацiльню, што не можа адказваць за домакiраўнiцтва, якое развяло на пятым паверсе нячыстую сiлу, якая жыцця не дае.
Тут следчы замахаў на Анечку пяром, таму што яна ўжо зусiм надакучыла, напiсаў ёй пропуск на зялёнай паперцы, i тады на радасць усiм Анечка выйшла з памяшкання.
Потым цугам пайшлi людзi, у тым лiку i Мiкалай Iванавiч, толькi што арыштаваны з-за дурасцi свае жонкi, якая заявiла пад ранiцу ў мiлiцыю, што яе муж знiк. Мiкалай Iванавiч не вельмi здзiвiў мiлiцыю, калi паклаў на стол здзеклiвае пасведчанне, што час ён прабавiў на балi ў сатаны, i сваiмi расказамi, як ён вазiў у паветры голую работнiцу Маргарыты Мiкалаеўны кудысьцi купацца да чарцей на раку, i як перад гэтым з’явiлася ў акне голая Маргарыта Мiкалаеўна. Праўда, тут ён быў не зусiм дакладны, напрыклад, палiчыў лепш не гаварыць, што з’явiўся ў спальню з выкiнутаю сарочкаю i што назваў Наташу Венераю. З яго слоў атрымлiвалася, што Наташа вывалiлася з акна, асядлала яго i павалакла з Масквы…
— Вымушаны быў падпарадкавацца гвалту, — расказваў Мiкалай Iванавiч i закончыў свае байкi просьбаю жонцы нiчога не гаварыць. Гэта яму паабяцалi.
Сведчанне Мiкалая Iванавiча дало магчымасць высветлiць, што Маргарыта Мiкалаеўна i яе работнiца Наташа знiклi бясследна. Былi прыняты меры, каб адшукаць iх.
Гэтак следствам, якое не спынялася нi на хвiлiнку, i адзначылася суботняя ранiца. У горадзе ўжо блукалi сама розныя чуткi, у якiх было толькi крышку праўды, але яе падмазвалi вялiзнаю хлуснёю. Гаварылi, што быў сеанс у Вар’етэ, пасля якога ўсе дзве тысячы гледачоў выскачылi на вулiцу ў чым мацi нарадзiла, што накрылi друкарню фальшывых паперак чараўнiка на Садовай вулiцы, што нейкая шайка выкрала пяцёх загадчыкаў з сектара вiдовiшчаў, што мiлiцыя iх адразу ж знайшла, i яшчэ шмат такога, што i паўтараць нават не хочацца.
Тым часам наблiжаўся поўдзень, i тады там, дзе вялi следства, пачуўся званок. З Садовае паведамiлi, што праклятая кватэра зноў падае прыкметы жыцця. Было сказана, што з сярэдзiны адчынялi вокны, што чуваць былi гукi пiянiна i спевы, што бачылi ў акне чорнага ката, якi сядзеў на падаконнiку i грэўся на сонцы.
Каля чатырох гадзiн спякотным днём вялiкая кампанiя мужчын, апранутых у цывiльнае адзенне, высадзiлася з трох машын воддаль ад дома No 302-бiс на Садовай вулiцы. Тут група раздзялiлася на дзве меншыя, адна пайшла цераз двор проста ў шосты пад’езд, а другая адчынiла другiя, звычайна забiтыя дзверы, якiя вялi на чорны ўваход, i абедзве пачалi ўзыходзiць па розных лесвiцах у кватэру No 50.
У гэты час Кароўеў i Азазела, Кароўеў ужо ў звычайным сваiм адзеннi, не ў святочным фраку, сядзелi ў сталоўцы ў кватэры, канчалi снедаць. Воланд, як i звычайна, быў у спальнi, а дзе быў кот — невядома. Але з кухнi чуўся грукат рондаляў, i можна было падумаць, што Бегемот знаходзiцца там i зноў, як i звычайна, нешта вытварае.
— А што гэта за крокi на лесвiцы? — спытаўся Кароўеў, забаўляючыся лыжачкай у кубачку з чорнаю каваю.
— А гэта iдуць нас арыштоўваць, — адказаў Азазела i кульнуў кiлiшачак каньяку.
— А, ну-ну, — адказаў на гэта Кароўеў.
Тыя, што iшлi па лесвiцы, былi ўжо на трэцiм паверсе. Там нейкiя два водаправодчыкi рамантавалi батарэю ацяплення. Прыйшоўшыя перакiнулiся з водаправодчыкамi шматзначнымi позiркамi.
— Усе дома, — шапнуў адзiн водаправодчык, пагрукваючы малатком па трубе.
Тады пярэднi адкрыта дастаў з-пад палы