Сайт продается, подробности: whatsapp telegram
Скачать:TXTPDF
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)

хутчэй.

— А, разумею, — сказаў майстар i азiрнуўся, — вы нас забiлi, мы мёртвыя. Ах, як гэта разумна! Як гэта ў час! Цяпер я зразумеў вас!

— Ах, злiтуйцеся, — адказаў Азазела, — цi гэта вас я чую? Ваша сяброўка называе вас майстрам, вы думаеце, дык як жа вы можаце быць мёртвым? Хiба для таго, каб лiчыць сябе жывым, трэба абавязкова сядзець у падвале ў адной толькi кашулi i бальнiчным споднiм? Гэта смешна!

— Я зразумеў усё, што вы гаварылi, — ускрыкнуў майстар, — не працягвайце! Ваша праўда тысячу разоў!

— Вялiкi Воланд, — пачала дапамагаць яму Маргарыта, — вялiкi Воланд! Ён прыдумаў усё намнога лепш, чым я. Але толькi раман, раман, — крычала яна майстру, — раман забяры з сабой, куды б ты толькi не ляцеў!

— Не трэба, — адказаў майстар, — я ведаю яго на памяць.

— А ты нi слова, нiводнага слова з яго не забудзеш? — пыталася Маргарыта, прыцiскалася да каханка i выцiрала яму кроў са скронi.

— Не хвалюйся! Я цяпер нiчога i нiколi не забуду, — адказаў майстар.

— Тады агонь, — крыкнуў Азазела. — Агонь, з якога ўсё пачалося, i якiм мы ўсё канчаем.

— Агонь! — страшна крыкнула Маргарыта.

Акенца ў падвале грукнула, ветрам адагнала ўбок штору. У небе весела i коратка грымнула. Азазела ўсунуў кiпцюрыстую руку ў печку, дастаў куродымную галавешку i падпалiў настольнiк на стале. Потым стос старых газет, а затым рукапiс i фiранку на акне.

— Гары, гары, ранейшае жыццё!

— Гарыце, пакуты! — крычала Маргарыта.

Пакой ужо пакалыхваўся барвовымi слупамi, i разам з дымам вылецелi з дзвярэй трое, узбеглi па мураванай лесвiцы наверх i апынулiся ў дворыку. Першае, што яны ўбачылi, гэта забудоўшчыкаву кухарку, якая сядзела на зямлi; побач была рассыпана бульба i некалькi пучкоў цыбулi. Кухарку можна было зразумець. Трое чорных коней храплi ля хлеўчука, дрыжалi i капытамi ўзбiвалi зямлю фантанамi. Маргарыта ўскочыла першая, за ёй Азазела, апошнiм майстар. Кухарка застагнала, хацела падняць руку, каб перахрысцiцца, але Азазела грозна крыкнуў з сядла:

— Адрэжу руку! — Ён свiснуў, i конi, ломячы галiны лiпы, урэзалiся ў чорную хмару. Адразу з акенца ў падвале павалiў дым. Унiзе пачуўся слабы няшчасны кухарчын крык:

— Гарым!..

Конi iмчалi ўжо над дахамi Масквы!

— Я хачу развiтацца з горадам, — крыкнуў майстар Азазелу, якi ляцеў наперадзе. Гром праглынуў канец майстравага сказа.

Азазела кiўнуў галавой i пагнаў свайго каня галопам. Насустрач летунам iмклiва неслася хмара, але яшчэ не сыпала дажджом.

Яны ляцелi над бульварам, бачылi, як разбягаюцца постацi, як хаваюцца ад дажджу. Падалi першыя кроплi. Яны праляцелi над дымам — усiм, што засталося ад Грыбаедава. Яны праляцелi над горадам, якi ўжо залiвала цемра. Над iмi ўспыхвалi маланкi. Потым дахi змянiлiся зелянiнаю.

Тады толькi лiнуў дождж i ператварыў летуноў у тры вялiкiя пухiры.

Маргарыце ўжо было знаёма адчуванне палёту, а майстру — не, i ён здзiвiўся таму, як хутка яны апынулiся ля мэты, у таго, з кiм ён хацеў развiтацца, таму што яму больш не было з кiм развiтвацца. Ён адразу пазнаў скрозь дождж будынак клiнiкi Стравiнскага, раку i добра вывучаны iм бор на другiм беразе. Яны прызямлiлiся ў гаi на паляне, непадалёк ад клiнiкi.

— Я пачакаю вас тут, — крычаў Азазела, склаўшы рукi рупарам, i то знiкаў, то ўзнiкаў пры святле маланкi ў шэрай сцяне, — развiтвайцеся, толькi хутчэй!

Майстар i Маргарыта саскочылi з коней i паляцелi, замiльгалi, як вадзяныя ценi, праз клiнiчны сад. Яшчэ праз некалькi iмгненняў майстар прывычнаю рукою рассоўваў рашотку на акне палаты No 117. Маргарыта iшла следам. Яны зайшлi да Iванкi, нiкiм не прыкмечаныя пад грукатанне i завыванне навальнiцы. Майстар спынiўся ля ложка.

Iванка ляжаў нерухома, як i тады, калi ўпершыню глядзеў на навальнiцу ў доме свайго спачыну. Ён не плакаў, як мiнулы раз. Калi ён разгледзеў як след цёмную постаць, якая ўварвалася да яго з балкона, ён прыўстаў, працягнуў рукi i сказаў радасна:

— А, гэта вы, а я ўсё чакаю, чакаю вас. Вось i вы, мой сусед.

Майстар адказаў яму:

— Я тут! Але болей вашым суседам, на жаль, не буду. Я адлятаю назаўсёды, таму i прыйшоў, каб развiтацца.

— Я пра гэта ведаю, я здагадаўся, — цiха адказаў Iван i спытаў: — Вы сустрэлi яго?

— Сустрэў, — сказаў майстар, — я прыйшоў развiтацца з вамi, бо вы былi апошнiм i адзiным чалавекам, з кiм я гаварыў у апошнi час.

Iванка пасвятлеў i сказаў:

— Гэта добра, што вы сюды заляцелi. Я слова сваё стрымаю, вершыкаў больш пiсаць не буду. Мяне цяпер iншае цiкавiць, — Iванка ўсмiхнуўся i ненармальнымi вачыма глядзеў паўз майстра, — я iншае хачу напiсаць. Я тут, пакуль ляжаў, ведаеце, пра многае перадумаў i многае зразумеў.

Майстар расхваляваўся з-за гэтых слоў, прысеў на краёк Iванкавага ложка:

— Вось гэта добра, добра. Вы пра яго працяг напiшаце!

Iванкавы вочы загарэлiся.

— А хiба вы самi не будзеце? — ён апусцiў галаву i задумлiва дадаў: — Ай, ды чаго я пытаюся, — Iванка коса зiрнуў на падлогу, паглядзеў спалохана.

— Ага, — сказаў майстар, i голас яго здаўся Iванку незнаёмым i глухiм, — я ўжо болей не буду пiсаць пра яго. Я буду заняты iншым.

Скрозь пошум навальнiцы пачуўся свiст.

— Вы чуеце? — спытаўся майстар i ўстаў з ложка.

— Навальнiца шумiць…

— Не, гэта мяне клiчуць, мне пара, — растлумачыў майстар i ўстаў з пасцелi.

— Пачакайце! Яшчэ адно слова, — папрасiў Iван, — а вы яе знайшлi? Яна не здрадзiла вам?

— Вось яна, — адказаў майстар i паказаў на сцяну.

Ад белае сцяны ступiла цёмная Маргарыта i падышла да ложка. Яна доўга глядзела на юнака, i ў вачах у яе была скруха.

— Бедны, бедны, — нячутна прашаптала Маргарыта i нахiлiлася да пасцелi.

— Якая прыгожая, — без зайздрасцi, але з сумам i нейкiм замiлаваннем прамовiў Iван, — бачыш, як у вас усё добра атрымалася. А вось у мяне не гэтак. — Тут ён падумаў i задумлiва дадаў: — Хаця, магчыма, i гэтак…

— Гэтак, гэтак, — прашаптала Маргарыта i зусiм нахiлiлася, — вось я вас пацалую ў лоб, i ўсё ў вас будзе як належыць… вы мне паверце, я ўсё бачыла, я ведаю.

Юнак абхапiў яе за шыю, i яна пацалавала яго.

— Бывай, вучань, — ледзь чутна прамовiў майстар i пачаў раставаць у паветры. Ён знiк, з iм разам знiкла i Маргарыта, зачынiлiся за iмi краты на балконе.

Iванка захваляваўся. Ён сеў на ложку, трывожна азiрнуўся, нават застагнаў, загаварыў сам з сабою, устаў. Навальнiца бушавала мацней i мацней i, мабыць, растрывожыла яго душу. Хвалявала яго таксама i тое, што за дзвярыма ён сваiм прывыклым да цiшынi слыхам улавiў паспешныя крокi, глухiя галасы за дзвярыма. Ён клiкаў, нерваваўся, уздрыгваў:

— Праскоўя Фёдараўна!

Праскоўя Фёдараўна ўжо заходзiла ў пакой, запытальна i трывожна глядзела на Iванку.

— Што? Што такое? — пыталася яна. — Навальнiца хвалюе? Ну, нiчога, нiчога… Зараз дапаможам. Зараз я доктара паклiчу.

— Не, Праскоўя Фёдараўна, не патрэбна доктара клiкаць, — сказаў Iванка i неспакойна глядзеў не на Праскоўю Фёдараўну, а на сцяну, — са мной нiчога такога. Я разбiраюся цяпер, вы не бойцеся. Вы мне лепш скажыце, — задушэўна спытаўся Iван, — а што там зараз побач у сто васемнаццатым пакоi здарылася?

— У васемнаццатым? — перапыталася Праскоўя Фёдараўна, i вочы ў яе забегалi. — Ды нiчога там не здарылася. — Але голас быў фальшывы, Iванка адразу змiкiцiў i сказаў:

— Эх, Праскоўя Фёдараўна! Вы такi чалавек праўдзiвы… Вы думаеце, я бушаваць пачну? Не, Праскоўя Фёдараўна, не будзе гэтага. Вы лепш шчыра скажыце. Я скрозь сцяну адчуваю.

— Сканаў ваш сусед, — прашаптала Праскоўя Фёдараўна, не могучы пераадолець сваю праўдзiвасць i дабрату, i спалохана зiрнула на Iванку, асветленая святлом маланкi. Але з Iванкам нiчога страшнага не здарылася. Ён шматзначна падняў палец i сказаў:

— Я гэтак i ведаў! Я запэўнiваю вас, Праскоўя Фёдараўна, што ў горадзе зараз сканаў яшчэ адзiн чалавек. Я нават ведаю хто, — тут Iванка таямнiча ўсмiхнуўся, — гэта жанчына.

Раздзел 31

НА ВЕРАБ’ЁВЫХ ГАРАХ

Навальнiцу бясследна прагнала, быццам арка, стаяла перакiнутая над усёй Масквой вясёлка, пiла ваду з Масквы-ракi. У вышынi, на ўзгорку, мiж двума гаямi вiдаць былi тры цёмныя постацi. Воланд, Кароўеў i Бегемот сядзелi на чорных конях у сёдлах, глядзелi на распрасцёрты за ракою горад у сонечных шкляных водсветах у тысячах вокнаў, звернутых на захад, на пранiкавыя вежы Дзявочага манастыра.

У паветры зашумела, i Азазела, у хвасце якога ляцелi майстар i Маргарыта, апусцiўся разам з iмi каля групкi тых, хто чакаў.

— Давялося патурбаваць вас, Маргарыта Мiкалаеўна i майстар, — загаварыў Воланд пасля невялiчкага маўчання, — але вы не будзеце мець да мяне прэтэнзii. Не думаю, каб вы пашкадавалi. Ну што ж, — звярнуўся ён толькi да майстра, развiтвайцеся з горадам. Нам пара, — Воланд паказаў рукою ў чорнай пальчатцы з раструбам туды, дзе бясконцыя сонцы плавiлi шкло за рэчкаю, дзе над гэтымi сонцамi ўставаў туман, дым, пара ад разагрэтага за дзень горада.

Майстар саскочыў з сядла, падбег да абрыву на ўзгорку. Чорны плашч цягнуўся за iм па зямлi. Майстар пачаў глядзець на горад. У першыя iмгненнi да сэрца падступiў шчымлiвы смутак, але вельмi хутка ён змянiўся саладкавай трывогай, вандроўным цыганскiм хваляваннем.

— Назаўсёды! Гэта трэба асэнсаваць, — прашаптаў майстар i аблiзаў сухiя патрэсканыя губы.

Ён пачаў прыслухоўвацца i запамiнаць усё, што адбываецца ў яго душы. Яго хваляванне, як здалося, перайшло ў пачуццё глыбокае кроўнае крыўды. Але яна была нямоцная, знiкла i чамусьцi змянiлася ганарлiвым раўнадушшам, а яно прадчуваннем пастаяннага спакою.

Група коннiкаў моўчкi чакала майстра. Яны назiралi, як чорная высокая постаць на краi абрыву махае рукамi, то падымае галаву, быццам хоча працяць сваiм позiркам увесь горад, зазiрнуць за краi яго, то апускае, нiбы разглядае вытаптаную рэдкую траву пад нагамi.

Перапынiў маўчанне засумавалы Бегемот.

— Дазвольце мне, мэтр, — загаварыў ён, — свiснуць перад дарогаю на развiтанне.

— Ты спалохаеш панi, — сказаў Воланд, — i, акрамя таго, не забудзь, што на сёння ўсе твае выбрыкi скончылiся.

— Ах не, месiр, — адазвалася Маргарыта, якая сядзела на сядле, як амазонка, села зручней i звесiла да зямлi востры шлейф, — дазвольце яму, няхай свiсне. Мяне апаноўвае сум перад дальняй дарогаю. I гэта натуральна, цi не праўда, месiр, нават тады, калi чалавек ведае, што ў канцы гэтае дарогi яго чакае шчасце? Няхай ён пацешыць нас, а то я баюся, што скончыцца

Скачать:TXTPDF

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать бесплатно, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать онлайн