слязьмi, i ўсё будзе сапсавана перад дарогай!
Воланд кiўнуў Бегемоту, той вельмi ажывiўся, саскочыў з сядла, уклаў пальцы ў рот, надзьмуў шчокi i свiснуў. У Маргарыты ў вушах зазвiнела. Конь ускiнуўся на дыбкi, у гаi пасыпалiся сухiя галiны, узляцела цэлая чарада вераб’ёў i варон, слуп пылу панесла да ракi, i вiдаць было, як на рачным трамваi, якi праплываў якраз паўз прыстань, у пасажыраў сарвала некалькi шапак у ваду.
Майстар здрыгануўся ад свiсту, але не азiрнуўся, пачаў махаць яшчэ хутчэй рукамi, падымаў iх угору, нiбы пагражаў гораду. Бегемот ганарыста азiрнуўся.
— Свiснута, не спрачаюся, — паблажлiва сказаў Кароўеў, — сапраўды свiснута, але, калi гаварыць аб’ектыўна, свiснута даволi сярэдне!
— Я ж не рэгент, — з гонарам i пакрыўджана адказаў Бегемот i нечакана падмiргнуў Маргарыце.
— А дай я паспрабую па старой звычцы, — сказаў Кароўеў, пацёр рукi, падзьмухаў на пальцы.
— Ты глядзi мне толькi, — пачуўся суровы Воландаў голас з каня, — толькi каб без калецтва!..
— Месiр, паверце, — адазваўся Кароўеў i прытулiў руку да сэрца, — толькi i пажартую, усяго… — Тут ён раптоўна выцягнуўся ўгору, быццам гумавы, з пальцаў правае рукi скруцiў нейкую замыславатую фiгуру, закруцiўся, як вiнт, потым нечакана раскруцiўся i свiснуў.
Гэтага свiсту Маргарыта не пачула, але яна ўгледзела яго ў той час, як яе разам з гарачым канём адкiнула сажняў на дзесяць убок. Побач з ёй з коранем выдрала дуб, а зямля патрэскалася да самае ракi. Вялiзны кавалак берага з прыстанню i рэстарацыяй вынесла ў раку. Вада ў ёй закiпела, гайданулася, i на супрацьлеглы адлогi бераг выкiнула цэлы рачны трамвай разам з пасажырамi. Да ног захропшага Маргарыцiнага каня ўпала забiтая рэгентавым свiстам галка.
Майстра спалохаў гэты свiст. Ён схапiўся за голаў i пабег да кампанii, якая чакала яго.
— Ну што ж, — звярнуўся да яго Воланд з вышынi свайго каня, — усё заплачана згодна з рахункам? Развiталiся?
— Развiтаўся, — адказаў майстар, супакоiўся i паглядзеў у твар Воланду адкрыта i смела.
I тады над гарамi пранёсся страшны трубны Воландаў голас:
— Пара! — i пранiзлiвы свiст, i рогат Бегемота.
Конi рванулiся, коннiкi паднялiся ўгору i паiмчалi. Маргарыта адчувала, як яе шалёны конь грызе i цягне за цуглi. Воландаў плашч разгарнуўся над усёй кавалькадай, гэтым плашчом пачало захiнаць вечаровы небасхiл. Калi на нейкае iмгненне чорны плашч аднесла ўбок, Маргарыта на ляту азiрнулася i ўбачыла, што ззаду няма не толькi рознакаляровых вежаў з аэрапланам над iмi, але няма ўжо i самога горада, якi апусцiўся ў зямлю i пакiнуў пасля сябе адзiн толькi туман.
Раздзел 32
ДАРАВАННЕ I ВЕЧНЫ СПАКОЙ
Божа, мой божа! Якая журботная зямля на змярканнi! Якiя таямнiчыя туманы над балотамi! Хто блукаў у гэтых туманах, хто шмат пакутаваў перад смерцю, хто лятаў над гэтай зямлёй i насiў на сабе непасiльны цяжар, той ведае.I ён без жалю пакiдае зямныя туманы, балацiнкi i рэчкi, знясiлены, ён аддаецца з лёгкiм сэрцам у рукi смерцi, бо ведае, што толькi яна — адна…
Чароўныя чорныя конi i тыя стамiлiся i iмчалi сваiх седакоў павольней, i непазбежная ноч пачала даганяць iх. Калi адчуў яе за плячыма, прыцiх нават неўгамонны Бегемот, учапiўся кiпцюрамi за сядло, ляцеў маўклiвы i сур’ёзны з распушаным хвастом.
Ноч пачала накрываць чорнаю хусткаю лясы i лугi, ноч запальвала цьмяныя агеньчыкi дзесьцi далёка ўнiзе, цяпер ужо не цiкавыя i не патрэбныя нi Маргарыце, нi майстру, чужыя агеньчыкi. Ноч перагнала кавалькаду, церусiлася на яе зверху i сеяла то там то сям у зажураным небе белыя плямы зорачак.
Ноч гусцела i ляцела побач, хапала коннiкаў за плашчы, зрывала iх з плеч i выкрывала падманы. I калi Маргарыта, абвеяная прахалодным ветрам, расплюшчвала вочы, яна бачыла, як мяняюцца аблiччы ўсiх, хто ляцiць побач да сваёй мэты. Калi насустрач iм з-за краю лесу пачала ўставаць барвовая поўня, усе падманы канчаткова знiклi, упалi ў балота, патанула ў балотах i зачараванае прывiднае адзенне.
Наўрад цi можна было цяпер пазнаць Кароўева-Фагота, самазванца-перакладнiка пры таямнiчым кансультанце, якому непатрэбны былi нiякiя пераклады, у тым, хто цяпер ляцеў побач з Воландам праваруч ад майстра. На месцы таго, хто ў абшарпаным цыркавым адзеннi пакiнуў Вераб’ёвы горы пад прозвiшчам Кароўева-Фагота, цяпер iмчаў, цiха пазвоньваючы залатым ланцугом павадоў, цёмна-фiялетавы рыцар з насупленым, вечна няўсмешлiвым тварам. Ён упёрся падбародкам у грудзiну, ён не глядзеў на поўню, яго не цiкавiла зямля, ён думаў толькi пра нешта сваё, летучы побач з Воландам.
— Чаму ён гэтак перамянiўся? — спыталася Маргарыта цiха пад ветраны посвiст у Воланда.
— Рыцар гэты калiсьцi няўдала пажартаваў, — адказаў Воланд i завярнуў да Маргарыты свой твар з адным блiскучым вокам, — яго жарт, калi ён гаварыў пра святло i пра цемру, быў не зусiм добры. I рыцару давялося пажартаваць пасля гэтага намнога болей, чым ён меркаваў сам. Але сёння такая ноч, калi закрываюцца рахункi ўсiх даўгоў. Рыцар свой доўг выплацiў i рахунак закрыў!
Ноч адарвала i пушысты хвост у Бегемота, садрала з яго шэрсць i развеяла яе камякi па балотах. Той, хто быў катом, цяпер аказаўся худзенькiм юнаком, дэманам-пажам, лепшым шутом, якi хоць калi быў на свеце за ўвесь час. Цяпер зацiх i ён i ляцеў нячутна, падстаўляў свой малады твар пад святло, якое струменiла поўня.
Збоч ад усiх ляцеў, паблiскваючы сталлю даспехаў, Азазела. Поўня перамянiла i яго твар. Бясследна знiклi недарэчныя, непрыгожыя iклы, i крывое вока аказалася фальшывым. Вочы ў Азазелы былi аднолькавыя, парожнiя i чорныя, а твар белы i халодны. Цяпер ляцеў сапраўдны Азазела, як дэман бязводнае пустынi, дэман-забойца.
Сябе Маргарыта не магла бачыць, затое яна бачыла, як перамянiўся майстар. Валасы яго ў месячным святле бялелi i заплялiся ў касу, i яна ляцела ў паветры. Калi вецер расхiляў плашч майстра, Маргарыта бачыла на яго батфортах зорачкi шпораў, якiя то патухалi, то загаралiся. Гэтак, як i юнак-дэман, майстар ляцеў i не зводзiў вачэй з поўнi, але ўсмiхаўся ёй, нiбы добрай знаёмай i любiмай, i нешта мармытаў сам сабе, як прывык рабiць у пакоi No 118.
I, нарэшце, Воланд ляцеў таксама ў сваiм сапраўдным аблiччы. Маргарыта не змагла б сказаць, з чаго зроблены павады ў яго каня, i думала, што, магчыма, гэта месячныя ланцужкi i сам конь — толькi глыба цемры, а грыва гэтага каня хмара, а шпоры коннiка — белыя значкi зорак.
Гэтак ляцелi моўчкi доўга, пакуль сама мясцовасць унiзе не пачала мяняцца. Зажураныя лясы патанулi ў зямной цемры i пацягнулi за сабою цьмяныя нажы рэчак. З’явiлiся i пачалi паблiскваць валуны, а мiж iмi зачарнелi прорвы, куды не даставала месячнае святло.
Воланд спынiў свайго каня на камянiстай, сумнай, пляскатай вяршынi, i тады коннiкi рушылi далей ступою, слухалi, як конi трушчаць падковамi каменне i крэмень. Поўня асвятляла пляцоўку ярка i зялёна, i Маргарыта хутка разгледзела ў пустэльнай мясцовасцi крэсла, а на iм белую постаць чалавека. Магчыма, ён быў глухi альбо занадта задумаўся. Ён не чуў, як дрыжала зямля пад цяжарам коней, i коннiкi не патрывожылi яго, калi пад’ехалi.
Поўня добра дапамагала Маргарыце, свяцiла лепей, чым электрычны лiхтарык, Маргарыта бачыла, што чалавек, якi здаваўся сляпым, пацiрае рукi i невiдушчымi вачыма глядзiць на поўню. Цяпер ужо Маргарыта бачыла, што побач з цяжкiм каменным крэслам, на якiм паблiскваюць у месячным святле нейкiя iскаркi, ляжыць вялiзны вастравухi сабака i гэтаксама трывожна, як i гаспадар, глядзiць на поўню. Ля ног у чалавека ляжаць чарапкi, i расцякаецца нявысахлая чорна-чырвоная лужына. Коннiкi спынiлi коней.
— Ваш раман прачыталi, — загаварыў Воланд i завярнуўся да майстра, — i сказалi толькi адно, што ён, на жаль, не скончаны. Дык вось, мне хацелася паказаць вам вашага героя. Амаль дзве тысячы гадоў сядзiць ён на гэтай тэрасе на вяршынi i спiць, але калi надыходзiць поўня, бачыце, яго пачынае мучыць бяссонне. Яно мучыць не толькi яго, але i яго вернага вартавога сабаку. Калi гэта праўда, што баязлiвасць — сама цяжкi чалавечы недахоп, то, бадай, сабака тут не вiнаваты. Адзiнае, чаго баяўся смелы сабака, гэта навальнiцы. Але той, хто любiць, павiнен падзяляць лёс таго, каго ён любiць.
— Што ён гаворыць? — спытала Маргарыта, i на спакойным яе твары адбiлася спачуванне.
— Ён гаворыць адно i тое, — пачуўся Воландаў голас. — Ён гаворыць, што i пры месяцы яму няма спакою i што ў яго дрэнная пасада. Гэтак ён гаворыць заўсёды, калi не спiць, а калi спiць, то снiць адно i тое ж — месячную дарогу i хоча пайсцi па ёй, каб пагаварыць з арыштантам Га-Ноцры, таму што, як ён сцвярджае, нечага не дагаварыў тады, даўно, чатырнаццатага чысла вясновага месяца нiсана. Але, на жаль, на гэтую дарогу яму выйсцi чамусьцi не ўдаецца, i да яго нiхто не прыходзiць. I яму нiчога не застаецца, як размаўляць самому з сабой. Хаця патрэбна i нейкая разнастайнасць, i да свае гаворкi пра поўню ён часам дадае, што больш за ўсё на свеце ненавiдзiць сваю несмяротнасць i вялiкую славу. Ён сцвярджае, што ахвотна памяняў бы свой лёс на лёс валацугi i абарванца Левiя Мацея.
— Дванаццаць тысяч поўняў за адну поўню калiсьцi, цi не занадта многа? спыталася Маргарыта.
— Паўтараецца гiсторыя з Фрыдай? — сказаў Воланд. — Але, Маргарыта, не турбуйце сябе дарэмна. Усё будзе па-справядлiвасцi, на гэтым трымаецца свет.
— Адпусцiце яго! — раптам пранiзлiва закрычала Маргарыта, гэтак, як яна крычала тады, калi была ведзьмай, i ад гэтага крыку сарваўся камень у гарах i паляцеў з падскокамi ў бездань, аглушаючы горы грукатам. Маргарыта не магла сказаць, цi гэта быў грукат ад каменя, цi водгулле сатанiнскага смеху. Як бы яно нi было, але Воланд смяяўся, пазiраў на Маргарыту i гаварыў:
— Не трэба крычаць у гарах, ён усё роўна прывык да абвалаў, i гэта яго не патрывожыць. Вам не трэба прасiць за яго, Маргарыта, таму што за яго папрасiў ужо той, з кiм ён хоча пагаварыць. — Тут Воланд зноў завярнуўся да майстра i сказаў: — Ну што ж, цяпер вы ваш раман можаце скончыць адным сказам!
Майстар нiбы чакаў гэтага, пакуль стаяў нерухома i глядзеў на пракуратара. Ён склаў рукi рупарам i крыкнуў гэтак, што рэха пракацiлася па бязлюдных i бязлесых гарах:
— Вольны! Вольны! Ён чакае цябе!
Горы ператварылi майстраў голас у гром, i гэты гром iх разбурыў. Праклятыя скалiстыя горы рассыпалiся. Засталася толькi тэраса з каменным крэслам. Над чорнаю прорваю, у якую правалiлiся сцены, паўстаў неабдымны горад з уладарнымi над iм зiхоткiмi iдаламi над