Сайт продается, подробности: whatsapp telegram
Скачать:TXTPDF
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)

кесар iмператар вяртае яго нiкчэмнае жыццё!

Пiлат выкрыкваў словы i адначасова чуў, як на змену вялiкаму гулу iдзе вялiкая цiшыня. Цяпер нi ўздыху, нi шолаху не далятала да яго вушэй, i нават наступiла iмгненне, калi Пiлату здалося, што ўсё навокал наогул знiкла. Ненавiсны яму горад вымер, i толькi ён адзiн стаiць, гарыць ад промняў, упёршыся лбом у неба. Пiлат яшчэ прытрымаў цiшыню, а потым пачаў выкрыкваць:

— Iмя таго, каго зараз пры вас адпусцяць на волю…

Ён яшчэ раз замоўк, правяраў, цi ўсё сказаў, таму што ведаў, што мёртвы горад уваскрэсне пасля вымаўленага прозвiшча шчаслiўчыка i нiякiх больш слоў нельга будзе пачуць.

«Усё? — шапнуў сам сабе Пiлат. — Усё. Iмя!»

I ён крыкам пракацiў лiтару «р» над замоўклым горадам.

— Вар-раван!

Тут яму здалося, што сонца са звонам лопнула над iм i залiло яму вушы агнём. У гэтым агнi бушавалi крык, вiск, стогны, смех i свiст.

Пiлат завярнуўся i пайшоў назад па памосце да прыступак, не гледзячы нi на што, акрамя рознакаляровых шашак мазаiкi пад нагамi, каб не спатыкнуцца. Ён ведаў, што цяпер у яго за плячыма градам ляцяць на памост бронзавыя манеты, фiнiкi, што ў азвярэлым натоўпе людзi душаць адзiн аднаго, лезуць на плечы, каб сваiмi вачыма ўбачыць дзiва — як чалавек, якi ўжо быў у руках у смерцi, вырваўся з гэтых рук! Як легiянеры здымаюць з яго вяроўкi, мiжволi прычыняюць яму пякучы боль у выкручаных на допытах руках, як ён моршчыцца i вохкае, усмiхаецца дурною ўсмешкаю.

Ён ведаў, што ў гэты ж самы час канвой вядзе да бакавых прыступак траiх са звязанымi рукамi, каб выводзiць iх на дарогу, якая iдзе на захад, за горад, да Лысае Гары. I толь-кi тады, калi зайшоў за памост, Пiлат расплюшчыў вочы, ведаючы, што цяпер ён у бяспечным месцы — адсюль нельга ўбачыць асуджаных.

Да стогну пачаўшага зацiхаць натоўпу прымешвалiся i былi чуваць цяпер ужо i крыкi глашатаяў, якiя паўтаралi на арамейскай, на грэцкай мовах тое, што пракрычаў з памоста пракуратар. Акрамя ўсяго гэтага,да яго слыху даляцеў дробны роўны строкат капытоў i гук трубы, якая пратрубiла нешта коратка i весела. На гэтыя гукi адказаў хлапчукоўскi свiст з дахаў дамоў на вулiцы, што вяла з базару на гiпадромную плошчу i крыкi «сцеражыся!».

Салдат, якi адзiнока стаяў на вызваленай ад людзей плошчы са значком у руцэ, трывожна ўзмахнуў iм, i тады пракуратар, легат легiёна, сакратар i канвой спынiлiся.

Конная ала, забiраючы ўсё шырэй, вылецела на плошчу, каб перасекчы яе збоч, абмiнуўшы збоiшча людзей, i за-вулкам пад каменнаю сцяною, па якой слаўся вiнаград, карацейшай дарогаю праiмчаць да Лысае Гары.

Пралятаючы рыссю, маленькi, як хлопчык, цёмны, як мулат, камандзiр алы сiрыец, — калi параўняўся з Пiлатам, нешта тонка крыкнуў i выхапiў з похваў меч. Злосны мокры вараны конь шарахнуўся, устаў на дыбы. Камандзiр укiнуў меч у ножны, ударыў нагайкаю каня па шыi, выраўняў яго i паiмчаў у завулак, пераходзячы ў галоп. За iм па тры ў рад паляцелi коннiкi ў хмарах пылу, падскоквалi кончыкi тонкiх бамбукавых пiк. Паўз пракуратара паiмчалiся, здавалася, надзiва смуглыя пад белымi цюрбанамi твары з весела аскаленымi белымi зубамi.

Ала ўварвалася ў завулак, падняла да неба пыл, i паўз Пiлата апошнiм пранёсся салдат з блiскучай на сонцы трубою за плячыма.

Пiлат рушыў далей. Ён закрываў ад пылу твар рукою i незадаволена моршчыўся. За iм да варотаў у сад пры палацы рушылi легат, сакратар i канвой.

Было каля дзесяцi гадзiн ранiцы.

Раздзел 3

СЁМЫ ДОКАЗ

— Ага, было каля дзесяцi гадзiн ранiцы, глыбокапаважаны Iван Мiкалаевiч, сказаў прафесар.

Паэт правёў рукою па твары, як чалавек, якi толькi што прачнуўся i ўбачыў, што на Патрыярхавых сажалках вечар.

Вада ў сажалцы пачарнела, i лёгкая лодачка плыла ўжо па ёй, i чуўся плёскат вясла i смяшок нейкае гараджаначкi ў лодачцы. На алеях на лавачках з’явiлася публiка, але на ўсiх трох баках квадрата, акрамя таго боку, дзе былi нашы субяседнiкi.

Неба над Масквою быццам вылiняла, i зусiм выразна была вiдаць увышынi поўня, яшчэ не залатая, а толькi белая. Дыхаць стала намнога лягчэй, i галасы пад лiпамi цяпер гучалi мякчэй, па-вечароваму.

«Як жа гэта я не заўважыў, калi ён паспеў сплесцi цэлы расказ? — падумаў Бяздомны здзiўлена, — вось ужо i вечар! А можа, гэта i не ён мне расказваў, а я заснуў i ўсё мне саснiлася?»

Але трэба думаць, што ўсё ж расказваў прафесар, бо тое ж самае саснiлася i Берлiёзу, i той сказаў, уважлiва ўглядаючыся ў твар незнаёмца.

— Расказанае вамi надзвычай цiкава, прафесар, хаця гэта зусiм не супадае з евангельскiмi апавяданнямi.

— Злiтуйцеся, — паблажлiва адазваўся з усмешкаю прафесар, — каму-каму, а вам трэба ведаць, што нiчога з таго, што напiсана ў Евангеллi, не было на самай справе нiколi, i калi мы пачнём спасылацца на Евангелле як на гiстарычную крынiцу… — ён яшчэ раз усмiхнуўся, i Берлiёз асекся, таму што лiтаральна тое ж самае ён гаварыў Бяздомнаму, калi iшоў з iм па Броннай да Патрыярхавых сажалак.

— Гэта правiльна, — заўважыў Берлiёз, — але баюся, што нiхто не можа пацвердзiць, што i тое, пра што вы нам расказалi, адбывалася на самай справе.

— Э, не! Гэта можа хто пацвердзiць! — на ломанай мове надзвычай упэўнена адказаў прафесар i нечакана таямнiча паклiкаў абодвух сябрукоў блiжэй да сябе.

Тыя нахiлiлiся да яго з абодвух бакоў, i ён сказаў, але ўжо без усякага акцэнту, якi ў яго бог ведае чаму то з’яўляўся, то знiкаў:

Справа ў тым… — тут прафесар спалохана азiрнуўся i загаварыў шэптам, што я сам прысутнiчаў пры ўсiм гэтым. I на балконе быў у Понцiя Пiлата, i ў садзе, калi ён з Каiфам размаўляў, i на памосце, але таемна, iнкогнiта, як гаворыцца, таму прашу вас — нiкому нi слова i поўны сакрэт!.. Цiха!..

Запанавала маўчанне, i Берлiёз пабялеў.

— Вы… вы колькi ў Маскве? — спытаўся, i голас у яго задрыжаў.

— А я толькi што, хвiлiну назад у Маскву прыехаў, — разгублена адказаў прафесар, i толькi тут сябры змаглi як след разгледзець яго вочы i пераканацца ў тым, што левае, зялёнае, зусiм вар’яцкае, а правае — пустое, чорнае i мёртвае.

«Вось усё i стала зразумела! — падумаў Берлiёз спалохана. — Прыехаў вар’ят немец цi толькi што звар’яцеў тут, на Патрыярхавых сажалках. Вось якая гiсторыя!»

Сапраўды, усё тлумачылася вельмi проста: i дзiўны сняданак у прафесара Канта, i дзiвацкiя прароцтвы наконт алею i Анечкi, i прароцтва пра тое, што галава будзе адрэзана, i ўсё астатняе — прафесар быў вар’ят.

Берлiёз адразу ж зразумеў, што трэба зрабiць. Ён адкiнуўся на спiнку, за плячыма ў прафесара замiргаў Бяздомнаму — не спрачайся, маўляў, — але разгублены паэт гэтых сiгналаў не зразумеў.

— Так, так, так, — узбуджана гаварыў Берлiёз, — мiж iншым, усё гэта магчыма! Вельмi нават магчыма, i Понцiй Пiлат, i балкон, i ўсё астатняе. А вы адзiн прыехалi цi з жонкаю?

— Адзiн, адзiн, я заўсёды адзiн, — горка адказаў прафесар.

— А дзе ж вашы рэчы, прафесар? — даверлiва дапытваўся Берлiёз. — У «Метраполi»? Дзе вы спынiлiся?

— Я? Нiдзе, — адказаў звар’яцелы немец, сумна i дзiка блукаючы позiркам па Патрыярхавых сажалках.

— Як? А… дзе вы будзеце жыць?

— У вашай кватэры, — раптам нахабна адказаў вар’ят i падмiргнуў.

— Я… я вельмi рады, — замармытаў Берлiёз, — але, паверце, вам у мяне будзе нязручна… А ў «Метраполi» цудоўныя нумары, гэта першакласны гатэль…

— А д’ябла таксама не iснуе? — раптам весела папытаўся ў Iвана Мiкалаевiча хворы.

— I д’ябла…

— Не пярэч! — аднымi губамi шапнуў Берлiёз, адкiнуўся за плечы прафесара i паказваў на мiгах.

— Ды няма нiякага д’ябла! — закрычаў зусiм неўпапад Iван Мiкалаевiч, разгубiўшыся ад усяго гэтага. — Вось насланнё! Хопiць вам псiхаваць!

Тут вар’ят зарагатаў гэтак, што з лiпы над галовамi субяседнiкаў вылецеў верабей.

— Ну, гэта ўжо i сапраўды цiкава, — трасучыся ад рогату, гаварыў прафесар, — што ж гэта ў вас, за што нi вазьмiся — няма, нiчога няма! — Ён перастаў рагатаць раптоўна, як i бывае пры псiхiчнай хваробе, пасля смеху даўся ў другую крайнасць — крыкнуў сурова i злосна: — Значыць, усё ж няма?

— Супакойцеся, супакойцеся, супакойцеся, прафесар, — мармытаў Берлiёз, каб болей не хваляваць хворага, — вы пасядзiце тут хвiлiнку з таварышам Бяздомным, а я толькi збегаю да перакрыжавання, дзынкну па тэлефоне, а потым мы вас i павядзём туды, куды вы хочаце. Вы ж не ведаеце горада…

Берлiёзаў план варта прызнаць правiльным: трэба было дабегчы да блiжэйшага тэлефона i паведамiць у замежнае бюро пра тое, што прыезджы з-за мяжы кансультант сядзiць на Патрыярхавых сажалках у зусiм ненармальным стане. Дык вось, неабходна прыняць меры, а то атрымлiваецца нейкае непрыемнае глупства.

— Патэлефанаваць? Ну, што ж, патэлефануйце, — сумна згадзiўся хворы i раптам горача папрасiў: — Але малю вас на развiтанне, паверце хаця таму, што ёсць д’ябал! Пра большае я ўжо не прашу. Майце на ўвазе, што на гэта ёсць сёмы доказ, i ён сама надзейны! I зараз вам ён будзе паказаны.

— Добра, добра, — з фальшываю ласкавасцю сказаў Берлiёз, падмiргнуў засмучанаму паэту, якому зусiм не хацелася вартаваць звар’яцелага немца, i памчаў да таго выхаду з Патрыярхавых, якi знаходзiцца на рагу Броннае i Ермалаеўскага завулка.

А прафесар адразу ж зрабiўся здаровым i вясёлым.

— Мiхаiл Аляксандравiч! — крыкнуў ён наўздагон Берлiёзу.

Той здрыгануўся, азiрнуўся, але супакоiў сябе тым, што iмя яго i iмя па-бацьку вядомы прафесару таксама з газеты. А прафесар крыкнуў, склаўшы рукi рупарам:

— Цi не загадаеце неадкладна адбiць тэлеграму вашаму дзядзьку ў Кiеў?

I зноў перасмыкнула Берлiёза. Адкуль вар’ят ведае пра яго кiеўскага дзядзьку? Пра гэта ж у газетах не сказана. Эге, цi не праў тут Бяздомны? А калi дакумент лiпавы? Вой, дзiўны суб’ект. Тэлефанаваць, тэлефанаваць! Яго хутка высветляць!

Берлiёз пабег далей, нi да чога болей не прыслухоўваючыся.

I тут ля самага выхаду на Бронную з лаўкi насустрач рэдактару ўстаў якраз гэтакi ж самы грамадзянiн, што тады ў сонечным святле вылепiўся з тлустае спякоты. Толькi цяпер ён быў ужо не паветраны, а звычайны, плоцкi, i ў прыцемку Берлiёз добра разгледзеў, што вусiкi ў яго як курынае пер’е, вочкi маленькiя, iранiчныя i п’янаватыя, а штаны клятчастыя, падцягнутыя гэтак, што вiдаць брудныя белыя шкарпэткi.

Мiхаiл Аляксандравiч падаўся назад, але супакоiў сябе тым, што гэта недарэчнае супадзенне i што цяпер няма часу на роздум.

— Турнiкет шукаеце, грамадзянiн? — надтрэснутым тэнарам пацiкавiўся клятчасты тып. — Сюды, калi ласка!

Скачать:TXTPDF

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать бесплатно, Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Булгаков читать онлайн