прафесар? — спытаўся Берлiёз.
— Ага, кансультантам.
— Вы — немец? — дапытваўся Бяздомны.
— Я?.. — перапытаў прафесар i раптам задумаўся. — Ага, мабыць, немец… сказаў ён.
— Вы добра гаворыце па-расейску, — уставiў Берлiёз.
— О, я наогул палiглот i ведаю вельмi многа моў, — адказаў прафесар.
— А якая ў вас спецыяльнасць? — спытаўся Берлiёз.
— Я — спецыялiст па чорнай магii.
«На табе!..» — стукнула ў галаве ў Мiхаiла Аляксандравiча.
— I… вас па гэтай спецыяльнасцi запрасiлi да нас? — спытаўся ён, заiкаючыся.
— Ага, па гэтай запрасiлi, — пацвердзiў прафесар i растлумачыў: — Тут у дзяржаўнай бiблiятэцы знойдзены арыгiнальныя рукапiсы чарнакнiжнiка Герберта Аўрылакскага, дзесятага стагоддзя. Дык вось, патрабуецца, каб я прачытаў iх. Я адзiны ў свеце спецыялiст.
— А-а! Вы гiсторык? — з вялiкай палёгкай i павагай спытаўся Берлiёз.
— Я — гiсторык, — пацвердзiў вучоны i дадаў нi к сялу нi к гораду: — Сёння вечарам на Патрыярхавых будзе цiкавая гiсторыя!
I зноў вельмi здзiвiлiся i рэдактар, i паэт, а прафесар паклiкаў iх да сябе i, калi яны нахiлiлiся да яго, прашаптаў:
— Майце на ўвазе, што Iсус iснаваў.
— Бачыце, прафесар, — адазваўся з вымучанай усмешкай Берлiёз, — мы паважаем вашы вялiкiя веды, але самi маем наконт гэтага другое перакананне.
— Не трэба нiякiх перакананняў! — адказаў дзiўны прафесар. — Проста ён iснаваў, а больш нiчога.
— Але трэба ж хоць нейкi доказ… — пачаў Берлiёз.
— I доказаў нiякiх не трэба, — адказаў прафесар i загаварыў цiхiм голасам, акцэнт у яго адразу чамусьцi знiк: — Усё проста: у белым плашчы…
Раздзел 2
ПОНЦIЙ ПIЛАТ
У белым плашчы з крывавым падбоем, кавалерыйскаю хадою з падшаркваннем на дасвеццi чатырнаццатага чысла вясновага месяца нiсана ў крытую каланаду, якая злучала два крылы палаца Iрада Вялiкага, выйшаў пракуратар Юдэi Понцiй Пiлат.
Больш за ўсё на свеце пракуратар ненавiдзеў пах ружавага алею, i ўсё цяпер прадказвала нядобры дзень, бо пах гэты пачаў даймаць пракуратара з дасвецця. Пракуратару здавалася, што ружавы пах iдзе ад кiпарысаў i пальмаў у садзе, што да паху скур i канвою прымешваецца пракляты ружавы струмень. Ад флiгеляў за палацам, дзе размясцiлася першая кагорта Дванаццатага Маланкавага легiёна, якая прыйшла з пракуратарам у Ершалаiм, зацягвала дымок у каланаду цераз верхнюю пляцоўку саду, i да гаркавага дыму, якi сведчыў пра тое, што кашавары ў кентурыях пачалi гатаваць страву, прымешваўся ўсё той жа тлусты дух ружавага алею. Ах багi, багi, за што вы караеце мяне?
«Але, несумненна! Гэта яна, зноў яна — непераможная, страшная хвароба гемiкранiя, ад якое балiць палавiна галавы. Ад яе няма лякарства, няма нiякага ратунку. Паспрабую не варушыць галавой».
На мазаiчнай падлозе ля фантана ўжо было падрыхтавана крэсла, i пракуратар, не гледзячы нi на кога, сеў на яго i працягнуў руку ўбок.
Сакратар паважлiва ўклаў у гэтую руку кавалак пергаменту. У пракуратара ад болю скрывiўся твар, i ён скоса, мiмаходзь паглядзеў на напiсанае, вярнуў пергамент сакратару i з цяжкасцю прамовiў:
— Падследны з Галiлеi? Да тэтрарха справу пасылалi?
— Пасылалi, пракуратар, — адказаў сакратар.
— I што ён?
— Ён адмовiўся даць заключэнне па справе i смяротны прысуд Сiнедрыёна накiраваў вам на зацвярджэнне, — растлумачыў сакратар.
У пракуратара перасмыкнулася шчака, i ён сказаў цiха:
— Прывядзiце вiнаватага.
I адразу ж з садовае пляцоўкi пад калоны на балкон два легiянеры прывялi i паставiлi перад крэслам пракуратара чалавека гадоў дваццацi сямi. Чалавек гэты быў апрануты ў стары i парваны блакiтны хiтон. Галаву прыкрывала белая павязка з раменьчыкам вакол iлба, а рукi звязаны ззаду. Пад левым вокам у чалавека быў вялiкi чарняк, у кутку губ — драпiна i скарэлая кроў. Прыведзены з трывожнай цiкавасцю паглядзеў на пракуратара.
Той памаўчаў, потым цiха спытаўся па-арамейску:
— Дык гэта ты падбухторваў народ разбурыць ершалаiмскi храм?
У гэты час пракуратар сядзеў, як каменны, i толькi губы ледзь-ледзь варушылiся, калi гаварыў. Пракуратар быў нiбы каменны, таму што баяўся паварушыць галавой, якая палала ад пякельнага болю.
Чалавек са звязанымi рукамi крыху падаўся наперад i пачаў гаварыць:
— Добры чалавек! Павер мне…
Але пракуратар, якi не паварушыўся i не павысiў голасу, адразу ж перапынiў яго:
— Гэта ты мяне называеш добрым чалавекам? Ты памыляешся. У Ершалаiме ўсе шэпчуць пра мяне, што я лютае страшылiшча, i гэта праўда, — i гэтак жа роўна дадаў: — Кентурыёна Крысабоя да мяне.
Усiм здалося, што на балконе пацямнела, калi кентурыён, камандуючы надзвычайнай кентурыяй, Марк, па мянушцы Крысабой, з’явiўся перад пракуратарам.
Крысабой быў на галаву вышэйшы за сама высокага салдата ў легiёне i гэтакi шырокi ў плячах, што зусiм засланiў яшчэ нiзкае сонца.
Пракуратар сказаў кентурыёну па-лацiнску:
— Злачынец называе мяне «добрым чалавекам». Выведзi яго адсюль на хвiлiну, растлумач яму, як трэба гаварыць са мной. Але не скалеч.
I ўсе, акрамя нерухомага пракуратара, правялi позiркам Марка Крысабоя, якi махнуў рукою арыштаванаму — загадаў iсцi следам.
Крысабоя наогул усе праводзiлi позiркамi, дзе б ён нi паказваўся, з-за яго росту, а яшчэ — тыя, хто бачыў яго ўпершыню, — таму што твар у кентурыёна быў скалечаны: нос у яго калiсьцi быў разбiты ўдарам германскае булавы.
Загрукалi цяжкiя Маркавы боты па мазаiцы, звязаны пайшоў за iм нячутна, у каланадзе запанавала маўчанне, i было чуваць, як буркуюць галубы на садовай пляцоўцы перад балконам, ды яшчэ вада выспеўвала, вывiвала з фантана прыемную песню.
Пракуратару захацелася ўстаць, падставiць скроню пад халодны струмень i гэтак застыць. Але ён ведаў, што i гэта яму не дапаможа.
Як толькi вывеў арыштаванага з-пад калонаў у сад, Крысабой узяў з рук у аднаго з легiянераў, якi стаяў ля бронзавае статуi, бiч, злёгку размахнуўся i ўдарыў арыштаванага па спiне. Зрабiў гэта кентурыён нiбы лёгка i незнарок, але звязаны iмгненна бухнуў на зямлю, быццам яму падрэзалi ногi, твар збялеў i вочы сталi пустыя. Марк адной леваю рукою лёгка, як пусты мяшок, падняў упаўшага, паставiў яго на ногi i загаварыў гугнява, дрэнна вымаўляючы па-арамейску:
— Рымскага пракуратара называць — iгемон. Iншых слоў не гаварыць. Стаяць смiрна. Ты зразумеў мяне, цi яшчэ раз улупiць?
Арыштаваны пахiснуўся, але саўладаў з сабою, сышла з твару спалатнеласць, ён перавёў дух i адказаў хрыпла:
— Я цябе зразумеў. Не бi мяне.
Праз хвiлiну ён зноў стаяў перад пракуратарам.
Прагучаў глухi, хворы голас:
— Iмя?
— Маё? — паспешна адазваўся арыштаваны, усёй iстотай ён паказваў гатоўнасць гаварыць талкова, не выклiкаць болей гневу.
Пракуратар сказаў цiха:
— Маё — мне вядома. Не прытварайся дурнейшым, чым ёсць на самай справе. Тваё.
— Iешуа, — паспешна адказаў арыштант.
— Прозвiшча ёсць?
— Га-Ноцры.
— Адкуль родам?
— З горада Гамалы, — адказаў арыштант, i галавой кiўнуў, што там, недзе далёка, направа ад яго, на поўначы, ёсць горад Гамала.
— Хто ты па крывi?
— Дакладна не ведаю, — жыва адказаў арыштант, — я не памятаю сваiх бацькоў. Мне гаварылi, што бацька мой сiрыец…
— Дзе ты жывеш пастаянна?
— У мяне няма пастаяннага жытла, — сарамлiва адказаў арыштант, — я падарожнiчаю з горада ў горад.
— Пра гэта можна сказаць карацей, адным словам — валацуга, — сказаў пракуратар i спытаўся: — Сваякi ёсць?
— Няма нiкога. Адзiн на свеце.
— Грамату ведаеш?
— Ведаю.
— Якую яшчэ мову ведаеш, акрамя арамейскае?
— Грэцкую.
Распухлае павека паднялося, затуманенае пакутай вока глядзела на арыштанта. Другое вока было заплюшчана. Пiлат загаварыў па-грэцку:
— Дык ты збiраўся разбурыць будынак храма i заклiкаў на гэта народ?
Тут арыштант зноў ажывiўся, у вачах знiк спалох, i ён загаварыў па-грэцку:
— Я, доб… — тут жах прамiльгнуў у вачах у арыштанта, што ледзь не прагаварыўся, — я, iгемон, нiколi ў жыццi не збiраўся разбураць будынак храма i нiкога не падбухторваў на гэту непатрэбную справу.
Здзiўленне з’явiлася на твары ў сакратара, якi згорбiўся над нiзенькiм столiкам i запiсваў паказаннi. Ён падняў голаў i адразу ж зноў нахiлiўся над пергаментам.
— Мноства розных людзей сцякаецца ў гэты горад перад святам. Бываюць сярод iх магi, астролагi, прадказальнiкi i забойцы, — гаварыў аднатонна пракуратар, — а трапляюцца i хлусы. Ты, напрыклад, хлус. Ясна запiсана: падбухторваў разбурыць храм. Гэта сведчаць людзi.
— Гэтыя добрыя людзi, — загаварыў арыштант i паспешна дадаў: — iгемон, працягваў: — нiдзе не вучылiся i ўсё зблыталi, што я гаварыў. Я наогул пачынаю баяцца, што блытанiна гэтая будзе працягвацца надта доўга. I ўсё з-за таго, што ён няправiльна запiсвае следам за мною.
Настала маўчанне. Цяпер ужо другое вока цяжка глядзела на арыштанта.
— Паўтараю табе, але апошнi раз: перастань прытварацца, бандыт, — прамовiў Пiлат мякка i роўна, — за табой запiсана няшмат, але i запiсанага дастаткова, каб цябе павесiць.
— Не, не, iгемон, — увесь напружыўся ад жадання пераканаць арыштант i загаварыў: — Ходзiць, ходзiць адзiн з казлiным пергаментам i няспынна пiша. Але я аднойчы зазiрнуў у гэты пергамент i жахнуўся. Абсалютна нiчога, што там запiсана, я не гаварыў. Я яго ўмольваў: спалi ты, пабойся бога, свой пергамент! Але ён вырваў яго ў мяне з рук i ўцёк.
— Хто гэта? — пагардлiва спытаў Пiлат i дакрануўся рукой да скронi.
— Левiй Мацей, — ахвотна растлумачыў арыштант, — ён раней быў зборшчыкам падаткаў, я з iм сустрэўся ўпершыню на дарозе ў Вiфагii, там, дзе вуглом выступае фiгавы сад, i разгаварыўся з iм. Спачатку ён ставiўся да мяне непрыязна i нават зневажаў мяне, гэта значыць думаў, што зневажае, калi называе сабакам, — тут арыштант усмiхнуўся, — я асабiста не бачу нiчога дрэннага ў гэтым зверы, каб крыўдзiцца на такое слова…
Сакратар перастаў запiсваць i спадцiшка кiнуў здзiўлены позiрк, але не на арыштаванага, а на пракуратара.
— …аднак пасля таго як выслухаў мяне, пачаў дабрэць, — працягваў Iешуа, — нарэшце кiнуў грошы на дарогу i сказаў, што пойдзе падарожнiчаць са мною…
Пiлат усмiхнуўся адной шчакою, выскалiў жоўтыя зубы i сказаў, завярнуўшыся ўсiм тулавам да сакратара:
— Во, горад Ершалаiм! Чаго толькi не пачуеш у iм. Зборшчык падаткаў, цi чулi вы, кiнуў грошы на дарогу!
Сакратар не ведаў, што адказаць на гэта i палiчыў за лепшае паўтарыць Пiлатаву ўсмешку.
— А ён сказаў, што грошы яму сталi ненавiсныя, — растлумачыў Iешуа дзiўны ўчынак Левiя Мацея i дадаў: — I з гэтага часу ён зрабiўся маiм спадарожнiкам.
Усё яшчэ выскаляючыся, пракуратар паглядзеў на арыштанта, потым на сонца, якое няўмольна рухалася на захад, уставала над коннымi скульптурамi на гiпадроме, якi ляжаў далёка ўнiзе справа, i раптам з нейкаю прыкраю пакутай падумаў, што прасцей за ўсё было б прыбраць з балкона гэтага дзiўнага разбойнiка толькi двума словамi: «Павесiць яго». Прагнаць потым канвой, пайсцi з каланады ў палац, загадаць зацямнiць пакой, звалiцца на ложак, запатрабаваць халоднай вады, жаласным голасам паклiкаць