Сайт продается, подробности: whatsapp telegram
Скачать:PDFTXT
Дазорца маяка
верставыя хвалі выплывалі з цемры і разбіваліся аб падножжа выспы, і паказваліся іх успененыя грэбні, азораныя ружовым святлом маяка. Прыліў мацнеў і заліваў пясчаныя косы. Таямнічая мова акіяну з надыходам поўні рабілася ўсё больш надрыўнай, падобнай то да гуку гармат, то да шуму лясоў, то да далёкіх галасоў людской гаворкі. На хвілю ўсё сціхала. А потым ад вушэй старога адбівалася некалькі вялікіх уздыхаў, потым нейкія рыданні — і зноў грозныя выбухі. Урэшце вецер разагнаў туман, але прынёс чорныя хмары, што засцілі месяц. З захаду дзьмула ўсё мацней. Хвалі ўжо дасягалі стромы выспы, аблізваючы пенай падмурак маяка. Недзе далёка лютавала бура. У цёмнай разбушаванай прасторы бліснула колькі зялёных ліхтароў, падвешаных да карабельных мачтаў. Зялёныя кропачкі то ўздымаліся высока, то падалі ўніз, то завальваліся на адзін ці на другі бок.

Скавінскі спусціўся ў сваю хатку. Бура пачала скавытаць. Там, на дварэ, людзі на караблях змагаліся з ноччу, з цемрай, з хваляй — а ў хаце было спакойна і ціха. Нават водгулле буры слаба адчувалася праз моцныя муры, і толькі размеранае “цік-так” гадзінніка закалыхвала зняможанага старога.


II

Сплывалі гадзіны, дні і тыдні… Матросы сцвярджаюць, што часам, калі мора дужа ўсхваляванае, яно кліча іх сярод ночы і цемры па імені. Калі марская бясконцасць можа так клікаць, то, магчыма, гэтаксама кліча і іншая бясконцасць, яшчэ больш цёмная і таямнічая, і чым больш ты змучаны жыццём, тым мілейшы гэты покліч. Але каб яго пачуць, патрэбная цішыня. Да таго ж старасць любіць адчужэнне, нібыта ў прадчуванні магілы. Маяк стаў для Скавінскага такой напаўмагілай.

Маладыя людзі калі і пагаджаліся на такую службу, то ў хуткім часе сыходзілі. Дазорца маяка — зазвычай чалавек немалады, замкнёны і пануры. Калі ж ён выпадкова пакідае маяк і апынаецца сярод людзей, то ходзіць паміж іх як чалавек, абуджаны ад глыбокага сну. На вежы няма ўсялякіх дробных уражанняў, якія па жыцці вучаць звычайна ўсё прыкладаць да сябе. Усё, з чым сутыкаецца дазорца, вялікае і пазбаўленае пэўных, акрэсленых формаў. Неба — гэта адна сутнасць, вада — іншая, а сярод гэтай бясконцасці — самотная людская душа! Гэта жыццё, у якім думка ёсць хутчэй одумам, ад таго одуму не абуджае дазорцу нічога, нават ягоны занятак. Дзень падобны да дня, як дзве пацеркі ў ружанцы, і толькі змены надвор’я прыносяць хоць нейкую разнастайнасць.

Аднак Скавінскі пачуваўся шчаслівым, як ніколі ў жыцці. Уставаў на досвітку, падмацоўваўся, чысціў лінзы маяка, а потым, седзячы на гаўбцы, углядаўся ў марскую далеч, і вочы яго не маглі насыціцца малюнкамі, што адкрываліся перад ім. Звычайна на агромністым бірузовым тле былі бачныя чародкі надзьмутых ветразяў, якія іскрыліся ў промнях сонца так моцна, што аж вочы мружыліся ад празмернага бляску. Часам караблі, кіруючыся пасатамі, ішлі выцягнутым шэрагам адзін за адным, нібы ланцуг чаек ці альбатросаў. Чырвоныя бочкі, што пазначалі дарогу, калыхаліся на хвалі лёгкім, лагодным рухам; паміж ветразяў штодзень апоўдні з’яўляўся вялікі шэры плюмаж дыму. Гэта параход з Нью-Ёрка вёз пасажыраў і тавары ў Аспінвол, цягнучы за сабой доўгі ўспенены шлейф.

З другога боку гаўбца бачыў Скавінскі як на далоні Аспінвол і яго рухлівы порт, і ў ім лес мачтаў, караблі і лодкі, а крыху далей — белыя дамкі і вежы горада. З вышыні маяка дамкі былі падобныя да гнёздаў чаек, лодкі — да жукоў, а людзі рухаліся як маленькія кропачкі па белым каменным бульварчыку. Зранку лёгкі ўсходні павеў прыносіў няпэўны шум людскога жыцця, што перакрываўся свістам параходаў. Апоўдні надыходзіў час сіесты. Рух у порце сцішаўся, чайкі хаваліся ў шчыліны скалаў, хвалі лянотна запавольваліся, а тым часам у гарадку, на моры і на маяку наступаў час цішыні. Залатыя пяскі, ад якіх адбіваліся хвалі, блішчэлі, як залатыя плямы на водных абшарах, а вежавы слуп цвёрда ўзвышаўся ў блакіце. Струмяні сонечных промняў ліліся з неба на ваду, на пяскі і на скалы.

У такія хвіліны старога агортвала немач, поўная слодычы. Ён адчуваў, што гэты адпачынак створаны менавіта для яго, і яму больш нічога не было патрэбна. Скавінскі наталяўся ўласным шчасцем, але чалавек хутка прызвычайваецца да лепшай долі, і паступова ён пачынаў у яе верыць і разважаў так: калі людзі будуюць дамы для калек, то чаму ж Богу ўрэшце не прыгарнуць свайго калеку? Час ішоў і пераконваў яго ў гэтым. Стары зжыўся з вежай, з маяком, з абрывам, з плыткімі месцамі і з адзінотай. Пазнаёміўся таксама з чайкамі, што гнездаваліся ў скальных шчылінах, а ўвечары ладзілі веча на даху маяка. Скавінскі звычайна кідаў ім рэшткі сваёй вячэры, так што птушкі хутка прызвычаіліся, і потым, калі гэта паўтаралася, то збіралася цэлая плойма белых крылаў, а стары хадзіў сярод птушак, як пастух сярод авечак. У часы адліву ён сыходзіў на нізкія, пясчаныя наносы, на якіх збіраў смачных слімакоў і пекныя ракавінкі з перлінамі, якія хваля пакінула на пяску. Уначы, пры святле месяца і маяка, ён хадзіў па рыбу, якая вадзілася ў залівах.

Урэшце ён палюбіў свае скалы і бяздрэўную выспачку, парослую толькі дробнымі тлустымі раслінкамі, з якіх сачылася ліпкая жывіца. Убоства выспачкі з лішкам кампенсавалася далёкімі краявідамі. Апоўдні, калі паветра рабілася цалкам празрыстым, было відаць усё Міжземнамор’е аж да Ціхага акіяну, пакрытае найбуйнейшай расліннасцю. Скавінскаму часам здавалася, што бачыць ён адзін агромністы сад. Пучкі какосавых пальмаў складаліся ў пышныя букеты тут жа, за дамамі Аспінвола. Далей, паміж Аспінволам і Панамай, быў відаць агромністы лес, над якім шторанку і штовечар навісала чырванаватае воблака выпарэнняў — сапраўдны субтрапічны лес, заліты стаячай вадой, аплецены ліянамі, шумеў сцяной пальмаў, ятрышнікаў, малочных, жалезных і гумовых дрэваў.

Праз свой тэлескоп стары мог разгледзець не толькі дрэвы, не толькі разложыстае лісце бананаў, але нават грамадкі малпаў, вялікіх марабу і чародкі папугаяў, што збіраліся часам як дажджавая хмара над лесам. Скавінскі ведаў зблізку падобныя лясы, калі пасля крушэння на Амазонцы блукаў тыднямі па падобных зялёных скляпеннях і гушчарах. Ведаў, што пад цудоўным, прыцягальным абліччам хаваецца небяспека і смерць. Пасярод ночы чуў блізкі замагільны рык ягуараў, бачыў вялікіх змеяў, што віселі на дрэвах накшталт ліянаў, ведаў пра сонныя лясныя азёры, у якіх вадзіліся скаты і кракадзілы. Ведаў, пад якім ярмом жыве чалавек у тых пушчах, дзе асобныя лісты могуць вытрываць яго дзесяцікротную вагу, дзе водзяцца крыважэрныя маскіты, драўнінныя п’яўкі і атрутныя павукі. Усё сам зазнаў, сам убачыў і сам перацярпеў; тым большай асалодай было глядзець з вышыні на гэтыя лясы, на іх прыгажосць, але быць ахаваным ад іх здрады.

Вежа абараняла яго ад усякага зла. Пакідаў яе ён вельмі рэдка раніцай у нядзелю. Апранаў тады вартавы гранатавы капот са срэбнымі гузікамі, на грудзі вешаў свае крыжы, і яго малочная галава падымалася з нейкай задуменнасцю, калі чуў каля выхаду з касцёла, як крэолы гутарылі паміж сабой: “Прыстойны ў нас дазорца маяка”. — “І не ерэтык, хаця і янкі!” Але адразу пасля імшы вяртаўся ён на выспу, і вяртаўся шчаслівы, бо не давяраў людзям. У нядзелю ён таксама чытаў гішпанскую газету, якую набываў у гарадку, ці нью-ёркскі “Геральд”, пазычаны ў Фалконбрыджа, і сквапна шукаў у іх навіны з Еўропы. Беднае старое сэрца! На гэтым маяку, на другім паўшар’і, білася яшчэ яно для роднага краю… Часам таксама, калі лодка, якая прывозіла яму штодзень прадукты і ваду, прыставала да выспачкі, сыходзіў ён з вежы пагутарыць з вартавым Джонсам. Але потым відавочна здзічэў. Перастаў бываць у горадзе, чытаць газеты і спускацца на палітычныя размовы з Джонсам. Міналі цэлыя тыдні, а ніхто яго не бачыў. Адзіным знакам, што стары яшчэ жывы, было знікненне прадуктаў, пакінутых на беразе, і святло маяка, што запальвалася штовечар з такой рэгулярнасцю, з якой сонца ўстае з вады ў тых краях. Відавочна, стары стаў абыякавы да свету. Прычынай таму не была настальгія, бо нават яна знікла ў поўным адчужэнні. Увесь свет для яго цяпер пачынаўся і заканчваўся на выспе. Ён ужо зжыўся з думкай, што не пакіне вежы да смерці, і папросту забыўся, што ёсць яшчэ нешта па-за ёй.

Лагодныя блакітныя яго вочы зрабіліся як вочы дзіцяці, замілаваныя далеччу. У доўгай адасобленасці, у надзвычай простым і вялікім атачэнні пачаў стары траціць пачуццё ўласнай своеасаблівасці, перастаў існаваць як асоба, а ўсё болей зліваўся з тым, што яго атачала. Ён не асэнсоўваў гэтага, толькі адчуваў, але ўрэшце здалося яму, што неба, вада, яго скала, вежа, залатыя пяскі, выдзьмутыя ветразі, чайкі, прылівы і адлівы — гэта нейкая вялікая еднасць і адзіная агромністая таямнічая душа, і ён сам занураецца ў гэтую таямніцу і адчувае гэтую жывую душу. Патануў, закалыхаўся, забыўся — і ў гэтым абмежаванні ўласнага своеасаблівага быцця, у гэтым напаўжыцці-напаўсне адшукаў спакой, падобны да напаўсмерці.


III

Але настала абуджэнне.

Аднаго разу, калі лодка прывезла ваду і запасы прадуктаў, Скавінскі сышоў з вежы і заўважыў, што, акрамя звыклага набору, ёсць яшчэ адзін пачак. На пакунку былі паштовыя маркі Злучаных Штатаў і выразны адрас “Skawiсski Esq.”, выпісаны на тоўстай парусіне. Стары зацікаўлена разрэзаў пакунак і пабачыў кнігі: узяў адну, перагарнуў, рукі пачалі моцна дрыжаць. Паднёс да вачэй у паняверцы, здалося яму, што сніць — кніжка была польская. Што гэта значыць? Хто мог даслаць яму кнігу? Забыўся, вядома, што яшчэ ў пачатку сваёй працы дазорцам маяка прачытаў у “Геральдзе” пра ўтварэнне Польскага таварыства ў Нью-Ёрку і што неяк даслаў таварыству палову сваёй месячнай пенсіі, якую, зрэшты, не меў куды траціць на вежы. Таварыства на знак падзякі даслала кнігі. Усё гэта было натуральна, але ў першую хвіліну стары не мог гэтага ўсвядоміць. Польскія кнігі ў Аспінволе, на яго вежы, у адзіноце, былі для яго нейкім дзівам, подыхам даўніх часоў, цудам. Яму падалося, як тым матросам сярод ночы, што нешта паклікала яго па імені ўлюбёным, даўно забытым голасам. Праседзеў нейкі час з заплюшчанымі вачыма і быў пэўны, што калі іх расплюшчыць, сон знікне. Не! Раскрыты пакунак ляжаў перад ім, асветлены бляскам вечаровага сонца, а на ім — разгорнутая кніга. Калі стары зноў працягнуў да яе руку, то пачуў у цішыні біццё ўласнага сэрца. Зірнуў: вершы. Зверху тытульнага аркуша быў выпісаны вялікімі літарамі назоў, ніжэй было імя аўтара. Імя Скавінскаму было знаёмае: ведаў, што належыць яно вялікаму паэту, чые вершы ён нават чытаў у трыццатыя гады ў Парыжы. Потым, змагаючыся ў Алжыры і ў Гішпаніі, чуў ад землякоў пра вялікі талент і папулярнасць

Скачать:PDFTXT

верставыя хвалі выплывалі з цемры і разбіваліся аб падножжа выспы, і паказваліся іх успененыя грэбні, азораныя ружовым святлом маяка. Прыліў мацнеў і заліваў пясчаныя косы. Таямнічая мова акіяну з надыходам